Амаль па 20 кілаграмаў малака з каровы: маленькія сакрэты жывёлаводаў комплекса «Любішына»

Аграрный сектор Актуальное

Амаль па 20 кілаграмаў малака ў сярэднім ад каровы атрымліваюць сёння жывёлаводы малочнатаварнага комплекса “Любішына” эксперыментальнай базы “Натальеўск”. Гэта – лепшая прадукцыйнасць дойнага статка сярод сельгаспрадпрыемстваў Чэрвеншчыны. Таму невыпадкова, што звяно мясцовых аператараў машыннага даення ў складзе Раісы Варанковай, Алесі Кулага, Валянціны Лучонак, Жанны Міхайлоўскай, Алены Паўлішынай і Валянціны Калтовіч сёлета выйшла пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці АПК.

– Цяперашні ўзровень надояў – найвышэйшы з часу ўводу комплексу ў эксплуатацыю, – гаворыць намеснік дырэктара гаспадаркі па жывёлагадоўлі Сяргей Галец. – Гэтаму, у прыватнасці, спрыяе трывалая кармавая база, забяспечанасць у неабходным аб’ёме вітамінна-мінеральнымі дабаўкамі. На павелічэнне прадукцыйнасці дойнага статка паўплывала і тое, што сёлета мы цалкам адмовіліся ад частковага выпасвання кароў у летні перыяд. Перавод жывёлы на круглагадовае стойлавае ўтрыманне станоўча адбіўся на надоях як у цэлым па гаспадарцы, так і на комплексе “Любішына”, дзе валавая вытворчасць малака і, адпаведна, яго рэалізацыя павялічыліся ў параўнанні з мінулым годам амаль напалову.

Але гэта, як распавёў Сяргей Галец, далёка не ўсе складнікі поспеху. Да іх, напрыклад, можна далучыць сістэму відэаназірання, якую ўстанавілі на комплексе для больш эфектыўнага кантролю за вытворчым працэсам. Акрамя таго, што камеры ў памяшканнях дадаткова дысцыплінуюць жывёлаводаў, у спецыялістаў ёсць магчымасць аператыўна выяўляць і ўхіляць магчымыя парушэнні тэхналогіі.

Ну і, канешне ж, аснова, на якой грунтуецца стабільная праца комплексу, гэта яго калектыў. За плячыма кожнага з васьмі аператараў машыннага даення – дзясяткі гадоў шчыравання ў малочнай вытворчасці. Узначальвае комплекс малады брыгадзір Яўген Каражан. Будаўнік па адукацыі, ён два гады таму адгукнуўся на даволі нечаканую прапанову кіраўніцтва гаспадаркі і за непрацяглы час пры падтрымцы вопытных спецыялістаў заатэхнічнай галіны паспяхова асвоіў новую прафесію…

Нароўні з колькасцю малака, тут штодзённую ўвагу надаюць яго якасці. Як вынік, уся прадукцыя комплексу рэалізоўваецца перапрацоўшчыкам гатункам “Экстра”. З улікам розніцы ў закупачным кошце паміж ім і вышэйшым гатункам, кожная тона малака дае дадатковыя 200 рублёў грашовай выручкі.

Асноўным рэзервам для далейшага павелічэння вытворчасці на комплексе “Любішына” Сяргей Галец называе ўдасканальванне працы па ўзнаўленню статка.
– Зараз маем выхад цялят на сто кароў 76 працэнтаў. – кажа ён. – Давядзенне гэтага паказчыка хаця б да 85 працэнтаў дасць магчымасць атрымліваць штодня яшчэ на паўтары-дзве тоны малака больш.

Ігар Адамовіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *