«Аграбуд» трымае марку

Аграрный сектор Важное

Сельскагаспадарчы вытворчы філіял “Аграбуд” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскжалезабетон” – адзін з прызнаных лідараў у раслінаводстве на Чэрвеншчыне. Вось і сёлета тут, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, атрымалі самую высокую ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур – 35 цэнтнераў з гектара. Ды і ў цэлым калектыў гаспадаркі падышоў да прафесійнага свята з неблагімі набыткамі.

Распавядае дырэктар СВФ “Аграбуд” Арцём АНЦІФЕЕЎ:

– Вынікі гэтага года ў раслінаводстве можна ацэньваць па-рознаму. З аднаго боку, разлічвалі атрымаць з гектара па 50 цэнтнераў збожжа. Менавіта пад такую ўраджайнасць выдаткоўвалі мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін. А ў выніку засуха нанесла вялікі ўрон. Але, з іншага боку, калі б не зрабілі ўсё, чаго патрабавала тэхналогія, не атрымалі б і таго, што маем.

Дзякуй Богу, кукуруза на зерне сёлета не падвяла, апраўдала выдаткі. Гэта дало магчымасць кампенсаваць недабор фуражнага збожжа, які ўтварыўся пасля рэалізацыі ў лік дзяржзаказу 1700 тон пшаніцы.

450 тон зерня кукурузы закансервавалі па новай тэхналогіі, метадам плюшчэння з закладкай у поліэтыленавыя рукавы. Яшчэ 300 тон можна будзе прадаць, а выручаныя грошы ўкласці ў тыя ж мінеральныя ўгнаенні пад новы ўраджай. Бо ад планаў атрымаць 50 цэнтнераў збожжа з гектара мы не адмаўляемся.

Ёсць набыткі і ў жывёлагадоўлі. За 10 месяцаў тэмп росту па вытворчасці малака склаў 107 працэнтаў. Калі за мінулы год мы ў сярэднім ад каровы атрымалі яго 4 тысячы 900 кілаграмаў, то сёлета ўжо 5 тысяч 200 кілаграмаў. Што да рэалізацыі малака, то столькі яго “Аграбуд” яшчэ не прадаваў ніколі. Малочная вытворчасць у нас рэнтабельная, каля 60 працэнтаў прадукцыі ідзе на перапрацоўку гатункам “Экстра”.

Далейшыя перспектывы развіцця галіны жывёлагадоўлі бачацца ва ўдасканаленні тэхналогіі ўзнаўлення дойнага статка. Будзем працаваць і над паляпшэннем кармавой базы. Нарыхтоўваць кармы ў дастатковай колькасці мы навучыліся. А вось якасць трэба падцягваць за кошт скошвання траў у той фазе росту, калі яны маюць найбольшую спажыўнасць…

Па добрай традыцыі, у пярэдадзень прафесійнага свята мы наладзілі ўрачыстасць, на якой уручылі заслужаныя ўзнагароды лепшым работнікам, падзякавалі кожнаму рупліўцу.
Віншую калектыў сельгасфіліяла, нашых шаноўных ветэранаў, усіх жыхароў раёна, якія шчыруюць на зямлі, з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі. Маё вам шанаванне за нялёгкую, але высакародную працу. Шчасця, дабрабыту, выдатнага настрою ў кожны дом!

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *