Напярэдадні Дня Маці карэспандэнт газеты наведала дзве шматдзетныя сям’і.

Актуальное Люди и судьбы

Цікава, што яны вельмі падобныя: маюць па пяцёра дзяцей — па два хлопчыкі і па тры дзяўчынкі. Нават і таты аднаго ўзросту. А самае галоўнае – гэта аднолькавае адказнае стаўленне да сям’і і выхавання дзяцей. Людзі, якія маюць адно дзіця, часта скардзяцца, што стамляюцца ад клопатаў. Ім здаецца, што бацькі пяцёх дзяцей павінны і стамляцца разоў у пяць болей. Але гэта зусім не так… 

У сям’і Сяргея і Наталлі Вахціных з вёскі Заполле старэйшыя дзеці – школьнікі, таму пашчасціла ўсю сям’ю разам застаць дома. Першая сарамлівасць ад сустрэчы з незнаёмым чалавекам – журналістам пераадолена – і дзеці з задавальненнем расказваюць пра свае захапленні і поспехі. 

Самая старэйшая дачка – Вікторыя. Яна паспела ўжо скончыць музычную школу па класу скрыпкі. Таленавітая і здольная дзяўчына спраўлялася і ў музычнай, і ў агульнаадукацыйнай школе вучыцца добра. У мінулым годзе стала прызёрам першага этапу рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі і па працоўнаму навучанню. Асабліва падабаецца вывучаць англійскую мову, наведвае факультатыў.

Браты Аляксандр і Дзмітрый таксама ўпадабалі музыку. Саша асвойвае піяніна, Дзіма – акардэон. Яны нават прадэманстравалі свае ўменні – выканалі невялічкія п’есы. Шасцігадовая Святлана не адстае ад сястры і братоў — таксама спасцігае азы ігры на піяніна. Самая маленькая Галінка, якой толькі годзік і 9 месяцаў, пяшчотна прытулілася да бацькоў. У яе пакуль захапленняў няма. Саша склаў верш пра сваю сям’ю, яго нават у часопісе “Мая сям’я” надрукавалі. Сэнс яго ў тым, што ўсе праблемы заканчваюцца, калі мама побач…

Прыціхлі дзеці, калі пачаў расповед бацька. Родам ён з Віцебшчыны, з азёрнага Браслаўскага краю. Пасля заканчэння сельгасінстытута быў накіраваны на работу ў суседні Пухавіцкі раён. Працаваў заатэхнікам. З 2012 года сям’я пераехала ў ААТ “Запольскае” – тут прапанавалі пасаду намесніка дырэктара гаспадаркі па жывёлагадоўлі. Ды і Наталлі была работа, яна ветурач. Сям’і выдзелілі дом. Зараз гаспадар працуе вядучым заатэхнікам у машынна-выпрабавальнай станцыі. Хочацца яму мець уласнае жыллё. Па праграме яго будаўніцтва для шматдзетных сем’яў Вахціны атрымаюць кватэру ў Смілавічах.

“Многа нас і гэта – здорава! – сказаў Сяргей. — Захапленні агульныя такія – любім вандраваць. На сваёй машыне ў выхадныя мы часта ездзім у Мінск: у заапарк, парк Горкага і Чалюскінцаў. Дзецям падабаецца назіраць за жывёламі, ды і на атракцыёнах розных пакатацца. Наведваем сваіх бацькоў – ў Нясвіжы жывуць бацькі Наталлі і на Браслаўшчыне жыве мая мама. Усёй сям’ёй едзілі на Чорнае мора ў Адэсу, удваіх з жонкай – у Санкт-Пецярбург…”

Вікторыя — першая памочніца маці. Усё ўмее рабіць па хатняй гаспадарцы: і гатаваць, і прыбіраць, і з малодшымі сястрычкамі пагуляць. Прывучае Сяргей Генадзьевіч сваіх сыноў да мужчынскай работы. Яны і з дровамі ўмеюць упраўляцца, і жывёлу пакарміць.

Ганарацца дзеці бацькам, нават і Граматы яго за добрасумленную працу прадэманстравалі. А той шмат часу праводзіць з дзецьмі, таму і закінуў свой любімы занятак – паляванне.

Наталля і Сяргей нарадзіліся ў шматдзетных сем’ях. Таму, напэўна і самі вырашылі мець вялікую сям’ю. Яны ўпэўнены – дзеці ў такой сям’і вырастаюць больш падрыхтаванымі да самастойнага жыцця і заўсёды прыйдуць адзін аднаму пры неабходнасці на дапамогу.

Больш за ўсё падабаецца дзецям святкаванне Дзён нараджэння. Рыхтуюцца падарункі, складаецца цэлая святочная праграма. Уся сям’я збіраецца за накрытым сталом і абавязкова спявае. А як жа без такой вясёлай песні, як “Пусть бегут неуклюже…” абысціся?..

Ганчарыкі

А ў сям’і Ганчарыкаў – Віктара і Таццяны з вёскі Рудня дома былі толькі малодшыя дзеці – Улад і Даша, якія прыйшлі са школы і маленькая трохгадовая Лерачка .

Малышка аказалася кампанейскай дзяўчынкай: не засаромелася незнаёмага чалавека, дазволіла нават сябе на рукі ўзяць і адразу расказала пра тое, што ўмее. А ўмее яна пакрысе маляваць, паказала малюнкі свае, якія сястра Даша, трэццякласніца, назвала “калякі-малякі”. Сама ж маленькая мастачка так не думае: гэта ў яе намаляваны воблачкі і сонца, кветачкі і дрэўцы. Хіба ж не бачна?

Даша, акрамя таго, што добра вучыцца, займаецца яшчэ ў гуртку “Умелыя рукі” у Руднянскім сельскім Доме культуры. Яна навучылася ўжо ствараць самыя разнастайныя вырабы з паперы і кардону.
Дзесяцігадовы Улад цікавіцца здаровым ладам жыцця і правіламі бяспекі, наведвае гурткі. Ён разумее, што мужчына павінен быць здаровым, моцным і нічога не баяцца ў жыцці як і яго тата. І таксама, як і Лерачка, любіць маляваць.

Пакуль гутарыла з дзецьмі, з работы прыйшоў бацька. Ён – мясцовы. Нарадзіўся ў вёсцы Уборкі. Там і працаваў трактарыстам, пакуль у войска не пайшоў. А пасля службы працаваў ў Зялёным Боры ў Смалявіцкім раёне. Таццяна родам з Уздзеншчыны, з вёскі Валок. Пазней яе сям’я пераехала ў вёску Кляннік Смалявіцкага раёна. Там і напаткаў сваё шчасце Віктар.

Ездзіў на работу на матацыкле. Праязджаў праз Кляннік – дарога да дому праз яго была карацей. Аднойчы ўбачыў на лавачцы разам з дзяўчатамі прыгажуню Таццяну. Падумалася, вось бы пазнаёміцца. Неяк набраўся храбрасці і падышоў да яе… Вось ужо 23 гады разам. Як раз на Дзень Маці будзе…

Працаваў пазней Віктар у Рудні ў гаспадарцы трактарыстам. Неўзабаве па стану здароўя давялося змяніць работу на больш лёгкую. Зараз працуе ў лясніцтве. Яго захапленне – тэхніка. Таму і старэйшы сын Андрэй таксама аддае ёй перавагу. Андрэй скончыў Смалявіцкі сельскагаспадарчы ліцэй. Бацькі захоўваюць Удзячны ліст ад адміністрацыі ліцэя за добрае выхаванне сына.

Ёсць у іх Падзяка і ад камандавання Гродненскай пагранічнай вайсковай часці, дзе хлопец праходзіў тэрміновую службу. Андрэй затрымаў парушальнікаў дзяржаўнай мяжы і за гэта быў заахвочаны нечарговым водпускам дамоў. У маі ён вярнуўся з войска. Працуе зараз на сучасным трактары з маніпулятарам у прыватніка на нарыхтоўцы драўніны. Запрашалі яго на работу ў Дэпартамент аховы. Сказаў – не маё. А вось з матацыкламі, машынамі, трактарам, можа вазіцца цэлымі днямі…
Першай у сям’і нарадзілася дачка Вераніка. Зараз ёй 22 гады. Яна – настаўніца англійскай мовы. Нядаўна выйшла замуж .

“У шматдзетнай сям’і сур’ёзная дапамога дзяцей маці проста неабходна, — так лічыць бацька, які сам дапамагае жонцы ва ўсім і ўключае ў хатнія справы дзяцей.

— Гэтыя справы робяць сям’ю больш моцнай. Да таго ж, тыя навыкі, якія дзеці атрымліваюць у сям’і, дапамагаючы маці па гаспадарцы, вельмі патрэбныя ў далейшым самастойным жыцці”. Такое меркаванне ўзнікла ў Віктара невыпадкова: ён сам са шматдзетнай сям’і. Усе хатнія справы там ніхто не дзяліў на мужчынскія і жаночыя.

Ён з маленства ўмеў і посуд памыць, і бялізну, і ежу згатаваць… Дапамагаў сястры гадаваць маленькага пляменніка — так што да моманту асабістай жаніцьбы ён быў добра падрыхтаваны ў плане выхавання дзяцей.

Таццяна таксама са шматдзетнай сям’і. Толькі ёй самой не давялося гадаваць сваіх братоў і сясцёр – яна была малодшай, таму і навыкаў выхавання немаўлят у яе не было. Затое быў побач муж – надзейная апора ва ўсім. Ды і старэйшы ён за юную жонку на сем гадоў.

Зараз маці працуе на Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыцы. Раней працавала поварам у школе. Па ўсяму відаць – у доме добрая гаспадыня.

“Суседзі ў нас вельмі добрыя, — гаворыць Таццяна. — Адна сям’я таксама шматдзетная, у другой – шмат унукаў. Дык яны ўсе разам гуляюць, летам не загнаць дамоў…”

З радасцю сустракаюць малыя з работы старэйшага брата Андрэя і чакаюць прыезду сястры Веранікі з мужам…
***
Немагчыма апісаць тую радасць, якая свеціцца ў вачах жанчын з гэтых дзвюх шматдзетных сем’яў, калі яны распавядаюць пра сваіх дзяцей. Для іх з’яўленне кожнага дзіцяці на свет – гэта набыццё ў жыцці новага сэнсу. Складанасцей, канешне, не пазбегнуць, але яны бываюць у сем’ях і з адным дзіцем, і з двума, і з пяццю. Але, калі сям’я хоча мець шмат дзяцей, — абавязкова справіцца з усімі цяжкасцямі…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *