Чэрвень сустрэў Дзень Незалежнасці

Год малой радзімы

Дождж не змог азмрочыць святочны настрой чэрвеньцаў у галоўны для кожнага беларуса дзень – Дзень Незалежнасці. Урачыстыя мерапрыемствы ў лесапарку “Загор’е” пачаліся з ушанавання жыхароў раёна, якія вызначыліся значнымі дасягненнямі ў рабоце, актыўнай жыццёвай пазіцыяй, добрасумленнымі адносінамі да працы. Вітаючы жыхароў раёна і гасцей свята старшыня раённага выканаўчага камітэта Віталь Мікалаевіч Казлоў сказаў, што памяць аб гераічным мінулым дапамагае сучаснікам пераадольваць цяжкасці і ўпэўнена крочыць далей.

— Прыемна   адзначыць, што эканоміка раёна развіваецца дынамічна. Вырас аб’ём экспарту тавараў і паслуг, аб’ём прамысловай вытворчасці. Прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу павялічваюць аб’ём валавай прадукцыі. Па тэмпу роста раён займае чацвёртае месца ў вобласці.

Чэрвеньскі раён стаў пераможцам у рэспубліканскім спаборніцтве ў намінацыі  “За дасягненне  лепшых вынікаў па эканоміі   рэсурсаў сярод раёнаў за 2017 год”. Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “ВерасокЭліт” стала пераможцам гэтага конкурсу ў намінацыі “За дасягненне  лепшых вынікаў па эканоміі рэсурсаў сярод арганізацый гандлю”.

Поспехі нашых землякоў годна ацэнены на самым высокім узроўні. Дырэктару Чэрвеньскага лясгаса Андрэю Галкоўскаму прысвоена высокае званне “Чалавек года Міншчыны”. У намінацыі “Мацярынская слава” Валянціна Эдуардаўна Навіцкая, маці касманаўта Алега Навіцкага,  названа “Жанчынай года Міншчыны”. Радуюць поспехамі маладыя людзі Чэрвеншчыны. Паспяхова пачаўся сёлетні год для нашых спартсменаў. Годна выступаюць творчыя калектывы раёна на шматлікіх конкурсах і фестывалях.

 У раёна ёсць вялікі патэнцыял для развіцця і росквіту. 

 Падзякі старшыні Мінскага аблвыканкама ўдастоена дырэктар Чэрвеньскай друкарні Івана Прыступа, Ганаровай граматы раённага выканаўчага камітэта – дырэктар смілавіцкага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна Ала Лаўрыновіч, Падзякі старшыні райвыканкама — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Лідзія Шчацінка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Віталь Труш, педагогі дадатковай адукацыі смілавіцкага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна Аксана Капская і Ірына Пазняк. Лістамі Падзякі раённага выканаўчага камітэта адзначаны настаўнік СШ№2 г.п.Смілавічы Вячаслаў Марціновіч, настаўнік Раваніцкага дзіцяга сада – сярэдняй школы Мікалай Талкачоў, бухгалтар ААТ “Раванічы” Алеся Бутыла і настаўніца СШ№3 г.Чэрвеня Людміла Кацько.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка ўручыў Ганаровыя граматы Мінскага абласнога Савета дэпутатаў намесніку старшыні райвыканкама Але Шахоцька, галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагтчнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марыне Патапенка і Віталю Трушу, Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў — галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алене Канстанціновіч і Іване Прыступе.

Пасля афіцыйнай часткі распачалася канцэртная праграма з удзелам артыстаў раённых устаноў культуры. Добрым падарункам для чэрвеньцаў стала выступленне Ганаровага артыста Беларусі Аляксандра Саладухі.

 

Вакол амфітэатра разгарнуліся народныя гулянні на шматлікіх пляцоўках, працавалі гандлёвыя кропкі. Дзеці і дарослыя дэманстравалі свой спрыт у рыцарскім лагеры, фатаграфаваліся з жывымі грэчаскімі статуямі.

Каля фізкультурна-аздараўленчага комлекса “Ігумен” усе жадаючыя маглі паспрабаваць сябе ў картынгу, побач разгарнулася выстава сельскагаспадарчай тэхнікі.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *