Малады спецыяліст Вольга Пацягевіч

Здоровье

Яна першы год працуе загадчыкам Руднянскай урачэбнай амбулаторыі. І хаця медыкаў ў сям”і не было, пасля заканчэння школы свядома вырашыла звязаць свой лёс з медыцынай.

Вучылася па мэтаваму накіраванню ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце на лячэбным факультэце. Інтэрнатуру праходзіла ў Чэрвеньскай раённай бальніцы. Сюды ж атрымала накіраванне на работу.
– Менавіта тут, у раёне, атрымала самую добрую практыку,— распавядае Вольга Міхайлаўна. – Даводзілася аказваць экстранную дапамогу, праводзім дыспансерызацыю насельніцтва, лечым самыя распаўсюджаныя захворванні: павышаны ціск, прастудныя захворванні, інфекцыйныя, сардэчныя і іншыя. Вялікую ўвагу надаём прафілактычнай рабоце. Гэта агляды насельніцтва, стараемся як мага болей ахапіць людзей дыспансерызацыяй.
Зона абслугоўвання Руднянскай амбулаторыі 18 вёсак, радыус – 14 кіламетраў, 28 кіламетраў да раённай бальніцы. Пражывае 1837 чалавек, пераважна людзі сталага ўзросту. Моладзі штогод становіцца меней. Дзяцей – 257 чалавек, ва ўзросце да аднаго года – 12.
У амбулаторыі працуюць кабінеты: урача агульнай практыкі, стаматолага, працэдурны, лабараторыя, кабінет акушэркі.
Калектыў невялікі, ён склаўся яшчэ падчас работы добра вядомага ў раёне ўрача Валянціны Іванаўны Карпаевай. Гэта фельчар Вольга Мікалаеўна Ляпёшка, загадчык гаспадаркі Алена Яўгенаўна Малец (стаж яе работы больш за сорак гадоў), фельчар-лабарант Яніна Станіславаўна Жыгімонт, малады спецыяліст зубны фельчар Галіна Сяргееўна Кандыба. Па сумяшчальніцтву працуе медсястра Нона Васільеўна Матусевіч. Падпарадкоўваецца амбулаторыі фельчарска-акушэрскі пункт у вёсцы Новыя Зелянкі, які абслугоўвае 693 челавекі.
Нядаўна ў амбулаторыі зрабілі добры рамонт: поўнасцю памянялі падлогу, пафарбавалі сцены, зрабілі ганак з пандусам і поручнямі.
— Дзякуй галоўнаму ўрачу, ён клапоціцца не толькі пра пацыентаў, але і пра нас, каб было камфортна працаваць. Для гэтага ёсць усе ўмовы, — гаворыць Вольга Міхайлаўна. — Нам закупілі абсталяванне, якое дае магчымасць выяўляць паталогіі вуха, вока, аказваць дапамогу пацыентам, якія звярнуліся з траўмамі такога характару, праводзім неўралагічныя абследаванні.
Галоўны ўрач клапоціцца таксама і аб павышэнні прафесіяналізму маладых спецыялістаў. Мы ўдзельнічаем у розных семінарах, канферэнцыях, вучымся на курсах ўдасканалення, пасля якіх ёсць магчымасць атрымаць катэгорыю. А гэта і прыбаўка да заробку. Два тыдні назад я вярнулася з курсаў. Рыхтую дакументы на здачу экзамена на катэгорыю.
Нядаўна Вольга Міхайлаўна выйшла замуж. Муж Дзмітрый па прафесіі праграміст. Ён працуе ў Мінску. Сям’і прадаставілі жыллё – двухпакаёвую кватэру. Будзем спадзявацца, што малады доктар застанецца працаваць на сваей радзіме і прынясе немалую карысць сваім землякам.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *