У цэнтры ўвагі — добраўпарадкаванне Смілавіч

Местная власть

Старшыня райвыканкама Віталь Казлоў і яго намеснікі сумесна са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Лойка правялі ў Смілавічах рабочую сустрэчу з кіраўніцтвам сельвыканкамаў і службаў раёна. На павестцы быў шырокі спектр пытанняў, якія тычацца навядзення парадку на тэрыторыі гарадскога пасёлка: грэйдзіраванне, асфальтаванне і падсыпка дарог, уладкаванне дарожных і тратуарных бардзюраў, ліквідацыя стыхійных звалак, знос старых будынкаў, добраўпарадкаванне месцаў адпачынку і інш.

Адна з агучаных праблем – несанкцыянаваны гандаль, пераважна продаж на абочынах дарог сельскагаспадарчай прадукцыі. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Алены Шлома, якая курыруе пытанні эканомікі, у мінулую суботу ў Смілавічах выяўлена 25 нелегальных гандляроў, каля паловы якіх былі не з мясцовай прапіскай. Змагаюцца з нелегаламі рэйдамі ў пікавыя дні гандлю – у пятніцу і выхадныя дні. Аднак дзеючыя штрафныя санкцыі (да 73,5 рублёў) значнага эфекту не даюць – стыхійны рынак каля дарогі не знікае. Старшыня райвыканкама даручыў падрыхтаваць прапановы па ўпарадкаванні гандлю.

На сустрэчы абмеркавалі таксама працу ЖКГ у гарадскім пасёлку. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка ахарактарызаваў яе як недастатковую з-за недахопу работнікаў на ўчастку «Смілавічы». Чэрвеньскай ЖКГ, акрамя іншага, рэкамендавалі перагледзець графік вывазу камунальных бытавых адходаў з кантэйнерных пляцовак, зыходзячы з тэхнічных магчымасцяў прадпрыемства.

Па кожнаму пытанню адпаведным службам дадзены даручэнні і вызначаны тэрміны выканання. Падобныя рабочыя сустрэчы на базе Смілавіцкага сельвыканкама стануць рэгулярнымі.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *