Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін Пузанкоў: «Наперадзе — шмат працы»

Благоустройство Год малой радзімы

Чэрвеньскі райвыканкам зацвердзіў план мерапрыемстваў па навядзенню ў 2018 годзе парадку на зямлі і добраўпарадкаванню тэрыторый населеных пунктаў раёна. Аб найбольш значных з іх распавёў “Раённаму весніку” начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін ПУЗАНКОЎ.

– Згаданым рашэннем устаноўлена, што кожная пятніца з’яўляецца ў раёне санітарным днём па навядзенню парадку ў населеных пунктах.
План мерапрыемстваў, у прыватнасці, прадугледжвае рамонт у красавіку-маі трынаццаці спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак на дваровых тэрыторыях пры шматпавярховай жылой забудове, высадку дрэў і кустоў на агульнай плошчы 0,37 гектара, рамонт 20 кантэйнерных пляцовак для збору адыходаў і 0,72 тысячы квадратных метраў вулічна-дарожнай сеткі, догляд за 4,62 гектара газонаў, знос 45 закінутых дамоў.
Плануецца адрамантаваць агароджы малочнатаварных фермаў у ААТ “Валевачы”, “Запольскае” і “Лядзенскі”, гноесховішча ў ААТ “Запольскае”. У СВФ “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон” будзе выкананы тампанаж водазабору артэзіянскай свідравіны, якая не выкарыстоўваецца.
Сёлета будзе прадоўжана праца па рэгуляванню распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага. Работы па барацьбе з гэтай шкоднай раслінай ахопяць тэрыторыю агульнай плошчай больш за 3,3 гектара на землях агульнага карыстання населеных пунктаў, сельскагаспадарчых аб’ектах, прыдарожных палосах, а таксама ў лясным фондзе. Пераважную большасць участкаў, дзе расце баршчэўнік, плануецца апрацаваць хімічным спосабам. На гэтыя мэты выдаткавана 3600 рублёў бюджэтных сродкаў.
Да пачатку купальнага сезону будуць прыведзены ў належны стан зоны адпачынку на водных аб’ектах – пляжы на Натальеўскім возеры і ў санаторыі “Волма”, месца купання на рацэ Волма ў Смілавічах.
Для падтрымання ў парадку месцаў пахавання сёлета плануецца адрамантаваць на могілках чатыры агароджы (у Руднянскім, Валевачоўскім і Раваніцкім сельсаветах), абсталяваць тры кантэйнерныя пляцоўкі, устанавіць сем кантэйнераў для збору адыходаў.
Таксама прадугледжваецца рэканструяваць два ўчасткі меліярацыйных сістэм агульнай плошчай 312 гектараў, ачысціць ад глею 20 кіламетраў і ад драўняна-хмызняковай расліннасці 24 кіламетры меліярацыйных каналаў. Запланавана ўвесці 15,2 гектара зямель пад драўняна-хмызняковай расліннасцю ў сельскагаспадарчы абарот і 92 гектары – у лесагаспадарчы абарот.
Акрамя таго, планам прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на добраўпарадкаванне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і вайсковай славы, пахаванняў воінаў і партызанаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама – на падтрыманне ў належным стане тэрыторый і аб’ектаў уздоўж аўтамабільных дарог, у лясным фондзе, садаводчых таварыствах і гаражных кааператывах, на прадухіленне дэградацыі і павышэнне ўрадлівасці глебы.
У адпаведнасці з рашэннем райвыканкама, якім зацверджаны план мерапрыемстваў па навядзенню ў 2018 годзе парадку на зямлі і добраўпарадкаванню тэрыторый населеных пунктаў раёна, наша інспекцыя, Чэрвеньскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, райсельгасхарч, Чэрвеньскі лясгас, землеўпарадкавальная служба, аддзелы архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, РАУС, сельвыканкамы будуць ажыццяўляць штомесячны маніторынг адміністрацыйных тэрыторый з мэтай выяўлення фактаў несанкцыянаванага размяшчэння адыходаў, несвоечасовага скошвання пустазелля, невыкарыстання, самавольнага заняцця зямельных участкаў, псавання зямель, самавольнага карыстання нетрамі і прымаць адпаведныя меры па ліквідацыі парушэнняў і недахопаў.

Занатаваў Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *