У ПОЛЕ — З БЛАГАСЛАВЕННЕМ І ПЕСНЯМІ!

Аграрный сектор

Па добрай традыцыі, якая існуе ўжо некалькі гадоў у ААТ «Крыніца Ігуменшчыны», перад выхадам у поле на сяўбу ці жніво хлебаробы атрымліваюць Божае благаславенне. Вось і заўчора за добры ўраджай і спрыяльнае надвор»е, здароўе і добрасумленную працу  правёў малебен іерэй Генадзій, настаяцель прыхода Успення Прасвятой  Багародзіцы ў в.Рудня. Разам са сваім маладым памочнікам ён асвяціў механізатараў, тэхніку, пажадаў удачы і сонечных дзён падчас уборкі. Бы пачуўшы гэтае блаславенне, сонейка імгненна выглянула з-за хмар, якія ў той дзень  раз-пораз сыпалі дробным дажджом на зямлю, і красавалася ў небе на працягу ўсяго мерапрыемства. Гэта надавала ўсім прысутным добры настрой. А яшчэ — песні ў выкананні самадзейных артыстаў Грабёнскага сельскага Дома культуры, якія сваімі спевамі натхнялі людзей, ад умення і апантанасці якіх у значнай ступені залежыць увесь ход жніва.

Сёлета хлебаробам  гаспадаркі неабходна ўбраць 260 гектараў рапсу, 1160 — зерневых і зернебабовых, 99 — кукурузы на зерне. Па словах галоўнага агранома Аляксандра Фурса, ураджайнасць усіх культур у гэтым годзе чакаецца  большая, чым летась, бо дакладна быў вытрыманы ўвесь тэхналагічны працэс іх пасеву і апрацоўкі. На ўборцы задзейнічаны 6 экіпажаў і 5 адзінак тэхнікі, а зернесушыльны комплекс пачаў ужо прымаць першыя тоны насення рапсу.

Людміла РАБЕЦКАЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *