Сапфіравае вяселле адзначаюць Ала Віктараўна і Мікалай Іванавіч Марозавы

Люди и судьбы

45 гадоў крочаць яны разам па жыцці. Пачаўся іх вялікі сумесны шлях у 1972 годзе акурат перад Навагоднім святам.

…Юная 19-гадовая нявеста чакала свайго жаніха разам з сяброўкамі, каб адправіцца ў ЗАГС. Час замарудзіўся… А жаніха ўсё няма… Ужо і думка з’явілася – мо не хоча жаніцца… Сэрца трывожна білася ў грудзях…
Раптам дзверы расчыніліся і ў хату ўваліліся хлопцы. Наперадзе – ён… Прыгожы, расчырванелы (як высветлілася, парыліся хлопцы ў лазні) ад пару і ад марозу… Прыехалі на “Волзе”, на адной машыне, а ўсіх – сем чалавек. Так і паехалі ў ЗАГС адной кампаніяй… Пазней здзіўляліся, як ўлезлі ўсе ў тую “Волгу”…
— Сорак пяць гадоў праляцелі, як адно імгненне, — прыгадвае сёння Мікалай Іванавіч. – З такой жонкай, як мая Ала, жыў бы ды жыў яшчэ шмат гадоў…
Убачыў ён сваю выбранніцу ўпершыню ў 1969 годзе, калі прыязджаў з войска падчас тэрміновай службы на флоце ў адпачынак. Ала ячшэ школьніцай была. Толькі позіркамі сустрэліся – і ўсё. Ёкнула нешта ў сэрцы Мікалая, падалося, што і ён дзяўчыну зацікавіў. Зразумелі адбодва, што спадабаліся адзін аднаму. Вось яно – каханне з першага позірку…
…Ала гадавалася ў простай працавітай сям’і. Бацька, Віктар Анісімавіч Падаляка, — ветэран вайны і працы. Быў бондарам, потым майстрам у дрэваапрацоўчым камбінаце. Бочкі рабіў адмысловыя, карыстаўся павагай у людзей. Мама, Марыя Іванаўна, хварэла на парок сэрца. Дачка хацела, скончыўшы школу, вывучыцца на медсястру, але мама параіла ёй ісці вучыцца на повара. Згадзілася. Вывучылася, атрымала прафесію. Крыху папрацавала, а як замуж выйшла, дзеці нарадзіліся, па гэтай спецыяльнасці больш і не працавала…
Мікалай нарадзіўся ў 1948 годзе на Чарнігаўшчыне ва Украіне. Яго бацька пайшоў служыць у войска, калі малому было ўсяго 8 месяцаў. Дамоў пасля службы ён так і не вярнуўся… Мама, Ксенія Сяргееўна, гадавала сына адна. Нагараваліся з ёй удваіх…
Скончыў Мікалай восем класаў на «выдатна». Што далей рабіць? Знаёмыя запрасілі ў Яраслаўль. Паехаў, уладкаваўся там на маторны завод. З 1965 па 1967 год працаваў на заводзе. Адтуль ў 1967-м пайшоў у войска. Адразу сказалі яму, што будзе служыць ў будаўнічым батальёне, а тады адправілі ў марфлот. Спачатку быў у Пінску ў вучэбцы. Затым усіх размеркавалі па розных флатах. Мікалай зарэкамендаваў сябе добра, таму трапіў на Чарнаморскі флот. Тады гаварылі – каралеўскі. Там год служыў, затым трапіў у каманду, якая атрымала ў Ленінградзе самы навейшы карабель у той час. З Ленінграда прыцягнулі яго ў Феадосію. Прапаноўвалі застацца на звыштэрміновую службу ў Ленінградзе, кватэру давалі… Не пагадзіўся… Думкі былі ў Чэрвені, дзе жыла Ала… Дэмабілізаваўся, прыехаў сюды. А тут ужо жыла мама, прыехала ў Чэрвень следам за сваёй кумой, калі сын служыў.
Пасля дэмабілізацыі Мікалай не ведаў, як падысці да дзяўчыны. Вельмі быў сціплым хлопцам. Акрамя таго, казалі, што ёсць хлопец у яе… Ціхенька хадзіў следам. Пасля танцаў дадому праводзіў — добра што жылі па-суседску. Калі побач з сяброў нікога ўжо не заставалася, тады адважваўся за руку ўзяць дзяўчыну… Неўзабаве сталі і сустракацца…
Стаялі ля брамы да 6 гадзін раніцы. У адзін момант маці Алы сказала: “Што ж вы стаіце на вуліцы? Калі любіце адзін аднаго – жаніцеся. Не магу я вас пільнаваць, перажываць, дзе вы і што”. Мікалай узрадаваўся: “Давай і пажэнімся”.
Заяву падалі 20 лістапада, а 30 снежня распісаліся. Сяброўка Таня Талстова сведкай была ў Алы, у Мікалая – Коля Гурын.
— Загадчык ЗАГСа прапануе нявесту на вальс запрасіць, — прыгадвае Мікалай Іванавіч, — а я на дружка гвавару, на Колю: “Ідзі ты, я не ўмею танцаваць. Смешна было”. Вось так і пажаніліся.
На гармоніку Мікалай сам вывучыўся граць, спявае добра. Сціплы быў маладым, саромеўся на людзях выступаць. Была магчымасць паступіць у музычнае вучылішча, ды не было за кім…
У 1973 годзе нарадзілася дачушка Аксана, у 75-м — сынок Андрэй. Сынок маленькім захварэў цяжка. Ледзь яго адратавалі. Дзякуй Богу, усё склалася добра. Калі Андрэйку было паўтара годзіка, памерла мама ў Алы Віктараўны. Яна атрымала такі вялікі стрэс, што захварэла сама. Нават не маглі дакладны дыягназ паставіць. Ездзіла і па бальніцах, і па санаторыях…
Мікалай з дзецьмі заставаўся. Адзін спраўляўся. І гаспадарка была, і на работу хадзіў, і дзяцей глядзеў. А яны яшчэ малыя…
— Няма мяне месяц, — прыгадвае Ала Віктараўна, — прыязджаю – дзеці не пазнаюць, не ідуць да мяне. І такое было… Гэта, калі паехала першы раз, дачцы было чатыры годзіка, сыночку – два. Так шкода было дзяцей. Аднойчы і дзеці без мяне захварэлі на адзёр, тэмпература высокая… Як муж усё гэта вытрымліваў? Давалі і яму пуцёўкі, а ён аддаваў мне, каб здароўе папраўляла, маўляў, табе больш патрэбна…
Ала Віктараўна адпрацавала амаль трыццаць гадоў у Чэрвеньскай раённай пракуратуры загадчыкам канцылярыі. Вельмі любіла сваю работу, паважала ўсіх работнікаў, і яе таксама паважалі. Добрая па характару, яна з усімі мела добрыя адносіны. Некаторыя з іх і зараз завітваюць да яе.
Мікалай Іванавіч працоўнае жыццё ў Чэрвені пачаў з “Сельгастэхнікі”. Пайшоў вучнем зваршчыка спачатку. Неўзабаве ўтварылася ПМК “Сельспецмантаж”, перайшоў туды зваршчыкам. Адтуль накіравалі вучыцца на вадзіцеля. Затым працаваў у ветлячэбніцы, з гэтай установы і пайшоў на заслужаны адпачынак.
Працоўная кніжка ў ветэрана працы ўся ў Падзяках. Аднойчы нават сярод зваршчыкаў у складзе брыгады Чэрвеньскай ПМК “Сельспецмантаж” на рэспубліканскіх спаборніцтвах быў першым. За гэта брыгада атрымала пуцёўкі ў Адлер. У 1986 годе ліквідаваў наступствы на Чарнобыльскай АЭС…
Сталі дарослымі дзеці. Дачка Аксана, як і мама калісьці, працуе ў пракуратуры. Паважаюць яе таксама, як паважалі і маму. У Аксаны Мікалаеўны ёсць дачушка Анечка. Яна скончыла педуніверсітэт, працуе лагапедам у дзіцячым садку.
Сын Андрэй працуе настаўнікам фізічнай культуры. У яго два сыны. Старэйшы – Павел, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, настаўнік і трэнер. Зараз яго забралі ў войска, праходзіць альтэрнатыўную службу. Малодшы – Аляксей, вучыцца ў педуніверсітэце на факультэце лячэбнай фізкультуры.
Дзеці і ўнукі дапамагаюць бацькам і дзядулю з бабуляй ва ўсім. Яны і самі яшчэ шмат працуюць па гаспадарцы: шчыруюць на агародзе, асабліва гаспадар, трымаюць трусоў…
Прыгадвае Ала Віктараўна, што аднойчы, калі яна была яшчэ школьніцай, у бацькоўскую хату завітала цыганка, нейкая матчына знаёмая, і пагадала Але па руцэ.
— Мама выйшла з хаты, — гаворыць Ала Віктараўна, — а цыганка ціхенька сказала, што яна хутка пойдзе з жыцця. Мне было страшна… «І замуж выйдзеш за чужака. Чалавек будзе “залаты”. Двое дзетак народзіш і ўсё будзе добра. Багацця вялікага не нажывеш, але ў грошах патрэбы не будзе». Усё гэта спраўдзілася…
У гэтых людзей ёсць багацце большае за матэрыяльнае – узаемнае каханне, згода, павага і падтрымка…
Жадаем вам, шаноўныя Ала Віктараўна і Мікалай Іванавіч, моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, кахання і доўгіх гадоў сумеснага жыцця!
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *