Куточак Чэрвеньшчыны: Вінаградаўка (заканчэнне)

Год малой радзімы Люди и судьбы Общество

Па дарозе сустракаю знаёмую – сацыяльнага работніка Святлану Казіміраўну Гурскую. Пра яе неаднойчы пісалі ў раённай газеце, бо  была жанчына пераможцам працоўнага спаборніцтва ў раёне сярод сацыяльных работнікаў, яе фота размяшчалася на раённай Дошцы гонару.

У гэтай сферы працуе   ўжо 15 гадоў. І кожны раз вяскоўцы  выказваюць  ў адрас жанчыны толькі добрыя словы. Захапляецца яна стварэннем лялек. Па адукацыі — повар. І не толькі гатаваць умее выдатна, яшчэ і кандытар добры: смачныя і прыгожыя торты ў яе атрымліваюцца.

— Я таксама мясцовая, — распавядае Святлана Казіміраўна, —  і муж мой Віктар з гэтай вёскі. Аднакласнікамі былі. І ў вучылішча паступалі разам. Зараз муж працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. У нас падрастае сын Ілля, перайшоў у 9 клас, мы жывём з мамай Віктара – Аляксандрай Мікалаеўнай у яе хаце. Жывём дружна.  

А вёску нашу памятаю яшчэ кіпучай.  Школа была, клуб, некаторы час  я ў ім працавала загадчыкам. Потым моладзь раз’ехалася, і клуб зачынілі…

На вуліцы сфатаграфавала Карыначку Верамейчык – самую маленькую жыхарку вёскі Вмнаградаўка. У жніўні ёй споўніцца 2 гады.

На лавачцы пад дрэвам судачылі жанчыны — чакалі аўталаўку. Адна з іх — Валянціна Іосіфаўна Чэховіч — згадзілася расказаць пра сябе:

— Я з 1949 года. Бацька, Іосіф Карпавіч Ветушка ваяваў, шмат у яго ўзнагарод. З вайны вярнуўся толькі ў 1947 годзе і пражыў 90 гадоў.  У сям’і нас было пяцёра: два браты і тры сястры. Усе былі працавітыя, заўсёды дапамагалі бацькам і ў гаспадарцы працавалі. Як школу скончыла, паступіла ў медыцынскае вучылішча, якое ў той час знаходзілася ў Чэрвені на базе СШ №3. 50 гадоў шчыравала ў  Мінску медсястрой. Працавала і ў наркалагічным аддзяленні, у судова-медыцынскай экспертызе. Цяпер ужо год як не працую. Вярнулася на радзіму. Адна дачка ў нас з мужам, унучка ёсць — заканчвае інстытут.

Да размовы далучаецца Святлана Аляксандраўна Козел, таксама мясцовая. 

— Як нарадзілася ў 1970 годзе, так і жыву увесь час у нашай весцы. Школу мясцовую скончыла, замуж выйшла, працую тут: спачатку на ферме, потым паштальенам, цяпер вось у Раванічах на “Вінфлоры”.  А муж – у лясгасе. Дзеці ў нас дарослыя: два сыны, жанатыя, жывуць у Мінску, адзін унучак ёсць пакуль, яму 5 гадкоў.

У Вінаградаўцы сустрэла яшчэ аднаго знаёмага Анатоля Аляксандравіча Путрыка (на здымку). Да нядаўняга часу ён быў жыхаром Чэрвеня.

— Як тут апынуўся?  — пытаюся.

— Пайшлі з жонкай Нінай Мікалаеўнай на пенсію, пяць гадоў таму перабраліся сюды, — расказвае. — Жончына сястра жыве ў Вінаградаўцы. Ну і мы пабудавалі дом непадалёк.  Карову трымаем, свіней, куры ёсць… 

Памятаюць на вёсцы і сваіх знакамітых людзей: тры палкоўнікі былі ўраджэнцамі Вінаградаўкі: Аляксандр Ветушка, Міхаіл Дзерновіч і Анатоль Канашэвіч.

А яшчэ  даведалася, што ў Вінаградаўцы ў 1924 годзе нарадзіўся Анатоль Емельянавіч Гурыновіч, які ў 60-х гадах быў міністрам замежных спраў БССР, працаваў у Прадстаўніцтвах СССР і БССР пры ААН, узначальваў дэлегацыі БССР на сесіях Генеральнай Асамблеі ААН.   У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным Мінскага падпольнага гаркама камуністычнай партыі, партызанам атрада “Радзіма” брыгады “Разгром” Мінскай вобласці. Пра славутага земляка памятаюць аднавяскоўцы, якія неаднойчы сустракаліся з ім, калі ён наведваў родныя мясціны.

Развітваюся с гасціннымі жыхарамі Вінаградаўкі. Дзякуй Вам, Яўген Аляксандравіч, за цудоўную вандроўку па вёсцы…

Жывуць у Вінаградаўцы цудоўныя людзі – адказныя, актыўныя, неабыякавыя да роднай зямлі. Менавіта гэтымі каранямі  трымаецца вёска, тымі, хто тут нарадзіўся і вырас. І яна будзе існаваць, пакуль на дахах драўляных дамоў будуць затрымлівацца прамяні заходзячага сонца, сюды спяшацца світанак, які самааддана паклічуць раніцай гарластыя пеўні, лугі – расквечвацца жоўтавокімі рамонкамі, ліловымі васількамі, бірузовымі званочкамі, а позняй восенню – разрумяньвацца гронкі тонкай рабіны…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *