Маральныя каштоўнасці ад «А» да «Я»

Духовность

У Смалявічах прайшлі калядныя рэгіянальныя адукацыйныя чытанні «Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва» праваслаўнай Барысаўскай епархіі.

Мерапрыемства праводзіцца ў трэці раз, і сёлета яго наведалі каля 400 чалавек з 8 раёнаў Міншчыны, у тым ліку чэрвеньская дэлегацыя, у якую ўвайшлі прадстаўнікі райвыканкама, устаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, БРСМ. Абмяркоўвалася духоўная спадчына нашай краіны, маральныя праблемы ў беларускім грамадстве, супрацоўніцтва царквы і дзяржаўнай улады.
Чытанням папярэднічаў урачысты малебен у храме ў гонар Мінскай іконы Божай Маці. Само ж мерапрыемства адкрывалася плянарным пасяджэннем у гарадскім Палацы культуры. У фае арганізатары выставілі дзіцячыя малюнкі, якія ўдзельнічалі ў епархіяльным творчым конкурсе «Прыгажосць Божага свету», працавала царкоўная лаўка з метадычнай і духоўнай літаратурай.
Плянарнае пасяджэнне адкрыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Сяргей Ладышаў:
— Калядныя чытанні — добрая пляцоўка, форум, дзе ёсць магчымасць абмяняцца думкамі, выказацца па актуальных праблемах. Правядзенне такога мерапрыемства стала ўжо добрай традыцыяй. Яе трэба працягваць і распаўсюджваць у іншыя кутках нашай Міншчыны, у нас ёсць яшчэ тры епархіі.
Ён падкрэсліў, што грамадска-царкоўны дыялог накіраваны на захаванне культурнай спадчыны, умацаванне духоўна-маральных каштоўнасцяў, выхаванне падрастаючага пакалення.
Епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін у прывітальным слове засяродзіў увагу на глабалізацыі з яе масавай культурай, навязваннем агульнага густу, паводзінаў, звычак, разбурэнні традыцыйнага сямейнага ўкладу. Ён пазначыў агульны накірунак ва ўзаемадзеянні дзяржавы і царквы — падтрымліваць мір і згоду праз клопат аб духоўнасці грамадства.
Дзякуючы наладжанаму дыялогу, у краіне павялічылася колькасць школ і класаў з выкладаннем асноў праваслаўнай культуры.
— Нельга, каб у гэтую сферу прыходзілі непадрыхтаваныя людзі, — адзначыў епіскап Веніямін. — Педагогі павінны быць не толькі ініцыятыўнымі, але і добра ведаць прадмет. Рашэнне гэтай задачы ўзяла на сябе сістэма павышэння кваліфікацыі кадраў на базе Інстытута развіцця адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Інстытута тэалогіі БДУ.
Святар назваў станоўчым вопыт правядзення факультатыўных заняткаў «Асновы праваслаўнай культуры». У Чэрвеньскім раёне імі ахоплены 101 навучэнец з 9 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
— Значна больш прынясе карысці, калі на курсе «Асновы праваслаўнай культуры» не замыкацца толькі на выкладанні, праводзіць духоўна-асветніцкія мерапрыемствы, напрыклад, па праваслаўнаму краязнаўству, праваслаўнай кнізе, — зазначыў епіскап Веніямін.
Ён перакананы, што паміж рэгіёнамі неабходна больш абменьвацца вопытам духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі:
— Важна, каб праца не завяршалася на школьным або раённым узроўні, знаходзіла працяг у выданні кніг пра адкрыцці, даследаванні краязнаўцаў. У сумеснай працы варта шырэй выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі. У якасці прыкладу можна прывесці Міжнародны інтэрнэт-конкурс па асновах праваслаўнай культуры. На першым этапе ў ім удзельнічалі больш за тры з паловай тысячы беларускіх дзяцей.
На чытаннях з дакладамі выступілі прадстаўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка, а таксама барысаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу «Яслі-сад — сярэдняя школа №24», дзе працуе абласны рэсурсны цэнтр па духоўна-маральнаму выхаванню, — Барыс Лазука, Людміла Фінькевіч і Таццяна Пракапенкава.

Барыс Лазука:

— Спажывецкае стаўленне ды гісторыка-культурных каштоўнасцяў, безумоўна, даніна нашага часу, аднак вельмі важна мяняць такія адносіны. На выставах, якія мы арганізуем, гучыць — не вельмі часта, але тым не менш — пытанне «Колькі каштуе твор мастацтва?», а не «Якая ў яго гісторыя?». Неабходна зрабіць так, каб гісторыка-культурныя каштоўнасці набліжаліся да асобы, на якую арыентаваны намаганні выхавацеляў. Тут адным візітам у музей не абысціся, павінны быць розныя формы і накірункі працы.

Людміла Фінькевіч:

— «Маладзеюць» не толькі хваробы. «Амалоджваюцца» праявы амаральнага характару, тая ж стагматызацыя — «кляйменне», якое прыніжае чалавечую годнасць. У аснове нашых маральных паводзінаў знаходзяцца асабістыя меркаванні, уяўленні. Мы ведаем, што значыць «добра», а што — «дрэнна». Аднак толькі ведаў крытэрыяў маральнасці недастаткова. Важна быць здольнымі прадбачыць вынікі свайго ўчынку. Такая здольнасць дазваляе нам у сітуацыях выбару прытрымлівацца маральных паводзінаў.

Таццяна Пракапенкава:

— Мы сёння назіраем недапушчальную спробу нівеліраваць розніцу паміж заганай і дабрадзейнасцю, дабром і злом. Каштоўнасці, заснаваныя на маральным ідэале, трапляюць пад сістэматычную ганьбу, а нормы, якія не замацаваны ў традыцыях, якія супярэчаць чалавечай існасці, укараняюцца ў масы. Што можа стаць буферам для страты чалавечага ў чалавеку? Гэта рэалізацыя праектаў духоўнага зместу, накіраваных на фарміраванне, умацаванне, захаванне маральных каштоўнасцяў.

Пасля плянарнага пасяджэння ўдзельнікі чытанняў працавалі ў шасці секцыях. У дзіцячай школе мастацтваў разгледзелі досвед сацыяльнага служэння. У цэнтральнай раённай бальніцы абмеркавалі супрацоўніцтва з установамі аховы здароўя, у палацы культуры — узаемадзеянне з установамі культуры. На базе райвыканкама працавалі дзве секцыі — сямейнага выхавання і дашкольных устаноў, «Царква і СМІ», яшчэ адна — у сярэдняй школе №1. Па заканчэнні чытанняў адбылося падвядзенне вынікаў, у тым ліку па працы кожнай секцыі, узнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў епархіяльнага дзіцячага конкурсу «Прыгажосць Божага свету», канцэрт мясцовых творчых калектываў.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *