Казачную прыгажосць стварыў загадчык малочна-таварнай фермы Горкі, жыхар аднайменнай вёскі Лядзенскага сельсавета Міхаіл Мікалаевіч Касцевіч: спачатку на сваім падворку, а пазней і на рабочым месцы.
Упрыгожаны нават плот ля дома — ён дэкарыраваны сеткай, на якой — намаляваны кветкі. Ля плота — шматлікія казачныя персанажы: Кракадзіл Гена, Мядзьведзь, Курачка-Раба, Пеўнік, Матрошка, Бусел і Чабурашка.
Алена Віктараўна Касцевіч, жонка Міхаіла Мікалаевіча і гаспадыня падворка распавяла:
— Убачылі дзеці аднойчы дзесьці па дарозе, як ехалі дамоў, Чабурашку. Прычапіліся да бацькі, зрабі, маўляў, і нам такога. Сабралі аўтамабільныя пакрышкі. Той і зрабіў. Іду аднойчы па вуліцы з работы — стаіць Чабурашка, прыгожы такі, відаць здалёк. Вось з гэтай фігуркі ўсё і пачалося. Паглядзеў, што людзям падабаецца, ды і дзецям з унукамі таксама, і давай далей іншыя фігуркі вырабляць…
Гаспадар выразае казачныя персанажы, а дочкі і жонка — размалёўваюць. Алена Віктараўна працуе бухгалтарам у гаспадарцы. Дачка Ірына — цырульнік. Творчы чалавек, яна і сцены дома звонку размалявала. Тут і пальмы, і персанажы з мультфільмаў: Том і Джэры, Воўк і Заяц, Пчолкі і іншае. Сястра Таня дапамагала, яна будаўнік. А яшчэ нявестка. Ні ў кога з іх мастацкай адукацыі няма, гэта здольнасці ад прыроды.
Дзеці ўсе жывуць асобна, а ў доме бацькоў — частыя госці. У дачкі Тані дом і падворак у Чэрвені таксама прыгожа аформлены. Сястра Іра дапамагала ўпрыгожыць. Там і зяць Віктар таксама ўзяўся фігуркі вырабляць. Атрымоўваецца ў яго.
Казка ў Касцевічаў працягваецца на падворку. Кветкі, паўліны, смаўжы, пеўнікі, буслы, лебедзі і ружовы фламінга ёсць. Пясочніца для ўнукаў прывабіла да сябе зробленым маленькім экскаватарам. Нават з каўшом, ён працуе, кіруецца з дапамогай рычагоў. Цікава ўнукам з ім гуляць. Усе вырабы — з аўтамабільных шын і дрэва.
— Ці цяжка было працаваць з такім матэрыялам? — пытаюся ў Міхаіла Мікалаевіча.
— Прызвычаіўся. Дзе «балгаркай» рэзаў, дзе нажом.
— Ідэі дзе бралі?
— Дзе ў Інтэрнэт зазірнеш, дзе так, якую карцінку ўбачыш, дзе сам штосьці прыдумаю. Першага Чабурашку паставілі, тады і пайшло-паехала… З Чабурашкі ўсё і пачалося…
Міхаіл Мікалаевіч — загадчык фермы. Працаваў раней і трактарыстам, і брыгадзірам трактарнай брыгады. Пазней лёс распарадзіўся так, што давялося папрацаваць на ферме слесарам, там і застаўся. Увогуле ў гаспадарцы ён больш за трыццаць гадоў.
Накіроўваемся на ферму «Горкі». Ферма рэканструявана па Прэзідэнцкай праграме ў 2013 годзе. Старыя хлявы перабудавалі і зрабілі новы будынак даільнай залы. Працэс дойкі кантралюецца кампьютэрам. Чысціня і парадак усюды: на двары і ў памяшканні фермы і шмат кветак. А таксама фігуркі, выразаныя ўмелай рукой загадчыка. Буслы, стол з імправізаванымі «табурэтамі» з дрэва, грыбочкі, матрошка, смаўжы, флюгер, лебедзі і папугай. Толькі хатку на курыных ножках падараваў адзін прадпрымальнік.
— Дапамагалі дзяўчаты навесці прыгажосць, кветкі пасадзілі, даглядаюць за імі. Астатняе зрабіў сам, — засведчыў Міхаіл Мікалаевіч. — Тут працуюць тры аператары машыннага даення Людміла Гарэцкая, Вольга Спартак, Алег Гамеза, асеменатар Алена Касцевіч і цялятніца Алена Мурашка.
У дбайнага гаспадара парадак усюды — і на падворку, і на працоўным месцы.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара