Грабёнская Алімпіяда сабрала зноў сяброў

Спорт

Летняя дзіцячая Алімпіяда ў вёсцы Грабёнка даўно стала традыцыйнай. Сёлета яе арганізатар, маскоўскі тэлежурналіст Дзмітрый Жураўлёў у шаснаццаты раз сабраў для ўдзелу ў спаборніцтвах дзяцей ад двух да пятнаццаці гадоў. Ахвотнікі з радасцю і захапленнем на працягу адзінаццаці дзён выпрабоўвалі сябе ў васямнаццаці відах спорту.

У Алімпіядзе ўдзельнічаюць не толькі жыхары Грабёнкі, але і мінчане, што прыязджаюць на вакацыі да сваякоў. А яшчэ – мясцовы сабака Сіма, які ў мінулым годзе… бегаў навыперадкі з рабой курыцай, а сёлета з задавальненнем даганяў і пераганяў лепшых спартсменаў.

Дзеці з суседніх вёсак таксама не лянуюцца прыязджаць на спаборніцтвы на веласіпедах. У адзін з дзён Алімпіяды шасцёра хлопцаў і дзяўчат асядлалі жалезных коней і выехалі з вёскі Чарнаградзь з адной мэтай – паўдзельнічаць у спаборніцтвах на моц і  стрытболе. Праехаўшы больш за пяць кіламетраў, яны яшчэ мелі сілы і жаданне перамагаць.

Спаборніцтвы на моц падзяляюцца на два віды. Для хлопцаў – падцягванне на перакладзіне, для дзяўчат – сілавы віс на ёй жа.  Барацьба за перамогу ішла недзіцячая: кожны імкнуўся пабіць устаноўлены раней рэкорд. Нават вышыня турніка нікога не пужала: тым, хто не мог дацягнуцца да перакладзіны, дапамагалі больш дарослыя сябры. Паспрабавала “павісець” і чатырохгадовая Марына Курбан, сёстры якой у свой час не аднойчы адзначыліся перамогамі на грабёнскіх Алімпіядах. Удзел у спаборніцтвах стаў для Курбанаў сямейнай традыцыяй. На маленькую Марыну – вялікая надзея, ад яе чакаюць такога ж поспеху, як і ад старэйшых сясцёр. 

Для дзяцей такі адпачынак – альтэрнатыва інтэрнэту ўвогуле і сацыяльным сеткам у прыватнасці. Замест віртуальных стасункаў яны бавяць час на вуліцы: знаёмяцца, сябруюць, гуртуюцца. А яшчэ, як лічыць арганізатар і галоўны суддзя Алімпіяды Дзмітрый Жураўлёў, тут дзейнічаюць глабальныя алімпійскія ідэі яднання розных людзей.

— Спачатку мясцовыя хлопцы проста гулялі ў футбол, а я прыходзіў судзіць матчы, — узгадвае ён. – Адзін з іх, адзінаццацікласнік Дзіма Панцялееў прапанаваў арганізаваць спаборніцтвы не толькі па футболе. Шчыра кажучы, спачатку я яго ідэю не ацаніў. Але на наступны год пачалі падыходзіць малодшыя дзеці, якія пераконвалі мяне, што гэта вельмі цікава і павінна быць. Так мы вырашылі паспрабаваць наладзіць спаборніцтвы. Гэта быў 2002 год… Ніхто нават не думаў, што ўсё будзе працягвацца так доўга. Ужо цэлых шаснаццаць гадоў! Напачатку ў Алімпіядзе ўдзельнічала каля дваццаці пяці чалавек, і нам здавалася, што гэта вельмі шмат. Сёлета толькі на бег прыйшло пяцьдзясят шэсць! Прыемна…

— Калі б Вы ўсё ж не падтрымалі ініцыятыву дзяцей, ці змаглі б яны арганізавацца самі?

— Наўрад ці. Бо ёсць два вельмі важныя моманты, пры якіх удзел дарослага абавязковы. Па-першае, гэта атрыманне дазволу на правядзенне спаборніцтваў. Без яго – ніяк. Напрыклад, велагонкі ў нас праходзяць вакол школы, больш няма дзе. Паводле правілаў бяспекі, туды проста так не прайсці: стаіць высокі плот, брамы – на замку. Нават калі б дваццаць дзяцей прыйшлі з веласіпедамі, іх усё роўна не пусцілі б. А так я пайшоў у райвыканкам да начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ларысы Валянцінаўны Асановіч, і, дзякуючы ёй, мы паразумеліся з кіраўніцтвам школы. Згадзіцеся, да дарослага чалавека адносіны зусім іншыя, чым, напрыклад, да пятнаццацігадовага… Па-другое, не сакрэт, што падчас спаборніцтваў здараюцца спрэчныя моманты. Таму павінен быць дарослы суддзя, слова якога – закон. Вось таму я з самых першых гульняў падтрымліваю пачынанні дзяцей.

— За шаснаццаць гадоў шмат змянілася?

— Безумоўна. Ранейшым застаецца толькі тое, што кожны год, улетку, тут збіраюцца хлопчыкі і дзяўчынкі – новыя і сталыя ўдзельнікі. Для іх Алімпіяда – вельмі чаканая падзея. Многія пачынаюць цікавіцца пра расклад і час наступных спаборніцтваў ужо ўзімку… За шаснаццаць гадоў пашырыўся ўзроставы дыяпазон удзельнікаў. Верхняя мяжа допуску засталася нязменнай – дзяўчаты да пятнаццаці гадоў, хлопцы – да чатырнаццаці, але прыходзяць зусім малыя, якія вельмі хочуць далучыцца да Алімпіяды. Былі выпадкі, калі кідалі тапак хто далей дзеці, якім няма яшчэ двух гадоў, а ў бегу на старт выходзілі двухгадовыя… Таксама прыкметна павялічылася агульная колькасць удзельнікаў. Змянілася стаўленне дзяцей да Алімпіяды. На першыя спаборніцтвы яны прыходзілі больш для таго, каб пабыць разам: для іх гэта было важней, чым атрымаць грамату, заняць першае месца. Зараз прыходзяць перамагаць. Калі дзесяць-дванаццаць гадоў таму чалавек мог выйсці ў джынсах, пляжных шлёпанцах, нават у ботах ці паліто, і гэта было нармальна, то цяпер прыходзяць у спартыўнай форме і накіраваны толькі на перамогу. Такія драматычныя бываюць у нас спаборніцтвы, акурат як на алімпіядах сусветнага маштабу!

— Што адметнага вылучыце на сёлетняй Алімпіядзе?

— Колькасць удзельнікаў. Мінулагодні рэкорд (81) быў пабіты ўжо ў сярэдзіне Алімпіяды: ў розных відах спорту паўдзельнічала восемдзесят тры чалавекі.

— Сёлета ў праграме было васямнаццаць відаў спорту. Як яны выбіраюцца?

— У Грабёнцы няма вялікага стадыёна, басейна…Таму віды спаборніцтваў выбіраюцца па дасяжнасці. Яны павінны быць такімі, каб змагло паўдзельнічаць кожнае дзіця, якое адпачывае ў вёсцы ўлетку. Калі від спорту губляе папулярнасць, мы выключаем яго з праграмы. Вось на велагонку пачалі прыходзіць па два-тры чалавекі. Пра што гэта можа казаць? Пра тое, што яна нецікавая. Часам з’яўляюцца новыя віды спорту: дзеці прапаноўваюць свае варыянты, мы іх усе разам абмяркоўваем. Давайце паспрабуем! Чаму не? Калі спадабалася – то робім. Галоўны паказчык папулярнасці – колькасць удзельнікаў.

— Якія спаборніцтвы самыя папулярныя?

— Магу адзначыць бег, стральбу, боўлінг, дартс…

— Штогод Вы прывозіце з Масквы відэакамеры, для таго каб стварыць чарговы відэафільм пра вясковыя спаборніцтвы і паказаць яго на радзіме па кабельнаму тэлебачанню. Сюжэты з радасцю робяць мясцовыя хлопцы і дзяўчаты, яны добра трымаюцца ў кадры…

— …Сапраўды, дзеці, падлеткі гэтым цікавяцца. Але яшчэ ні адзін з іх не звязаў свой лёс  з журналістыкай. Таму што тут – вёска, і гэта мае свой уплыў. За шаснаццаць гадоў было шмат таленавітых дзяцей, з якімі я б мог займацца, і якія б потым працавалі на цэнтральных маскоўскіх каналах. Але калі я прыязджаю толькі раз на год і не магу працаваць з імі сістэматычна, цікаўнасць, канешне, зніжаецца…

— Якія водгукі знаходзяць Вашы відэафільмы пра грабёнскія Алімпіяды ў маскоўскага гледача?

— Людзям гэта цікава. Многія, асабліва пенсіянеры, ладзяць падобныя спаборніцтвы ў сваіх дварах. Вось такая своеасаблівая эстафета атрымліваецца.

…Скончылася Алімпіяда. Апошнія ўзнагароды знайшлі сваіх пераможцаў. Хутка скончыцца і бесклапотнае лета, па розных кутках раз’едуцца дзеці. Але прыемныя ўспаміны пра спаборніцтвы будуць саграваць іх халоднай зімой.

Зрэшты, стасункі грабёнскіх алімпійцаў з Дзмітрыем Жураўлёвым і паміж сабой зараз працягваюцца праз сацыяльную сетку “УКантакце”. У адмыслова створанай гутарцы дзеці, падлеткі і галоўны натхняльнік спаборніцтваў дзеляцца ўражаннямі, абменьваюцца думкамі, абмяркоўваюць, як зрабіць Алімпіяду яшчэ больш цікавай.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *