0:4 — ЯШЧЭ НЕ ПАРАЖЭННЕ!

Спорт

«ДЮСШ-2» (Барысаў) — «Колас» (Чэрвень) — 4:4.

8 верасня. Барысаў. Вучэбна-трэніровачнае поле вучылішча алімпійскага рэзерву. Пераменная воблачнасць. 16 градусаў. 20 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Аладка, Канашэвіч, Прытыка, Камісаранка (Люты, 46), Хасяневіч, Шалабнёў (Сасункевіч, 65), Бурмістронак (Яблонскі, 46), Ліпніцкі, Красоўскі (Шмідаў, 28), Няхай.

Галы ў «Коласа» — Ліпніцкі (77), Яблонскі (80, 87), Шмідаў (83).

У тых, хто ўважліва сочыць за выступленнем «Коласа» ў чэмпіянаце, спадзяюся, яшчэ не паспела сцерціся з памяці бліскучая валявая перамога чэрвеньцаў на сваім полі над прысталічнай «Іслаччу-2» у 18 туры. Астатнім нагадаю, што наша каманда, прайграючы сапернікам — 0:2, завяршыла матч з лікам 3:2 на сваю карысць. Дык вось працяг гэтага захапляльнага «серыяла» адбыўся ў мінулую суботу ў Барысаве, дзе «Колас» сустракаўся з мясцовай «ДЮСШ-2».

Чэрвеньцам зноў давялося гуляць не ў аптымальным саставе, ды яшчэ і на  полі са штучным пакрыццём. Прызвычайваліся да «сінтэтыкі» нашы футбалісты доўга і пакутліва. Як вынік, не паразіўшы вароты «ДЮСШ-2», прапусцілі ў першым тайме два мячы, а потым у другім — яшчэ два.

Можна было зразумець роспач групы чэрвеньскіх балельшчыкаў, якая спецыяльна прыехала ў Барысаў падтрымаць «Колас». У такой сітуацыі нават самы заўзяты прыхільнік каманды зняверыўся б…

Але раптам — о, цуд! За 13 хвілін да фінальнага свістка Аляксандр Ліпніцкі «размочвае» «сухі» лік, яшчэ праз тры хвіліны забівае гол Яўген Яблонскі. І вось ужо чэрвеньскія балельшчыкі крычыць-заходзяцца: «Наперад, «Колас»!

83-я хвіліна: Ігар Шмідаў робіць лік 3:4. 87-я хвіліна: яшчэ адзін гол Яўгена Яблонскага — 4:4! Здавалася, што і наша перамога блізка. Але на большае чэрвеньцам ужо проста не хапіла часу… Хаця такая нічыя, здаецца, даражэй за перамогу.

Наступны матч чэмпіянату «Колас» правядзе ў гэтую суботу на сваім полі з маладзечанскай «Забудовай-2007». Пачатак гульні — у 16 гадзін.

Вынікі астатніх гульняў 19 тура:

«Жодзіна-2007» — «БСЗ» (Беразіно) — 2:1, «Беліта-Вітэкс» (Узда) — «Лівадыя-Юні» (Дзяржынск) — 0:0, «Іслач-2» (Мінскі раён) — «Нёман-Агра» (Стоўбцы) — 3:7, «Старыя Дарогі» — «Зорка-ЖКГ» (Мар’іна Горка) — 2:2, «Забудова-2007» (Маладзечна) — «Вілія» (Вілейка) — 2:3, «Клецк» — «Аграсервіс» (Слуцк) — 1:2 .

На здымках: радасць ігракоў «Коласа» і чэрвеньскіх балельшчыкаў.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *