Стоўбцы зноў для нас шчаслівыя

Спорт

Мінулымі выхаднымі ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе Стаўбцоўскай ДЮСШ адбыліся матчы шостага тура Рэспублікі Беларусь па футзале.

Чэрвеньскі “Будаўнік” у пятніцу сустрэўся тут з прынцыповым сапернікам – камандай “Саюз-Энерга” (Бабруйск). Той самай, якую чэрвеньцы сёлета адолелі ў фінале Кубка Беларусі, але двойчы саступілі ў чэмпіянаце. Гэтым разам Стоўбцы, дзе ў папярэдніх гульнях сезону “Будаўнік” нязменна ўсіх перамагаў, зноў сталі для нас шчаслівымі.
Чэрвеньцы адкрылі лік у самым пачатку сустрэчы (вызначыўся Аляксандр Арлоў), неўзабаве “Саюз-Энерга” параўнаў яго, аднак, дзякуючы трапнаму ўдару Андрэя Сямко, на перапынак каманды пайшлі пры лічбах на табло 2:1 на нашу карысць.
Ад пачатку другога тайма бабруйчане замянілі галкіпера пятым палявым іграком, атрымаўшы такім чынам колькасную перавагу ў атацы. Але “Будаўнік” паспяхова абараняўся, праводзячы пры гэтым небяспечныя контратакі. Як вынік, спачатку Аляксей Мішковіч прамым ударам са штрафнога, а потым Павел Кароткі падвоілі перавагу нашай каманды ў ліку – 4:1. За пяць хвілін да заканчэння сустрэчы “Саюз-Энерга” крыху скараціў яе – 4:2. Але потым мяч, які ў пустыя вароты забіў Аляксандр Яроміч, пазбавіў бабруйчан шанцаў адыграцца. 5:2 – перамога “Будаўніка”.
У суботу наша каманда павінна была сустрэцца з гомельскім “Эскулапам”, аднак ён не прыехаў на гульню, за што атрымаў тэхнічнае паражэнне – 0:3. Такім чынам, “Будаўнік” прывёз са Стоўбцаў шэсць ачкоў і працягвае барацьбу за медалі чэмпіянату.
Вынікі астатніх матчаў шостага тура: “Меркурый-ДМК” – “Армрэст-Ваенная Акадэмія” – 4:1, “Армрэст-Ваенная Акадэмія” – “Саюз-Энерга”– 3:7. Камандзе “Эскулап” за няяўку на гульні з “Будаўніком” і “Меркурыем-ДМК” залічаны тэхнічныя паражэнні – 0:3. Камандзе “Бабруйск” за няяўку на гульні з “Меркурыем-ДМК” і “Армрэст-Ваенная Акадэмія” залічаны тэхнічныя паражэнні – 0:3.

Ігар АДАМОВІЧ Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *