«Ураджайная» (Мінскі раён) — «Колас» (Чэрвень) — 1:2

Спорт

16 ліпеня. Мінскі раён. Стадыён базы адпачынку «Ратамка». Воблачна з праясненнямі. 22 градусы. 50 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Петрусевіч, Рысянкоў, Палтаржыцкі, Лаўрык, Чысты, Красоўскі (Шмідаў, 84), Ліпніцкі (Прытыка, 86), Пыжык (Сасункевіч, 88), Палынін, Мрынскі.

Галы ў «Коласа»: Палынін (58, з пенальці), Мрынскі (64).

 

Сапернік чэрвеньцаў сёлета нарабіў шмат шуму на кубкавым шляху. У 1/8 фіналу «Ураджайная» «выбіла» аднаго з лідараў групы «Б» чэмпіянату Мінскай вобласці — «Нёман-Агра» са Стоўбцаў (0:0 — у гасцях, 2:0 — дома). Затым у чвэрцьфінале адолела уздзенскую «Беліту-Вітэкс», якая зараз займае другое месца ў зоне «Б» другой лігі чэмпіянату Беларусі (4:3 — дома, 3:3 — у гасцях). І гэта прытым, што футбалісты прысталічнага рэгіёна гуляюць усяго толькі ў мясцовым першынстве, а вышэйшае дасягненне каманды — перамога ў мінулагоднім кубку раёна.

Аднак насамрэч «Ураджайная» аказалася не такой ужо і грознай. Так, маладыя, даволі тэхнічныя хлопцы. Так, змагаюцца за мяч да канца, пры першай магчымасці б’юць па варотах. І не больш таго.

Першы тайм прайшоў у адносна роўнай барацьбе. Футбалісты з Мінскага раёна на правах гаспадароў поля валодалі ініцыятывай, але і нашы стварылі ля варот саперніка некалькі вострых момантаў. У адным з эпізодаў мяч пасля ўдару Аляксандра Мрынскага, якога выдатнай верхавой перадачай знайшоў у штрафной пляцоўцы Аляксандр Ліпніцкі, прайшоў крыху лявей ад стойкі. Таксама запомніўся бліскучы сольны праход Паўла Лаўрыка, якому ў апошні момант перашкодзілі прабіць па варотах абаронцы «Ураджайнай».

Лік у сустрэчы праз дзесяць хвілін пасля перапынку адкрылі гаспадары поля. Але радасць іх шматлікіх фанатаў, пад аглушальны акампанемент крычалак, барабанаў і дудак якіх праходзіў матч, была нядоўгай. Ужо праз тры хвіліны нястомны Аляксандр Мрынскі ўварваўся ў штрафную пляцоўку «Ураджайнай», дзе яго спынілілі не па правілах. Пенальці бездакорна выканаў Станіслаў Палынін.

Яшчэ праз шэсць хвілін «Колас» выйшаў наперад. Аляксандр Курыловіч магутным дальнім ударам зрабіў перадачу па паветры на Аляксандра Мрынскага. Спрабуючы перашкодзіць нашаму нападаючаму, галкіпер і абаронца гаспадароў поля сутыкнуліся паміж сабою, а мяч стаў здабычай Сашы, які і закаціў яго ў асірацелыя вароты — 2:1.

У астатнія дваццаць пяць хвілін да фінальнага свістка чэрвеньцы яшчэ неаднойчы рэальна пагражалі браме сапернікаў, аднак больш, на жаль, забіць не ўдалося. Затое і ў абароне згулялі надзейна, забяспечыўшы сабе не бог ведама якую, але ўсё ж перавагу перад сустрэчай у адказ. А заадно прадоўжылі сваю бяспройгрышную серыю да шасці матчаў.

Гульня з «Ураджайнай» на гарадскім стадыёне ў Чэрвені адбудзецца ў сераду, 23 ліпеня. Паводле рэгламенту спаборніцтваў (калі па дамоўленасці паміж камандамі не будзе пераносу па часе), яна павінна пачацца ў 17 гадзін 30 хвілін.

Прыходзьце на стадыён! Падтрымайце каманду! «Колас» гуляе для вас, шаноўныя землякі! І ён (падумаць толькі!) знаходзіцца ўсяго ў адным кроку ад фіналу кубка вобласці.

Ігар Адамовіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *