Ёсць што святкаваць, ёсць кім ганарыцца

Общество

У суботу ў раённым Цэнтры культуры і адпачынку ўшаноўвалі лепшыя прадпрыемствы, установы і арганізацыі Чэрвеньшчыны, а таксама лепшых па прафесіі работнікаў па выніках працы за мінулы год. Удзел ва ўрачыстасці бралі прадстаўнікі працоўных калектываў раёна, кіраўнікі Заводскага раёна Мінска і сталічных прадпрыемстваў-інвестараў, іншыя ганаровыя госці.

Адкрываючы яе, старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Андрэй Зубар, у прыватнасці, зазначыў, што 2016 год стаў годам устойлівага развіцця рэгіёну. Станоўчую дынаміку набірае эканоміка раёна. Аграпрамысловы комплекс замацаваўся сярод лідараў на Міншчыне па тэмпу росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ён склаўся на ўзроўні 116,1%, гэта — другое месца ў вобласці. У раёне забяспечана выкананне прагнозных паказчыкаў па экспарту тавараў — на 199,8% і экспарту паслуг — на 244,5%. На 74,4% перавышаны прагнозны паказчык па колькасці працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы. Андрэй Зубар таксама засяродзіўся на дасягненнях у сферах адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізкультуры і спорту. Падсумоўваючы вынікі мінулага года, ён звярнуў адмысловую ўвагу на тое, што эканоміка раёна арыентавана не толькі на рост вытворчасці, але і на павелічэнне яе эфектыўнасці. Паводле слоў старшыні райвыканкама, Чэрвеньшчына па гэтаму паказчыку ўзнялася з васямнаццатага на пятае месца ў вобласці. Узгадаўшы аб тым, што 27 красавіка споўніцца 630 гадоў з дня ўтварэння Чэрвеня, Андрэй Зубар заклікаў прысвяціць юбілею справы, поспехі і дасягненні гэтага года.
— Не сумняваюся, што мы раскрыем увесь патэнцыял, які ў нас ёсць, і зробім усё магчымае, каб людзі на Чэрвеньшчыне жылі лепш, — сказаў ён.
Сярод задач на бліжэйшы час кіраўнік раёна назваў забеспячэнне высокага ўзроўню эфектыўнасці вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, працяг мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў, абнаўленне іх вытворчага патэнцыялу, рост экспарту тавараў і паслуг, а таксама — актыўнае жыллёвае будаўніцтва, стварэнне новых працоўных месцаў прадпрыемствамі малога і сярэдняга бізнесу.
Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі ад сябе асабіста і старшыні аблвыканкама Сямёна Шапіры выказаў сардэчную ўдзячнасць лепшым калектывам і работнікам, усім, хто сваім шчыраваннем памнажае працоўныя набыткі раёна. Ён уручыў Ганаровыя граматы Мінаблвыканкама выкладчыку мастацкага аддзялення Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўніку ўзорнай студыі «Мой свет» Віталю Чарнаўцу — за высокі прафесіяналізм, ініцыятыву і творчы падыход да арганізацыі культурна-асветніцкай дзейнасці, аператару машыннага даення кароў эксперыментальнай базы «Натальеўск» Вользе Лепеш — за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у галіне сельскай гаспадаркі; Падзякі старшыні аблвыканкама — фельчару выязной брыгады аддзялення хуткай дапамогі Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы Эдуарду Місніку — за прафесіяналізм у сістэме аховы здароўя па аказанню медыцынскай дапамогі насельніцтву, трактарысту-машыністу СВФ «Новыя Зелянкі» ААТ «Мінскі малочны завод №1» Сяргею Зылю — за добрасумленную працу, дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчай дзейнасці, аператару капіравальна-паманажальнай тэхнікі Чэрвеньскай друкарні Наталлі Дзержановіч — за шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх паказчыкаў у паліграфічнай галіне.
Ганаровыя граматы Мінскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі і актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці калектываў і раёна на свяце атрымалі загадчык склада ЗАТ «Турэц», старшыня прафкама гаспадаркі Таццяна Рак, галоўны аграном сельгаспрадпрыемства «Ганута-Агра» Ларыса Зянкевіч, галоўны эканаміст ААТ «10 з’езд Саветаў» Святлана Рабянок і галоўны ветурач ААТ «Запольскае» Галіна Касабуцкая. Іх уручыў старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Някрэвіч.

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Жалязнова

Шчыра і пранікнёна выступіла на ўрачыстасці член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Жалязнова, значная частка працоўнай біяграфіі якой звязана з Чэрвеньшчыный. І зараз, узначальваючы сельгаспрадпрыемства «Азярыцкі-агра» Смалявіцкага раёна, Ніна Вікенцьеўна працягвае жыць у нашай вёсцы Шасціснопы.
— Усе перамогі — вашы, так і будзе, бо вы кантралюеце не толькі зямлю, але і космас, — сказала яна, узгадаўшы пра тое, што ў гэтыя дні другі касмічны палёт здзяйсняе ўраджэнец Чэрвеня Алег Навіцкі.
Ад калектыву сваёй гаспадаркі Ніна Жалязнова ўручыла кіраўніцтву раёна каравай і кошык са свежай агароднінай — памідорамі і агуркамі, якія вырошчваюць у «Азярыцкім-агра».
Пасля прывітальных слоў ганаровых гасцей пачалася цырымонія ўзнагароджання лепшых прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і лепшых па прафесіі работнікаў. Уручаючы Дыпломы раённага выканаўчага камітэта і грашовыя прэміі, старшыня райвыканкама Андрэй Зубар з удзячнасцю адзначаў важкі асабісты ўклад у дасягнутыя вынікі кіраўнікоў адзначаных па выніках мінулага года працоўных калектываў — дырэктара ААТ «Рыбгас «Волма» Аляксандра Кулікоўскага, дырэктара прыватнага прадпрыемства «Нафтабітумны завод» Аляксандра Храмцова, дырэктара Чэрвеньскага лясгаса Андрэя Галкоўскага, дырэктара Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыкі Васіля Сабана, начальніка Чэрвеньскага вузла электрасувязі Уладзіміра Ламакі, дырэктара эксперыментальнай базы «Натальеўск» Алены Махнач і старшыні Лядзенскага сельвыканкама Алены Гамеза.
Таксама Андрэй Зубар уручыў узнагароды пераможцам раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю па ахове працы за 2016 год (Чэрвеньскі лясгас, СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» і Чэрвеньскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат) і пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за 2016 год (іх спіс надрукаваны ў «Раённым весніку» за 4 сакавіка).
Урачыстасць завяршылася канцэртнай праграмай, у якой бралі ўдзел самадзейныя артысты і калектывы нашага раёна і госці з Жодзіна.
Дзякуючы адмысловаму сцэнарыю (сярод іншага варта адзначыць такія цікавыя рэжысёрскія рашэнні, як «жывое» выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і ператварэнне адной з песень у сапраўдную тэатральную дзею з ўдзелам адразу некалькіх кіраўнікоў арганізацый раёна), на свяце панавала нязмушаная, амаль хатняя атмасфера.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *