Тыдзень татарскай культуры

Общество

Тыдзень татарскай культуры прайшоў у нашай школе.

Рыхтавацца да яго пачалі  з пачатку навучальнага года, збіралі звесткі пра паходжанне татараў на Беларусі, сустракаліся са старажыламі, выкарыстоўвалі літаратуру, дакументы, краязнаўчы матэрыял.

У час правядзення Тыдня вучні сустрэліся з дацэнтам кафедры гуманітарных навук  БДУ Зарынай Ібрагімаўнай Канапацкай, якая распавяла пра  звычаі і традыцыі татараў, дапамагла ў пошуку матэрыялаў.

На працягу Тыдня ў бібліятэцы была аформлена  выстава кніг «Людзі, якія жывуць побач».  Для вучняў 1 — 4-ых класаў пастаўлена татарская казка «Тры дачкі» ў выкананні вучняў 6 класа Ані Салавянчык, Каці Гаўрыльчык, Наташы Крэпскай, Юлі Таболінай, Карыны Юшко, Насці Ваўчок.

У фае школы размясцілі выставу газет пад назвамі «Нас аб’яднаў адзін лёс і адна доля», «Нататкі з Гімбіцкага хаткі», «Смілавіцкія татары», малюнкі вучняў малодшых класаў.

А напрыканцы Тыдня адбыўся фестываль-сабантуй. На ім вядучыя Улад Жыгалка, Анастасія Канапацкая, Яўген Абрамовіч і Анастасія Чарнушэвіч вельмі цікава распавялі гутарку пра гістарычныя вытокі татарскай культуры, пра святы і традыцыі, мову беларускіх татараў. Цікава было ўбачыць старонкі кітаба, на якіх з дапамогай арабскай графікі больш дакладна ў параўнанні з кірылаўскімі пісьмовымі помнікамі перадаюцца некаторыя гукавыя асаблівасці беларускай мовы, у першую чаргу,  дзеканне і цеканне, разнастайныя асіміляцыйныя змяненні. Напрыклад, словы ашуг, арба, аршын, базар, бакалея, булат, бунчук, джыгіт, есаул, кабура, кайма, капкан, каравул, каракуль, кінжал, саф’ян, шалаш, халва — словы з цюркскіх і крымска-татарскіх запазычанняў. На Сабантуі гучалі вершы татарскіх пісьменнікаў Ф.Карыма, М.Джаліля, А.Ерыкеева ў выкананні вучняў 11 «А» класа Яны Мардасевіч, Паўла Занько, Аляксея Паўлюкевіча, Караліны Белазорчык, вучаніцы 8 класа Анастасіі Канапацкай і вучня 2 «А» класа Паўла Рабецкага. З вялікім задавальненнем усе прысутныя слухалі песні ў выкананні Дзмітрыя Маркевіча,  Алёны Васільевай, Надзеі Мыцько. Вучаніца 8 класа Крысціна Канапацкая выканала ўсходні танец. Цікавым было і выступленне вучаніц 4 класа пад кіраўніцтвам настаўніцы Алёны Іванаўны Саухінай.

Сабантуй паказаў, што за гады жыцця на беларускіх землях татары змаглі зберагчы  сваю нацыянальную адметнасць. Шматвяковае сумеснае жыццё людзей розных нацыянальнасцей, узаемаўплывы іх культур і моў узбагацілі ўласнабеларускую культуру.

Пасля ўсе сабраліся ў фае школы, дзе адбыўся  кірмаш-байрам. Кожны клас павінен быў не толькі прадставіць стравы татарскай кухні, але і падрыхтаваць рэкламу і абарону страў. Стараліся ўсе, але лепшымі вызначыліся вучні  1 «А», 2″А», 8, 10 і 11 «А» класаў. Усе, хто прысутнічаў на кірмашы-байраме, змаглі не толькі ўбачыць, але і паспрабаваць такія стравы, як калдумы,  тутырган тавык (фаршыраваная курыца), запечаную рыбу, перакачанікі, губадзію, катламу, чак-чак і,  канечне, гальму, без якой не абыходзіцца ні адно татарскае свята.

Людміла Драпеза,

кіраўнік гуртка «Спадчына» СШ №2 г.п.Смілавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *