Юлія Архангельская: “Самае вялікае шчасце — бачыць ззяючыя вочы дзяцей пасля канцэрта”

Общество

568348Абраць свой творчы шлях у музыцы ёй давялося ў дзяцінстве. Маладая, прыгожая, таленавітая піяністка дасягнула поспехаў і стала вядомай у музычным асяроддзі, дзякуючы не толькі таленту, але і штодзённым рэпетыцыям. Каб натхніць сваім прыкладам маленькіх музыкантаў і данесці да іх усю прыгажосць і невычарпальнасць музыкі, Юлія Архангельская – піяністка Беларускай дзяржаўнай філармоніі — выступіла ў Школе мастацтваў.

Гісторыя станаўлення гэтай асобы не абышлася без дзівосных супадзенняў і зменлівасці лёсу. Калі ў чалавека ёсць мара, знаходзяцца і сілы яе ажыццявіць, а мара ў Юліі Архангельскай была. Яе заўсёды захапляла музыка, і менавіта выступленні за піяніна сталі неад’емнай часткай жыцця і тым, да чаго яна імкнулася болей за ўсё. Музыка стала яе жыццём.
Сваё дзяцінства яна правяла ў горадзе Бяроза, Брэсцкай вобласці, дзе ўпершыню паспрабавала іграць на піяніна. Яе бацька – Валерый Юр’евіч Архангельскі быў прафесійным баяністам і спачатку не хацеў, каб дачка стала піяністкай. Ён сказаў жонцы, каб дачку не аддавалі ў музычную школу. Спачатку так і было, але па волі лёсу Юлія аднойчы трапіла на музычны занятак разам са сваёй сяброўкай і захапілася гучаннем піяніна. Потым яшчэ адзін штуршок лёсу — Юлія апынулася на канцэрце маладой скрыпачкі разам з матуляй, і пасля яго заканчэння цвёрда вырашыла, што хоча займацца музыкай.
Бацькі пагадзіліся з імкненнем дачкі і аддалі яе ў дзевяць гадоў у музычную школу. Канешне, на той момант пачынаць вучыцца іграць на піяніна было позна, але першая настаўніца —  Наталля Паніна ўбачыла ў дзяўчынкі вялікае жаданне і пачала з ёй займацца. Вынік – за першы год навучання яны прайшлі тры класы. Усё таму, што ў Юліі была мара – выступаць на вялікай сцэне.
Паля заканчэння музычнай школы яна паступіла ў гімназію – каледж пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Паспяхова яго скончыла і паступіла вучыцца ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Яе настаўнікам стаў Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар Юрый Гільдзюк, пад яго кіраўніцтвам Юлія Архангельская скончыла акадэмію і паступіла ў магістратуру імя Яна Сібеліўса ў Фінляндыі, дзе паспяхова вучылася і атрымала разнастайны музычны вопыт.
За гэты час Юлія Архангельская паспела паўдзельнічаць і перамагчы ў шматлікіх музычных конкурсах як у Беларусі, так і за мяжой. Прымала ўдзел у міжнародных майстар-класах і фестывалях.
Зараз яна гастралюе па Беларусі з канцэртамі, якія праходзяць у дзіцячых музычных школах і школах мастацтваў. Чэрвень стаў адным з гарадоў, якія наведала піяністка. Юлія памятае, як сама была маленькай і чакала кожнага музычнага канцэрта, які праходзіў у родным горадзе Бяроза. Таму ёй вельмі падабаецца выступаць ў невялікіх гарадах, іграць для дзяцей, якія не заўсёды маюць магчымасць пабываць на канцэртах у Мінску. Спецыяльна для дзяцей яна падбірае рэпертуар, каб слухачы вучыліся разумець і адчуваць музыку. Як расказала сама піяністка, гэтаму вельмі паспрыяла тое, што яна не так даўно сама стала матуляй і кожны дзень бачыць, як расце яе маленькі сын Цімафей. Вучыцца адрозніваць музычныя гукі і танальнасці. Але, як адзначае Юлія, сыну больш падабаецца маляваць, чым займацца музыкай.
Яшчэ адзін цікавы факт. Акрамя таго, што бацька нашай гераіні быў прафесійным музыкантам, і яна сама стала піяністкай, муж Юліі  — Аляксандр Палякоў — таксама знакаміты прадстаўнік айчыннай фартэпіяннай школы. Вось такая музычная сям’я. Творчы саюз двух таленавітых піяністаў, які аднойчы склаўся на занятках у акадэміі музыкі, дзе вучыліся Юлія і Аляксандр, перарос яшчэ і ў саюз сямейны.
Юлія Архангельская і Аляксандр Палякоў разам выступаюць на вялікай сцэне. Канцэрт “Пад зоркай Шапэна”, які быў прымеркаваны да 80-годдзя Белдзяржфілармоніі, прайшоў напрыканцы лета ў вялікай зале філармоніі.
На пытанне: “Як у адной сям’і ўжываюцца два таленавітых музыканта?” Юлія адказала, што яны з Аляксандрам вельмі добра разумеюць адзін аднаго і імкнуцца заўсёды да дыялогу, бо трэба слухаць адзін аднаго і разумець. Яна вельмі ўдзячна свайму мужу, што ён разумее і спрыяе яе музычнаму развіццю і заўсёды падтрымлівае, а яна, у сваю чаргу,  падтрымлівае яго.
Напрыканцы нашай размовы Юлія дала рэкамендацыі тым, хто робіць першыя крокі ў музыцы.
-Я жадаю дзеткам атрымліваць як мага больш музычных уражанняў і знаёміцца з творчасцю і мастацтвам. Каб пры магчымасці яны з бацькамі прыязджалі ў тэатры і філармонію, таму што зараз існуе шмат праектаў, якія зацікавяць іх. Па тэлебачанні не заўсёды можна пачуць якасны канцэрт, а трэба каб дзеці больш сутыкаліся з культурай і развівалі свой патэнцыял.
Таксама піяністка пажадала жыхарам Чэрвеня больш пазітыва ў жыцці. Каб людзі знаходзілі радасць у простых рэчах: ласкавай усмешцы, кубачку гарбаты і якаснай музыцы. А яшчэ трэба ўмець марыць і ажыццяўляць мары. З гэтага і складаецца простае чалавечае шчасце.

Таццяна МАЛАХОЎСКАЯ. Фота аўтара



1 комментарий по теме “Юлія Архангельская: “Самае вялікае шчасце — бачыць ззяючыя вочы дзяцей пасля канцэрта”

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *