«Я ўпершыню буду ўдзельнічаць у такім высокім форуме»

Общество

5769Да пачатку Усебеларускага народнага сходу застаецца менш месяца. Дэлегаты рыхтуюцца да гэтай важнай для краіны падзеі. Чэрвеншчыну прадставяць дзевяць чалавек. Адзін з іх — галоўны ўрач Чэрвеньскай раённай бальніцы Андрэй Прахарэнка.

Для даведкі. Нарадзіўся ў горадзе Гомеле, там жа скончыў дзяржаўны медыцынскі універсітэт па спецыяльнасці ўрач-хірург. Аб прафесіі медыка марыў з дзяцінства. Пасля заканчэння універсітэта праходзіў інтэрнатуру на базе Салігорскай ЦРБ, потым працаваў урачом-хірургам, намеснікам галоўнага ўрача Капыльскай ЦРБ. Прайшоў перападрыхтоўку на базе Беларускай Медыцынскай Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці арганізацыя аховы здароў’я. У верасні 2015 года прызначаны на пасаду галоўнага ўрача Чэрвеньскай раённай бальніцы.

Мы папрасілі расказаць Андрэя Уладзіміравіча, з якім настроем ён едзе на народны сход, што чакае ад удзелу ў ім, а таксама аб развіцці аховы здароўя ў нашым раёне.

— Вельмі прыемна і ў той жа час хвалююча ўдзельнічаць у гэтай важнай падзеі. Дзякую кіраўніцтву раёна і ўдзельнікам раённага сходу за давер і падтрымку маёй кандыдатуры. Як чалавека, мяне цікавяць розныя пытанні — як будзе далей развівацца прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, эканоміка. Як урача, хвалююся аб вырашэнні пытанняў аховы здароўя, асабліва на раённым узроўні. Мне здаецца правільнай думка, што асноўныя сродкі, якія выдзяляюцца дзяржавай для гэтай галіны, трэба накіроўваць на дыягностыку, каб выяўляць хваробу на ранняй стадыі. Людзі павінны быць зацікаўлены ў захаванні свайго здароўя.
У нашай бальніцы ў апошні час менавіта гэтаму напрамку надаецца значная ўвага. На належным узроўні мы наладзілі лабараторныя даследаванні, функцыянальную даягностыку. Праводзім прафілактычную работу ў працоўных калектывах, расказваем аб неабходнасці медаглядаў. Калі патрэбна дадатковая кансультацыя, маем магчымасць адпраўляць пацыентаў у буйнейшыя бальніцы і інстытуты краіны.
Спадзяюся, што на Усебеларускім сходзе будзе магчымасць пагутарыць з калегамі, пацікавіцца вопытам іх работы, пераняць штосьці для свайго раёна. Мяркую, што з дапамогай гэтага мерапрыемства знойдзе вырашэнне і такая вострая для раёнаў праблема, як недахоп участковых урачоў, замацаванне маладых кадраў на вёсцы.
У нашым раёне ў гэтым напрамку ёсць зрухі. Толькі ў 2015 годзе да нас прыехалі 11 урачоў, з іх 5 — маладыя спецыялісты. Чакаем значнае папаўненне выпускнікоў з медыцынскіх устаноў і сёлета.
Усяго сярэдніх медыцынскіх работнікаў у нас працуе 251, гэта 74,7 % ад патрэбы, урачоў — 69 — 60,3 % ад патрэбы. Некаторыя вымушаны сумяшчаць некалькі спецыяльнасцей.
Я сам стараюся сумяшчаць адміністрацыйную работу і ўрачэбную практыку. Кваліфікацыю патрэбна падтрымліваць. Вяду палату ў хірургічным аддзяленні, бяру дзяжурствы. Мой працоўны дзень пачынаецца крыху раней васьмі гадзін раніцы. Я абавязкова наведваю рэанімацыю, цікаўлюся станам здароўя хворых, прымаю справаздачу ад дзяжурных урачоў аб ходзе спраў у другіх аддзяленнях. Потым займаюся гаспадарчымі пытаннямі. Дзень вельмі запоўнены, але мне гэта падабаецца. Так вастрэй адчуваеш жыццё.”

Гутарыла Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *