Прысвяцілі Дню Перамогі

Общество

43657Вечарына, прысвечаная Дню Перамогі, адбылася днямі ў Чэрвеньскай дзіцячай школе мастацтваў. Яе ладзілі работнікі краязнаўчага музея, школы мастацтваў і цэнтральнай раённай бібліятэкі ў гонар памяці тых, хто дараваў нам мір і свабоду.

Навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Вікторыя Ярашэвіч на мультымедыйнай устаноўцы прадэманстравала ўрывак з фільма пра асноўныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага перыяду на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна.
У выкананні народнай музычнай капэлы «Ігуменскія крыніцы» і народнага вакальнага ансамбля «Рэха» прагучалі песні: «Радзіма мая дарагая», «Санет памяці» і «Малітва». Саліравала Галіна Прышывалка.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся раённы ваенны камісар Вадзім Станкевіч.
Далей святочны канцэрт прадоўжылі навучэнцы школы мастацтваў. У выкананні школьнага ансамбля прагучала песня «Аб той вясне». Музычны твор «Распрагайце, хлопцы, коней» выканаў баяніст Юрый Копаць. Дуэт акардэаністаў у складзе Мікалая Мяшкова і Кірыла Няборскага сыгралі вядомы твор «Яблычак». Музычны твор па матывах вядомай песні «Казакі» прагучаў у выкананні дуэта баяністаў Юрыя Калесніка і Аляксандра Капцелава.
У канцэрце таксама прагучалі вершы ў выкананні вучняў гімназіі №1 імя В.А.Караля Леры Бандарчык, Дзімы Баркоўскага, Максіма Краснагіра. Навучэнка тэатральнага аддзялення школы мастацтваў Насця Марціновіч прадставіла ўрывак з нарыса Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі». Людміла Турбал прачытала верш «Аб маці» паэтэсы Ніны Турбал.
На заканчэнне святочнай праграмы ў суправаджэнні народнай музычнай капэлы «Ігуменскія крыніцы» салістка Галіна Прышывалка выканала песню «Майскі вальс». Удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем падпявалі ёй.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *