Аграэкасядзіба «Ведрыца»

Общество

Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Адпачынак у вёсцы» напрыканцы мая ладзілася мерапрыемства пад назвай «Дзень адчыненых дзвярэй у беларускіх сядзібах». У гэты дзень турысты, турысцкія арганізацыі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі мелі магчымасць наведаць сядзібы ў Мінскай вобласці і пазнаёміцца з магчымасцямі адпачынку ў вёсцы. У Чэрвеньскім раёне карэспандэнт газеты наведала сядзібу «Ведрыца» у вёсцы Карпілаўка Калодзежскага сельсавета.

Гасцей на парозе дома хлебам-соллю сустракаў гаспадар сядзібы Валерый Савіцкі. Разам з турыстамі з Мінска і дырэктарам дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі «Чэрвеньскі раённы турысцка-краязнаўчы цэнтр» Аксанай Канапелька адразу накіраваліся ў дом. Збудаванне мансарднага тыпу, двухпавярховае, з цэглы, уся ўнутраная аздоба — з дрэва. На першым паверсе тры пакоі, якія здаюць  адпачываючым на 5-6 чалавек. На другім паверсе — бібліятэка і пакой адпачынку пасля лазні. Тут таксама тры спальныя месцы для гаспадароў. У доме — лазня на два месцы. Вада на патрэбы бярэцца з калодзежа, прыбіральня — на падворку.

Харчаваннем госці забяспечваюць сябе самі. У кухні ёсць ўсё неабходнае — мэбля, посуд, халадзільнік, газавая пліта. Але можна заказаць папярэдне харчаванне ў гаспадара. Стравы ён прыгатуе сам і на высокім узроўні, таму што — прафесійны повар. У гэтым пераканаліся госці. Абед, які прапанаваў Валерый Уладзіміравіч, спадабаўся ўсім. У меню: юшка, дранікі з мясам, катлеты «Нясвіж», тэфтэлі, бульба вараная, булачкі, чай, бярозавік.

Для аматараў гатаваць стравы на падворку — вогнішча і мангал. Ёсць магчымасць зварыць юшку з рыбы, якую жадаючыя ловяць  на водасховішчы самі. Вяскоўцы прапануюць адпачываючым свойскія яйкі і малако.

Паабедаць можна ў добрае надвор’е на свежым паветры, а можна і ў альтанцы, дзе вялікі драўляны стол з лаўкамі. Тут таксама паліцы з кнігамі. Асобна стаіць альтанка, абсталяваная пад «ванны пакой». Замест даху — шкло. Той, каму падабаецца такая «экзотыка», можа прыняць ванну з траў прама пад зорным небам. Жонка Валерыя Уладзіміравіча і першая яго памочніца Таццяна Фёдараўна — аграном па адукацыі, захапляецца фітатэрапіяй, аматарка здаровага ладу жыцця. Прыгатаваная яе рукамі фітаванна падабаецца гасцям сядзібы. Гаспадар прапануе і такую паслугу, як масаж, які ён зробіць сам. На гэта мае адпаведны сертыфікат.

Адпачынак добры і на беразе водасховішча, якое ў 400 метрах ад сядзібы. Ёсць пляж, а таксама ўсе ўмовы для рыбалкі. Можна пакатацца на лодцы, веласіпедзе і, нават, на кані. А можна проста прайсціся па лесе ўздоўж маленькай рачулкі Карпілаўкі.

У лесе за сядзібай аматары «ціхага палявання» маюць магчымасць назапасіць сабе ягад і грыбоў.

Гаспадар — інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання. Акрамя таго, ён — столяр, плотнік, вадзіцель, садавод. У  сядзібе можна навучыцца (канешне, каму гэта цікава)  касіць, араць, рэзаць дровы, паліць лазню і печкі, плесці лапці, запрагаць каня ў калёсы і разбіваць палатку. Апошняе асабліва падабаецца дзецям. Дарэчы, хто адпачывае з малымі дзецьмі, могуць пакінуць іх на некаторы час пад наглядам гаспадароў.

Жадаючыя маюць магчымасць дапамагчы мясцовым пенсіянерам касіць траву, секчы дровы, на агародзе. Мясцовы егер правядзе паляўнічых звярынымі сцежкамі  (тых, хто мае на гэта права).

Колькі ж каштуе такі адпачынак? Ёсць пералік паслуг, якія ўваходзяць у кошт пражывання: кухня з усім неабходным, мангал і дровы, тэлебачанне, відэапрайгравальнік, шашкі, даміно, карты, музычны цэнтр, пральная машына — за гэта трэба заплаціць да 150 тысяч рублёў у суткі, з лазняй — да 230, з абедам і вячэрай, прыгатаванымі гаспадаром, — да 450 тыс. рублёў. Ёсць яшчэ вялікі пералік дадатковых паслуг, сярод якіх фотасесіі ў нацыянальных касцюмах, летні душ, транспартныя паслугі, грузаперавозкі, дробныя слясарныя і аўтамеханічныя работы, догляд за дзецьмі 2-3 гадзіны і іншыя.

З сядзібай знаёмілася і фатаграфавала Таццяна МАРЦЬЯНАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *