Чароўная торбачка ў Чэрвені

Общество

Днямі  ў госці да сяброў кнігі ў дзіцячую бібліятэку завітаў пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. Ён прыехаў да маленькіх чытачоў (гэта былі вучні 2-4 класаў), захапіўшы з сабой чароўную торбачку, поўную падарункаў. Каб атрымаць падарунак, неабходна было  расказаць верш на роднай мове, адгадаць загадку, паўтарыць прымаўку-нявымаўку. У гэту гульню-забаву ўключыліся нават настаўнікі і работнікі бібліятэкі. Не адразу і ў дарослых атрымалася хутка паўтарыць напрыклад такую скорагаворку: «Дабёр бабёр, бабраняты — на падвор».

Дзеці з задавальненнем паўтаралі разам з пісьменнікам: «Добры ранак!», «Добры дзень!», «Добры вечар!», «Дабранач!», «Дзякую!», «Калі ласка!» Адказвалі на пытанні, адгадвалі загадкі, чыталі вершы.

Таму не дзіўна, што потым з чароўнай торбачкі, як з казачнага рога, пасыпаліся падарункі: закладкі з выявамі славутых асветніц Беларусі, паштоўкі з народнымі назвамі, кніжкі, аздобленыя выдатнай мастачкай Аленай Лось.

Пісьменнік у гульнёвай форме пазнаёміў дзяцей са сваімі кнігамі, у якіх своеасабліва апісвае раслінны і навакольны свет нашай краіны. Народныя легенды, паданні, загадкі, лічылкі, скорагаворкі, забаўлянкі, дзіцячыя гульні ўдала ўключаны ў яго творы, прысвечаныя роднай прыродзе — «Ці вернецца князь Кук?», «У царстве Вадзяніка», «Дзівосны карабель», «Птушыная дарога», «Цікаўныя выдраняты»,  «Срэбракрылыя стужкі», «Жывая вада крыніц», «Галасы старажытных падарожнікаў», «Нацыянальны парк Прыпяцкі», «Птушкі побач з намі», «Бярэзінскі біясферны запаведнік», «Беларуская восень» і інш. Упрыгожыць творы дзівоснымі фотаздымкамі яму дапамог сябар з Гродна Сяргей Чарапіца.

Гартаючы старонкі сваіх кніг, пісьменнік цікавіўся ў дзяцей, ці ведаюць яны такіх жывёл, птушак, расліны. Акцэнтаваў увагу на тых відах жывёльнага і расліннага свету, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Уладзімір Іванавіч пераканаў школьнікаў, што пра сваё захапленне прыродай можа гаварыць бясконца.

Асаблівае месца ў яго творчасці займаюць казкі, апавяданні і аповесці для дзяцей. Некаторыя п’есы («Залатое зярнятка», «Пякла баба калачы», «Усміхніся, прынцэса!») ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на беларускім радыё і тэлебачанні.  Не менш цікавымі з’яўляюцца творы аўтара пра гістарычнае мінулае. Яны знаёмяць з найбольш памятнымі і значнымі падзеямі, з’явамі, помнікамі прыроды, культуры і гісторыі, вядомымі асобамі, якімі адметна Беларусь. Героі нібыта клічуць зазірнуць у даўніну, каб даведацца, дзеля чаго жылі нашы продкі, чым займаліся, што пакінулі пасля сябе.

Уладзімір Іванавіч дапісаў і ўключыў у выданне «Азбукоўнік», які быў надрукаваны раней, літары й, ў, апостраф (спачатку іх там не было), якія ў беларускай мове маюць вялікае значэнне.

Назіраючы за эмоцыямі дзяцей, можна сцвярджаць, што кнігі Уладзіміра Ягоўдзіка выклікалі цікавасць. Некалькі сваіх кніг Уладзімір Ягоўдзік падараваў дзіцячай бібліятэцы.

А на заканчэнне сустрэчы дзеці паглядзелі мультфільм «Піліпка-сынок» паводле беларускай казкі пра дабро і зло, які створаны рэжысёрам Таццянай Кубліцкай на кінастудыі «Беларусьфільм».

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *