З каханнем і павагай

Люди и судьбы

Паўвека крочаць разам па жыцці Алена Пятроўна і Юрый Мікалаевіч ГАЙКОВЫ з Чэрвеня. Першыя гады іх сумеснае жыццё пачало адлічваць у далёкім Казахстане, на цаліне… Кожны ішоў да першай сустрэчы ў казахскім стэпе сваім шляхам…

Юрый Мікалаевіч нарадзіўся ў Харкаве ў 1945 годзе. Бацька загінуў на фронце. І аб маці няма ніякіх звестак. Зусім маленькім трапіў у дзіцячы дом, які знаходзіўся недалёка ад Харкава ў пасёлку Песачын. Пасля вайны шмат дзяцей засталіся без бацькоў. Пазней, як пайшоў у школу, перавялі ў Дзергачы ў дзіцячы дом №3 у тым жа Харкаўскім раёне. Там быў свой музычны аркестр, у якім на розных інструментах іграла 60 выхаванцаў. Адбіралі туды здольных да музыкі дзяцей. Юра іграў на кларнеце. Вывучаў нотную грамату. Ігралі пераважна класічную музыку: творы Глінкі, Чайкоўскага, Мусаргскага. Гэты дзіцячы аркестр грымеў на ўсю вобласць. У Харкаве заўсёды займаў першыя месцы ў розных конкурсах. У1957 годзе юныя музыканты бралі ўдзел у Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве. З аркестрам аб’ездзілі ўсю  еўрапейскую частку былога Саюза. Летам ездзілі ў піянерскія лагеры ў Крыму — у Феадосію, Алупку, Алушту. Аркестр выступаў там на розных святах.

Пасля заканчэння школы ў 1962 годзе ўсіх выпускнікоў з  дзіцячага дома па камсамольскіх пуцёўках адправілі асвойваць цалінныя землі. Спачатку накіравалі на вучобу ў райцэнтр Есель Цалінаградскай вобласці ў вучылішча механізацыі. Атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста шырокага профілю. Пасля вучобы паехаў у саўгас. Называлася гаспадарка «37 гадоў Кастрычніка», ад Астаны 100 кіламетраў.

— Работы было шмат, — прыгадвае Юрый Мікалаевіч, — працавалі па брыгадах. Наша была за 18 кіламетраў ад цэнтральнай сядзібы саўгаса. У брыгаду як завязуць у сакавіку, дык працуем там, пакуль снег не выпадзе. А потым, калі  валкі заставаліся, выдавалі кажух і ішлі малаціць зерне на фураж.

Алена Пятроўна нарадзілася ў Чэрвені ў 1945 годзе. У сям’і было чацвёра дзяцей. Яна — самая малодшая. Бацькі — рабочыя. Бацька, Пётр Мікалаевіч Нявейка, меў пачатковую адукацыю, а маці,  Крысціна Аляксееўна Варабей, была непісьменная, з шасці гадоў — сірата. Выхоўвалася ў стрыечнай цёткі.

— З цеплынёй прыгадваю школьныя гады, — гаворыць Алена Пятроўна. — У піянерскім хоры, я была актыўнай удзельніцай, вельмі любіла спяваць. Кіраваў ім настаўнік спеваў і музыкі Іван Архіпавіч Няборскі. Тады спявалі амаль усе ў СШ №1. Іван Архіпавіч быў у мяне і класным кіраўніком. Выключна добры  чалавек, настаўнік, музыкант.

Скончыла восем класаў і пайшла працаваць у камбінат бытавога абслугоўвання. Трэба было зарабляць на жыццё. Калі вучылася ў школе, у той час у Чэрвені было чатыры дзіцячыя дамы. Адтуль у нашу школу хадзілі дзеці.  Я сябравала з імі. Калі ў 1962-м годзе даведаліся, што моладзь едзе на цаліну, сабраліся  і мы з сяброўкамі, не чакалі ніякіх пуцёвак. Здарылася так, што яны засталіся ў адным саўгасе, а я паехала ў другі, дзе і напаткала свайго Юру.

Там, на цаліне Алена таксама скончыла вучылішча, вывучылася на вадзіцеля. Працавала поварам і вадзіцелем, вазіла абеды ў поле механізатарам, у гарачую пару — і ад камбайна вазіла збожжа на зернеток.

 

Пазнаёміліся Алена з Юрам на танцах. Хлопцаў было многа ў саўгасе, але  яна выбрала Юру.

— Сёння цяжка сказаць, што мяне прывабіла ў ім, — гаворыць Алена Пятроўна. — Нейкая ж, напэўна, іскра прабегла паміж намі. А, увогуле, ён падаўся мне такім надзейным, сур’ёзным. Не перашкаджала тое, што мелі мы юны ўзрост, калі  ўступілі ў шлюб: па дзевятнаццаць гадоў усяго. Адказнасць была, узаемная падтрымка, павага. Разам нам было вельмі хораша. І я, і ён вельмі любілі і любім чытаць. Дзелімся ўражаннямі аб прачытаных кнігах. Юра  любіць гісторыю, кнігі на гістарычныя тэмы. Шмат чаго ведае. Мы і зараз любім разгадваць красворды, глядзець розныя пазнавальныя перадачы па тэлевізару, інтэлектуальныя гульні накшталт «Што? Дзе? Калі?», «Сто мільёнаў» і іншыя. А красворды нават разгадваем навыперадкі  — хто хутчэй. Збіраюся адаслаць пытанне на гульню «Што? Дзе? Калі?». Яшчэ вязаць люблю і шыць. Асабліва падабаецца рамантаваць адзенне, гэта мой «канёк».

У 1965 годзе, калі Алена чакала першае дзіця, вярнуліся ў Чэрвень. Пасяліліся ў цешчы на Бярэзінскай (зараз Зяневіча) вуліцы. Хатка малая, у ёй, акрамя Алены з Юрам,  месцілася ажно чатыры сям’і: бацькі Алены,  старэйшая сястра з дзіцем, сярэдняя сястра з дачкой. Юрый уладкаваўся працаваць у міжраённую будаўнічую арганізацыю. У той год яго забралі ў войска. Паслалі служыць у Гродна. Спачатку быў у вучэбнай частцы. Скончыў яе, і яму адразу прысвоілі званне сяржанта замест малодшага сяржанта, як звычайна. Неўзабаве Алена нарадзіла хлопчыка, але немаўлятка памерла, роды былі цяжкія, саму маладую маму ледзь адратавалі. Гэта было цяжкім ударам для маладой сям’і. Алена, як аправілася ад родаў, не змагла адна заставацца дома, паехала да мужа ў Гродна. А ў той час горад быў закрыты, там нікога не прапісвалі. Юрый звярнуўся да сакратара Гродзенскага абкама партыі і яшчэ да камандуючага арміяй. Карацей — Алену прапісалі. Знаёмая яе ўзяла на кватэру з умовай — да таго часу, пакуль не народзіцца дзіця. Тады ў войску служылі тры гады, і ўжо на другі год службы Юрыя назначылі старшыной роты мотастралковага палка, у ёй было 82 чалавека. У 1967 годзе ў сям’і нарадзіўся сын Сяргей. Трэба было выконваць умову гаспадыні кватэры — з’ехаць з дзіцем. Юрыю далі водпуску пяць дзён, і ён павёз жонку і сына ў Чэрвень. У 1968 годзе дэмабілізаваўся, прыехаў да Алены. Зноў пайшоў працаваць у міжраённую будаўнічую арганізацыю. Неўзабаве накіравалі ў Мазыр у вучэбна-курсавы камбінат вучыцца на машыніста экскаватара. Атрымалі ў Чэрвені аднапакаёвую кватэру. Пазней, калі нарадзілася дачка Ілона, атрымалі кватэру большую.

Прагныя да ведаў, маючы сына, Алена і Юрый  вырашылі вучыцца далей. Алена скончыла Беларускі завочны сельскагаспадарчы тэхнікум у Смілавічах па спецыяльнасці «Бухгалтэрыя», а Юрый — Мар’інагорскі тэхнікум, атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка.

— Спецыяльнасць атрымаў, а працягваў працаваць экскаватаршчыкам, — гаворыць Юрый Мікалаевіч. — Аднойчы, калі экскаватар быў на рамонце, хлопцы пачалі з мяне пацешвацца, маўляў, адукацыю маеш, а ходзіш у мазуце. Разахвоцілі мяне, кажу: давайце ручку. Напісаў заўвагу, што прашу даць работу па спецыяльнасці. Паставілі мяне механікам. Экскаватары, краны, бульдозеры, раствора-бетонны вузел, сталярны цэх, піларама — усё гэта стала маёй гаспадаркай. Усе рамонтныя работы былі на мне.  39 гадоў адпрацаваў на адным месцы. Адсюль і на пенсію выйшаў.

Алена працавала бухгалтарам на аўтабазе, у аддзеле рабочага забеспячэння. З маладосці сябравала са спортам —  займалася лёгкай атлетыкай, асабліва любіла веласіпед. Яшчэ адно захапленне — вязанне і шыццё.

Напэўна ў кожнай сям’і бываюць складаныя перыяды. Так  здарылася і ў Гайковых: самым сапраўдным выпрабаваннем для іх стала цяжкая хвароба Алены. Вось калі адчула жанчына, што яе любы абраннік, яе муж, заўсёды будзе ёй надзейнай апорай і падтрымкай. Юрый узяў на сябе і клопат пра жонку, і ўсю хатнюю гаспадарку. Менавіта так яны з любоўю і павагай працягваюць жыць. Дзеці і ўнукі — частыя госці ў іх доме. Дапамагаюць ва ўсім. Сын Сяргей зараз прадпрымальнік, жыве ў Мінску. Разам з бацькам яны зрабілі рамонт  кватэры. Дачка Ілона — медработнік, працуе ў інстытуце анкалогіі. Дарэчы, і прафесію абрала такую, каб маму лячыць.

У Гайковых — два ўнукі, дзве ўнучкі і два праўнукі. Дружная сям’я  радуецца кожнаму новаму дню.

 

Жадаем вам, шаноўныя Алена Пятроўна І Юрый Мікалаевіч, моцнага здароўя, дабрабыту і разам сустрэць яшчэ не адзін сумесны юбілей!

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *