«У раёне ёсць трывалая база і патэнцыял для руху наперад»

Общество

У пятніцу на ўрачыстым сходзе ў гарадскім Доме культуры падвялі вынікі працы народнай гаспадаркі Чэрвеньшчыны за мінулы год.

Грунтоўны іх аналіз зрабіў у сваім выступленні старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Зубар. Ён распавёў пра дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці, спыніўся на праблемах, акрэсліў перспектывы далейшага развіцця рэгіёна.

Лепшыя па прафесіі. Здымак на памяць са старшынёй райвыканкама Андрэем Зубарам
Лепшыя па прафесіі. Здымак на памяць са старшынёй райвыканкама Андрэем Зубарам

У раёне ёсць трывалая база і патэнцыял для руху наперад, — зазначыў Андрэй Зубар. — Перад намі стаяць задачы далейшага развіцця ўсіх галін эканомікі. Сярод іх — стварэнне новых вытворчых і рабочых месцаў, паляпшэнне інвестыцыйнай прыцягальнасці раёна. Неабходна прымаць меры па павышэнню эфектыўнасці працы існуючых прадпрыемстваў, знаходзіць рэзервы росту прадукцыйнасці працы і, як вынік, заработнай платы.

Рэалізацыя пастаўленых задач будзе шмат у чым залежыць ад кожнага з нас: дзяржаўных служачых, работнікаў сацыяльнай сферы, кіраўнікоў працоўных калектываў, кожнага актыўнага і неабыякавага жыхара раёна. У грамадстве павінна быць створана дзелавая абстаноўка і падтрымка ўсіх канструктыўных ініцыятыў. Мы будзем рабіць вялікую стаўку на моладзь. Не толькі дзяржаўныя органы, але і гаспадарчыя суб’екты, усё грамадства, кожны грамадзянін павінны падзяліць адказнасць за ход і вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Чэрвеньшчыны…

Старшыня райвыканкама выказаў упэўненасць у тым, што нястомная і карпатлівая праца, адказнасць кожнага дапамогуць дасягнуць пастаўленых задач, памножыць поспехі раёна.

— У нас цудоўны рэгіён, цудоўныя людзі і вялікая будучыня. Не бачу абсалютна ніякіх перашкод для таго, каб наш раён развіваўся, — сказаў Андрэй Зубар.

Думку аб тым, што Чэрвеньшчына можа і здольная мець лепшыя, чым зараз, дасягненні выказаў у сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў урачыстасці і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Віктар Шчэцька.

Н.Харонжына
Н.Харонжына

Старшыня праўлення Мінскага абласнога Саюза спажывецкіх таварыстваў, куратар Чэрвеньскага раёна ад Мінаблвыканкама Валерый Марынічаў уручыў Ганаровыя граматы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за добрасумленную працу, прафесіяналізм, асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна кіраўніку народнага жартоўнага ансамбля «Чэрвеньскія балагуры» Андрэю Каленіку і начальніку цэха безалкагольных напіткаў Чэрвеньскага вытворча-харчовага завода Жанне Няборскай, Падзякі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую працу, прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў — майстару ўчастка «Клінок» ААТ «Рыбгас «Волма» Івану Аблавацкаму, цесляру Чэрвеньскай ПМК-237 Валерыю Пятроўскаму і аператару па асемяненню жывёлы ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс» Наталлі Каваленка.

Падзякі Мінскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, якія ўручыў намеснік старшыні гэтай арганізацыі Пётр Окунеў, атрымалі дырэктар ААТ «Рыбгас «Волма» Аляксандр Кулікоўскі — за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё гаспадаркі, актыўнае супрацоўніцтва з прафсаюзам у вырашэнні праблем павышэння ўзроўню жыцця работнікаў; галоўны бухгалтар ААТ «Валевачы» Таццяна Алейнік — за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі, прафесіяналізм, плённае сацыяльнае партнёрства і актыўны ўдзел у прафсаюзнай рабоце раёна і гаспадаркі; вадзіцель ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс» Мікалай Маковіч — за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі і прафесіяналізм; загадчык лабараторыі ветэрынарнай клінікі Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Галіна Ігнаценка — за шматгадовую добрасумленную працу і прафесіяналізм, падрыхтоўку маладых спецыялістаў для сельскай гаспадаркі.

У.Мірановіч
У.Мірановіч

Затым Андрэй Зубар уручыў Ганаровыя граматы, памятныя знакі «90 гадоў Чэрвеньскаму раёну», грашовыя прэміі і кветкі кіраўнікам дзевяці лепшых арганізацый у галінах сельскай гаспадаркі і рыбаводства, прамысловасці, будаўніцтва, паслуг, гандлю і грамадскага харчавання, адукацыі, аховы здароўя і культуры, тром лепшым кіраўнікам і трыццаці шасці работнікам у намінацыі «Лепшы па прафесіі», якія па выніках працы за мінулы год занесены на раённую Дошку гонару.

Таксама ўзнагароды атрымалі пераможцы мінулагодняга абласнога маладзёжнага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на жніве —  старшы камбайнер ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс” Міхаіл Гатоўка, старшы камбайнер эксперыментальнай базы «Натальеўск» Андрыян Савіч і вадзіцель сельгасфіліяла «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» Яўген Сасункевіч.

Уручэнне ўзнагароды А.Ламаку
Уручэнне ўзнагароды А.Ламаку

За дасягненне высокіх вынікаў у галіне жывёлагадоўлі за 2014 год адзначаны аператар па вырошчванню буйной рагатай жывёлы эксперыментальнай базы «Натальеўск» Галіна Бубенка, аператар машыннага даення кароў гэтай жа гаспадаркі Галіна Весялова і аператар свінаводчага комплексу ЗАТ «Турэц» Галіна Фядотава.

На свяце ў якасці ганаровых гасцей прысутнічалі прадстаўнікі сталічных прадпрыемстваў-інвестараў: намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод па кадрах, сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце Уладзімір Брагін, першы намеснік генеральнага дырэктара КУП «Мінсктранс» Алег Дзюбенка, намеснік генеральнага дырэктара СП «Унібокс» па сельгасвытворчасці Андрэй Макаранка, генеральны дырэктар ААТ «Мінскжалезабетон» Аляксандр Шабан, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Мінскі малочны завод №1» па сельскай гаспадарцы Віктар Броўка, а таксама першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна г.Мінска Андрэй Лабовіч.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *