Дзесяць год — з любоўю да роднага краю

Общество

Сёлетняя восень — адметная для сяброў клуба «Бонда», які працуе пры Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеі. У верасні гэтаму аматарскаму аб’яднанню споўнілася дзесяць гадоў.

Юбілей стаў нагодай для святочнай вечарыны, якая адбылася ў раённым Цэнтры культуры і адпачынку. На ёй падчас фотапрэзентацыі ажыла гісторыя «Бонды». Адмыслова згрупаваныя па рубрыках здымкі з пасяджэнняў, цікавых сустрэч і вандровак абудзілі ў бондаўцаў прыемныя ўспаміны. Раённы краязнаўчы музей і краязнаўчы клуб «Бонда» адзначылі да юбілею Падзякамі за адданасць, вялікую зацікаўленасць і актыўны ўдзел у мерапрыемствах сяброў клуба Ларысу Марэніну, Валянціна Чарнаўца, Зою Сушкевіч, Ганну Зайцаву,  Валянціну Пікулік, Святлану Бабровіч, Галіну Осіпаву, Вольгу Зыль, Ірыну Фёдараву, Людмілу Чаркоўскую, Таццяну Гаўрыльчык, Галіну Дубовік і Уладзіміра Дарагужа. Уручаючы іх, дырэктар музея Алена Забаронак адзначыла, што за дзесяць гадоў бондаўцы сталі згуртаваным калектывам, камандай аднадумцаў, асабліва падкрэсліўшы ролю ў гэтым кіраўніка клуба, супрацоўніцы музея Станіславы Баркоўскай, самаадданай і энергічнай жанчыны з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якая ўмее захапіць сваім інтарэсам іншых.  Цудоўны падарунак падрыхтаваў удзельнікам вечарыны раённы Цэнтр культуры і адпачынку, запрасіўшы іх на невялікі, але шчыры канцэрт з удзелам салістаў Марыны Сіняўскай, Надзеі Чарніцкай і народнага жартоўнага гурту «Чэрвеньскія балагуры».

Па заканчэнні імпрэзы мы пагутарылі са Станіславай Баркоўскай.

— Станіслава Чаславаўна, з чаго ўсё пачыналася? Як узнікла ідэя стварэння аб’яднання і чаму яго назвалі «Бонда»?

— Калі я працавала ў аддзеле адукацыі райвыканкама, мы з супрацоўнікамі, настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры спасцігалі краязнаўства, выязджаючы ў вандроўкі па месцах жыцця і творчасці нашых знакамітых пісьменнікаў. Потым падчас працы ў музеі пачала запрашаць на адкрыццё выстаў сваіх знаёмых, сяброў, тых жа настаўнікаў. Так і сфарміравалася невялікая група людзей, зацікаўленых у краязнаўстве, якая пазней аб’ядналася ў клуб.

Што да яго назвы… Бонда — гэта старажытны беларускі звычай узаемапачастунку. Нашы продкі былі вельмі гасціннымі. Калі ў некага чагосьці было шмат, то абавязкова частавалі суседзяў, блізкіх, знаёмых, сваякоў. Спякла гаспадыня хлеб (а хлеб пяклі адзін-два разы на тыдзень) і пачаставала суседку з аднаго боку, з другога. Тая пра тыдзень спякла хлеб — яе пачаставала. І такім чынам амаль што цэлы тыдзень елі свежы хлеб. Гэтак жа частавалі свежыною, яблыкамі, мёдам. А мы частуем адзін аднаго ведамі.

— Якія мерапрыемствы за дзесяцігоддзе існавання клуба былі найбольш запамінальнымі?

— Кожнае мерапрыемства для мяне і, спадзяюся, для сяброў «Бонды» па-свойму адметнае, памятнае.

Па-першае, гэта музейныя выставы. Ужо стала добрай традыцыяй, што пасяджэнні клуба прымяркоўваюцца да іх адкрыцця. Бондаўцы — своеасаблівыя эксперты выстаў. Яны заўсёды робяць слушныя заўвагі, прапановы, выказваюць свае меркаванні, сваё бачанне экспазіцыі. І гэта потым вельмі дапамагае падчас правядзення экскурсій.

Асобны накірунак — сустрэчы з цікавымі людзьмі, вывучэнне лёсаў знакамітых землякоў. Сярод тых, хто быў нашымі гасцямі — мастакі Алесь Суша і Генадзь Матусевіч, «Жанчына года» Мінскай вобласці — дырэктар эксперыментальнай базы «Натальеўск» Алена Махнач, святары ўсіх канфесій, якія ёсць на тэрыторыі раёна…

Неад’емная і, бадай, самая любімая і жаданая частка мерапрыемстваў, якія праводзіць клуб, гэта вандроўкі. Пачыналі мы з Чэрвеньшчыны, з паездак у Раванічы і Раваніцкую Слабаду, Смілавічы, са знаёмства з цэрквамі Лядзенскага і Хутарскага сельсаветаў. Потым пашырылі геаграфію падарожжаў, адкрываючы для сябе палацы і замкі, велічныя храмы, знакамітыя і знакавыя мясціны Беларусі. Мір, Наваградак, Нясвіж, Віцебск, Бабруйск, Магілёў, Свір, Мосар, Гервяты, Мядзель, Паставы, Студзёнка, Станькава, Жыровічы… Калі пералічыць кожны населены пункт, дзе давялося пабываць, напэўна, газетнай старонкі не хопіць. Усяго здзейснілі каля 40 вандровак.

Адметна, што апошнім часам нашы сябры падарожнічаюць па Беларусі сем’ямі: з мужамі, дзецьмі, унукамі. У некаторых мясцінах мы пабывалі неаднойчы. І кожным разам адкрываем там для сябе нешта новае, цешымся тым, што многія культурна-гістарычныя аб’екты, якія раней знаходзіліся ў занядбаным выглядзе, аднаўляюцца, прыгажэюць.

Радуе, што людзі падчас сустрэч, вандровак узрастаюць духоўна. Напрыклад, адзін з сяброў клуба, які нават не быў ахрышчаны, пасля нашых вандровак прыняў веру. Увогуле, вернікі, якіх бы яны ні былі канфесій, у храме мяняюцца ў твары. Неаднойчы заўважала на іх вачах шчырыя слёзы.

Запомнілася гутарка з ксяндзом Міраславам у Лагішыне, падчас якой ён  сказаў: «Неабавязкова ведаць малітву. Важна, каб чалавек, прыйшоўшы ў храм, проста стаў на калені, паглядзеў на абраз і задумаўся пра сваё жыццё…

— Станіслава Чаславаўна якія мерапрыемствы плануеце ў клубе на бліжэйшы час?

— Хацелася б асвоіць новыя экскурсійныя маршруты на Чэрвеньшчыне. У прыватнасці, ёсць задума наведаць гарадзішча Уборкі, што непадалёк ад вёскі Рудня. Яно месціцца крыху ўбаку ад вялікіх дарог, ад людскога вока, у лесе на стыку дзвюх рэк Ушы і Барсучанкі і вельмі добра захавалася. Там можна было б пагутарыць пра тое, як жылі нашы продкі… Спадзяюся, што традыцыйна прапануюць цікавыя мерапрыемствы самі бондаўцы. Іх ініцыятыва — добры рухавік у працы клуба.

— Дзякуй, Станіслава Чаславаўна, за гутарку. «Бондзе» — захапляльных вандровак, новых адкрыццяў, яркіх уражанняў, цікавых сустрэч.

— Дзякуй!

Ігар АДАМОВІЧ

На здымку: адно з першых пасяджэнняў клуба. Фота  з архіву клуба «Бонда»

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *