Прафесія — ствараць жыццё

Общество

старшыня камісіі конкурсу Віктар Ляснеўскі прымае тэарэтычны іспыт
старшыня камісіі конкурсу Віктар Ляснеўскі прымае тэарэтычны іспыт

У пятніцу ў Чэрвеньскай райплемстанцыі прайшоў раённы конкурс-атэстацыя тэхнікаў па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы. Удзел у ім узяў 21 прадстаўнік гэтай прафесіі з усіх гаспадарак Чэрвеньшчыны.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня камісіі конкурсу, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Віктар Ляснеўскі падкрэсліў, што выхад тэхналогіі ўтрымання дойнага статку і вытворчасці малака ў сельгаспрадпрыемствах на больш высокі ўзровень істотна павышае патрабаванні да кваліфікацыі тэхнікаў-асемянатараў.

— Сёння ў раёне працуе дзве малочнатаварныя фермы з робатызаванымі  даільнымі ўстаноўкамі (у СГК «Велікаполле» і сельгасфіліяле «Новыя Зелянькі»), — зазначыў ён. — Акрамя таго, у кожнай гаспадарцы праведзена рэканструкцыя фермаў пад бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы з абсталяваннем іх даільнымі заламі розных мадыфікацый. Даўней, калі каровы навязваліся на ланцуг і даярка ведала кожную сваю рагулю, як кажуць, у твар, яна, напрыклад, дапамагала асемянатарам выяўляць жывёлу ў ахвоце. Цяпер даярка па-сапраўднаму стала аператарам машыннага даення. А клопаты па выяўлення кароў у ахвоце, выбару аптымальнага часу для іх асемянення і гэтак далей цалкам леглі на плечы тэхнікаў-асемянатараў і заатэхнікаў-селекцыянераў…

адно з конкурсных заданняў-ацэнка якасці замарожанай спермы пад мікраскопам
адно з конкурсных заданняў-ацэнка якасці замарожанай спермы пад мікраскопам

— Штучнае асемяненне — гэта ювелірная праца, — сказаў, звяртаючыся да тэхнікаў-асемянатараў, член камісіі конкурсу-атэстацыі, галоўны ветурач РУСП «Мінскае племпрадпрыемства» Уладзімір Шаўкун. — І толькі вам адным знаёмыя пачуцці, калі праз дзевяць месяцаў нараджаецца вашымі рукамі створанае жыццё — цялятка…

Падчас спаборніцтва ацэньваліся знешні выгляд удзельніка і вядзенне ім неабходнай дакументацыі, тэарэтычныя веды (кожны тэхнік-асемянатар адказваў на два пытанні экзаменацыйнага білета). Акрамя таго, канкурсанты размарожвалі сперму і ацэньвалі яе якасць пад мікраскопам, паказвалі, як правільна асемяняць буйную рагатую жывёлу. А самая вялікая колькасць балаў налічвалася за выхад цялят на сто кароў і цялушак, які быў атрыманы тэхнікам-асемянатарам па выніках мінулага года.

Першае месца ў конкурсе заняла Людміла Пяхота з эксперыментальнай базы «Натальеўск», другое — Аляксандр Мікульчык з ААТ «Лядзенскі», трэцяе — Наталля Каваленка з ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс», а лепшым маладым тэхнікам па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы названа Зінаіда Мішкевіч з ААТ » Валевачы». Яны ўзнагароджаны Граматамі і грашовымі прэміямі.

— Усе тэхнікі па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, паспяхова прайшлі атэстацыю, у цэлым прадэманстраваўшы даволі неблагія веды, — адзначыў у каментарыі «Раённаму весніку» Віктар Ляснеўскі. — Прычым іх глыбіня была непасрэдна ўвязана з вынікамі працы за мінулы год. Той, хто летась атрымаў большую колькасць цялят на сто кароў і цялушак, падчас спаборніцтва вызначаўся больш дасканалай тэарэтычнай і практычнай падрыхтаванасцю.

Пераможцы
Пераможцы

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *