«Лівадыя-Юні» (Дзяржынск) — «Колас» (Чэрвень) — 1:1

Спорт

9 ліпеня. Дзяржынск. Гарадскі стадыён. Сонечна. 22 градусы. 80 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Петрусевіч, Рысянкоў, Палтаржыцкі, Шалабнёў (Прытыка, 78), Чысты (Сасункевіч, 88), Пыжык (Суша, 84), Ліпніцкі (Няхай, 73), Палынін (Шмідаў, 90), Мрынскі, Трапашка.

Гол у «Коласа»: Трапашка (34, з пенальці).

 

Дзякуючы хатняй перамозе над «Лівадыяй-Юні» ў першым матчы — 2:1, «Коласу» для выхаду ў паўфінал дастаткова было згуляць у Дзяржынску ўнічыю. У выніку так і сталася, хаця ад пачатку чэрвеньцы не настройваліся на ўтрыманне патрэбнага ім ліку, разумеючы, што шчасце трэба шукаць ля чужых варот.

Кажуць, лёгкіх гульняў не бывае ўвогуле, але гэтая выдалася для нашых асабліва цяжкай. «Коласу» фактычна давялося змагацца не з «Лівадыяй-Юні», а з «Лівадыяй», якая гуляе ў другой лізе чэмпіянату Беларусі. Ва ўсякім разе аб’яўленыя дыктарам па стадыёну прозвішчы гаспадароў поля ў пераважнай большасці супадаюць з тымі, што значацца ў саставе гэтай каманды, які няцяжка адшукаць на спартыўных інтэрнэт-сайтах.

Адзін з галоўных козыраў, якія мелі чэрвеньцы, футбалісты «Лівадыі-Юні» выбілі адразу, наладзіўшы шчыльную персанальную апеку двух нашых высокакласных нападаючых — Дзяніса Трапашкі і Аляксандра Мрынскага. Але бяда прыйшла да варотаў дзяржынцаў з іншага боку. Падчас адной з атак «Коласа» абаронца гаспадароў поля згуляў рукою ў сваёй штрафной пляцоўцы, і суддзя без ваганняў паказаў на «кропку». Пенальці беспамылкова выканаў Дзяніс Трапашка.

У другім тайме «Лівадыя-Юні» атрымала рэальны шанц параўнаць лік падобным жа чынам: на 60-й хвіліне адзінаццацімятровы быў прызначаны ўжо ў нашы вароты. Але спачатку Аляксандру Курыловічу дапамагла перакладзіна дзяржынскіх варот, а потым і сам ён у магутным кідку авалодаў мячом пасля дабівання, пацвердзіўшы славу майстра па ўзяццю пенальці.

Напружанай і нервовай атрымалася канцоўка сустрэчы. За дзве хвіліны да заканчэння асноўнага яе часу гаспадары поля параўналі лік. Калі б ім удалося забіць яшчэ адзін мяч, давялося б гуляць дадатковы час з далейшай перспектывай пасляматчавых пенальці. Але абышлося пяццю дабаўленымі хвілінамі, якія, здавалася, цягнуліся цэлую вечнасць…

1:1 — і «Колас» па суме дзвюх сустрэч выйшаў у паўфінал спаборніцтваў. Сапернікам чэрвеньцаў будзе каманда «Ураджайная» з Мінскага раёна. Першы матч нашы футбалісты правядуць сёння ў гасцях. Сустрэча ў адказ —  роўна праз тыдзень у Чэрвені.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *