Футбол: чэрвеньскі «Колас» перамог у гасцях «ДЮСШ-4» з Маладзечна

Актуальное Спорт

У нядзелю футбалісты чэрвеньскага “Коласа” правялі выязны матч 14 тура чэмпіянату Мінскай вобласці з камандай “ДЮСШ-4” (Маладзечна).

У пачатку сустрэчы, якая праходзіла на стадыёне пасёлка Чысць, ініцыятывай валодалі гаспадары поля. Аднак бліжэй да сярэдзіны першага тайма “Колас” выраўняў гульню і на 27-й хвіліне адкрыў лік. Галкіпер чэрвеньцаў Арцём Аўраменка выбіў мяч ад сваіх варот дакладна на Аляксандра Мрынскага, наш гуляючы трэнер па леваму флангу ўварваўся ў штрафную пляцоўку “ДЮСШ-4”, дзе быў спынены недазволеным прыёмам. Ён жа і рэалізаваў адзінаццацімятровы.

У другім тайме “Колас” забіў яшчэ два мячы. Абодва – на рахунку Аляксандра Мрынскага. На 52-й хвіліне перадачай з глыбіні поля яго вывеў сам насам з галкіперам маладзечанцаў Аляксей Ганчарык, а на 81-й выдатны пас Аляксандру аддаў Яраслаў Шкурко.

Гаспадары поля адквіталі адзін мяч з пенальці незадоўга да фінальнага свістка. Такім чынам, “Колас” перамог з лікам 3:1. А хет-трык Аляксандра Мрынскага дазволіў яму з 17 мячамі аднаасобна захапіць лідарства ў спісе бамбардзіраў чэмпіянату.

Чэрвеньцы правялі сустрэчу з “ДЮСШ-4” у наступным саставе: Арцём Аўраменка, Юрый Весялоў, Максім Гумінскі, Аляксандр Данилік, Анатоль Шафераў, Павел Клімовіч, Аляксей Ганчарык, Аляксандр Качаргін, Андрэй Півульскі, Яраслаў Шкурко, Аляксандр Мрынскі. На замену выходзілі Ілья Купровіч і Ягор Філічонак.

Астатнія матчы тура прынеслі наступныя вынікі: у групе “А” бярэзінскі ФАЦ “Лазурны” на сваім полі перамог “Фалько” з Дзяржынскага раёна – 2:1, барысаўская “Гайна” ў гасцях разграміла вілейскую “Вілію” – 4:0, а “Вікторыя” з Мар’інай Горкі дома адолела “Крупкі-ДРБУ-164” з лікам 4:3.

Матчы групы “Б”: “Любань” – “Нясвіж” – 5:0, “Узда” – “Будаўнік” (Капыль) – 2:2, “Партызан” (Салігорск) – “Лівадыя” (Дзяржынск) – 3:0, “Клецк” – “Старыя Дарогі” – 6:1.

Пасля 14 тураў “Колас” з 25 ачкамі займае другое месца ў групе “А”. У лідара – барысаўскай “Гайны” – на тры ачкі больш, але чэрвеньцы маюць гульню ў запасе.

У бліжэйшыя выхадныя нашы футбалісты згуляюць на сваім полі з камандай “Фалько” (Дзяржынскі раён).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *