Сянаж — у траншэю і ўпакоўку

Аграрный сектор

У сельгасфіліяле «Новыя Зелянькі» ААТ «Гарадскі малочны завод №1» сёлета пачалі нарыхтоўку кармоў рэкордна рана. Яшчэ напрыканцы красавіка тут убралі 50 гектараў азімай свірэпіцы, назапасіўшы з яе 886 тон сіласу.

— Гэтая культура — незаменны корм для павелічэння прадукцыйнасці дойнага статку, — тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Чабатарэўскі. — Звычайна яе сеюць паблізу фермаў, каб выпасваць кароў. Але ў нас жывёла знаходзіцца на круглагадовым стойлавым утрыманні, таму выкарысталі свірэпіцу, якая, дарэчы, дала добры ўраджай — 177 цэнтнераў з гектара, на сілас. Заклалі яго з дабаўленнем кансервантаў і ўжо бліжэйшым часам будзем карміць кароў…

У маі ў гаспадарцы паспелі скасіць травы да таго, як задажджыла. А потым чакалі пагодныя гадзіны, каб зялёная маса падсохла, правялілася. З падборам валкоў прамаруджвання не было. Механізатар Андрэй Красоўскі спрытна ўпраўляўся з набытым летась высокапрадукцыйным кормаўборачным камбайнам «Фэндт»: толькі паспявай адвозіць у траншэю ды трамбаваць. Такім спосабам назапасілі амаль 2800 тон сенажу.

Сёння ў гаспадарцы практычна завяршылі ўборку шматгадовых траў на ворыўных землях і перайшлі на лугавыя ўгоддзі. Ля вёскі Гарадзішча пачалі рыхтаваць сена. А на палетку ў ваколіцах цэнтральнай сядзібы сельгасфіліяла вабяць вока бялюткія рулоны сенажу ў палімернай упакоўцы, якія «стварае» механізатар Генадзь Мінкевіч (на здымку) на прэс-падборшчыку з абмотчыкам.

— Гэтую тэхналогію пачалі выкарыстоўваць з мінулага года, — распавядае Аляксандр Чабатарэўскі. — Яна сябе апраўдвае: кармы атрымліваюцца якаснымі, каровы іх добра ядуць і аддзячваюць стабільнымі надоямі малака. Таму сёлета з усёй люцэрны, якой разлічваем атрымаць тры ўкосы, а таксама з канюшыны будзем рабіць сянаж менавіта ў палімернай упакоўцы…

Корманарыхтоўку ў сельгасфіліяле «Новыя Зелянькі» вядуць з улікам таго, што пасля выхаду на поўную магутнасць здадзенай сёлета ў эксплуатацыю новай малочнатаварнай фермы колькасць дойнага статку тут істотна павялічыцца. Таму падсеялі 70 гектараў канюшыны пад жыта, на 40 гектарах правялі перазалужэнне інтэнсіўнымі злакамі, у планах — выканаць гэтыя работы яшчэ на 50 гектарах.

— Робім усё, каб кармоў для жывёлы было ўдосталь і яшчэ на продаж засталося, — гаворыць Аляксандр Чабатарэўскі.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *