Подзвіг у імя жыцця

Общество

И в каждой засаде, и в каждом бою

Гремел её выстрел расплатой.

За кровь и за слёзы в  родимом краю,

За мать, за отца, за солдата!

(Из песни партизан, посвящённой Марии Казимирской)

У Аляксандра Твардоўскага, які прайшоў вогненнымі дарогамі вайны, ёсць прасякнутыя пякучым болем радкі:

Я знаю, никакой моей вины

В том, что другие не пришли с войны,

В том, что они — кто старше, кто моложе —

Остались там, и не о том же речь,

Речь не о том, но всё же, всё же, всё же…

Сярод тых, хто навечна застаўся на той жахлівай вайне, — адважная маладая патрыётка Марыя КАЗІМІРСКАЯ. Доўгачаканае вызваленне Беларусі ад гітлераўскіх акупантаў, 70-годдзе якога мы неўзабаве будзем адзначаць, радасць Перамогі — усё гэта было ўжо без яе. Марыя  самаахвярна аддала жыццё за сонечны золак спакутаванай фашыстамі роднай зямлі. Сваёй памяццю мы падаўжаем яе жыццё…

Калі на васільковы хутар Камуна-Звязда ў двух кіламетрах ад Пухавіч, дзе жыла сям’я Казімірскіх, даляцела страшная вестка аб нашэсці фашыстаў, Марыі было ўсяго 16 гадоў. Узрост радаснай маладосці, летуценных мараў… і раптам — вайна. Разгубленасць, якая ахапіла дзяўчыну, змянілася неўзабаве жаданнем змагацца з чужынцамі. Штуршком да гэтага паслужыла патрыятычнае выхаванне, шаноўнае стаўленне бацькоў да Радзімы.

У першыя гады савецкай улады ў гэтым месцы была створана камуна. Іван Казімірскі — бацька Марыі — адным з першых падаўся ў яе. Абслугоўваў лакамабіль, млын, лесапілку. Падчас белапольскай акупацыі партызаніў, бараніў ад чужынцаў родныя мясціны. Вось і гэтым разам, падчас нашэсця фашыстаў, прыняў рашэнне змагацца з імі. Першым такім крокам было выратаванне чырвонаармейцаў, параненых у баях з гітлераўцамі пры адступленні. Ужо ўлетку 1941 года сям’я Казімірскіх арганізавала своеасаблівы тайны “шпіталь”. У сябе і надзейных людзей на суседніх хутарах яны хавалі параненых. Марыя Казімірская, яе сяброўкі Ліда Бакаева, Марыя Кузняцова, Ляніна і Вольга Трамавусавы насілі чырвонаармейцам ежу, ваду, вопратку, перавязвалі раны, а затым перапраўлялі ва ўрочышча Дуплянка. Казімірскі дазнаўся, што там, на балотным Юр’явым востраве, знаходзіцца група патрыётаў на чале з былым старшынёй Кліноцкага сельсавета Пятром Іваненкам. Калісьці з бацькам Пятра яго звязвала сумесная барацьба з белапольскімі акупантамі.

За восень і зіму гэтая група народных мсціўцаў пабольшала. Сюды прыйшлі патрыёты навакольных вёсак, а таксама накіраваныя  акружэнцы-чырвонаармейцы. У красавіку 1942 года гэта быў ужо партызанскі атрад. Назвалі яго — імя газеты “Правда”, у гонар старшыні Ігуменскага павятовага рэвалюцыйнага камітэта Васіля Сяцко, які прывозіў у Клінок газеты “Правда”, а потым камандаваў Ігуменскім камуністычным атрадам.

 

Далучыцца да партызан мела намер і Марыя Казімірская. Праз сувязнога яна перадала сваю просьбу камандзіру атрада. Гэтая маладзенькая прыгожая дзяўчына падчас сустрэчы  ўразіла яго прагай змагацца з ворагам. Яна паведаміла, што ў радах партызан хочуць быць таксама два былыя чырвонаармейцы — яе брат Валодзя і Аляксандр Андросік. У баях з гітлераўцамі яны былі паранены, з вялікімі цяжкасцямі дабраліся дамоў, дзе ў “шпіталі” Казімірскіх дапамаглі падлячыцца і набрацца сіл. Бацька Андросіка ў грамадзянскую вайну таксама партызаніў у тутэйшых лясах.

Марыі параілі пакуль што не пераходзіць у атрад, а разам з братам і Аляксандрам Андросікам дапамагаць змагацца з ворагам падпольнай работай: рыхтаваць людзей у партызаны, сачыць за дыслакацыяй і перамяшчэннем па чыгунцы нямецкіх войск, збіраць зброю. Яе пераканалі, што гэта не менш важна, чым са зброяй нападаць на гітлераўцаў. І нагадалі: для падпольнай работы мала смеласці і рашучасці. Неабходны асцярожнасць, канспіратыўныя навыкі.

 

Вакол Марыі, Валодзі і Аляксандра  гуртаваліся мясцовыя патрыёты. Іх паплечнікамі сталі маладая настаўніца Вольга Аврамаўна Бамбурава і яе 16-гадовая сястра Валянціна, падбіты ў паветраным баі лётчык Барыс Шчыпоцін, Ляніна Васільеўна Трамавусава і яе сястра Вольга. Іх лёсы і памкненні, такія розныя і непадобныя да вайны, зблізілі і аб’ядналі суровыя выпрабаванні, якія ўварваліся ў жыццё лавінай агню і гора. Адзінымі сталі надзеі, учынкі. І ў гэтым адзінстве — духоўным, непарушным — заключалася вера ў Перамогу над ворагам. Вера, з якой яны ішлі на подзвіг.

Барыс Шчыпоцін наняўся пасвіць кароў. Ён доўга трымаў статак ва ўрочышчы, дзе летам акружаныя чырвонаармейцы змагаліся з фашыстамі. Тут можна было знайсці зброю. У сярэдзіне дня Марыя Казімірская і маці Аляксандра Андросіка — Вольга Іванаўна — прыходзілі даіць кароў, і тады Барыс паказваў ім пазначаныя месцы. Ноччу Марыя і Валодзя адсюль забіралі патроны, гранаты…

Па заданню партызан Валодзя ўладкаваўся конюхам у паліцыю і збіраў неабходную інфармацыю аб гітлераўцах. Не выклікаючы асаблівага падазрэння, ён наведваў такія месцы, якія былі недаступныя іншым падпольшчыкам.

Паводле афіцыйных звестак, гэтая група за тры месяцы перадала ў партызанскі атрад “Правда” 12 кулямётаў, 30 вінтовак, 16 тысяч патронаў, шмат гранат. Разам з Іванам Казімірскім падрыхтавалі і накіравалі ў атрад 18 узброеных мужчын. Сярод іх меліся акружэнцы-чырвонаармейцы з каманднага састава.

Праз сувязнога Марыя Казімірская перадала ў атрад паведамленне аб тым, што ў Пухавічы прыбываюць карнікі, каб разам з паліцаямі ў другой палове ліпеня зрабіць аблаву на партызан у Кліноцкіх лясах.

Дзякуючы гэтай своечасова атрыманай інфармацыі, народныя мсціўцы абхітрылі карнікаў. Яны перайшлі за некалькі кіламетраў на іншае месца ад таго, дзе знаходзіліся. А праз некаторы час, калі небяспека мінавала, зноў вярнуліся. Неўзабаве партызаны завалодалі ў рыбгасе  дзвюмя гарматамі- саракапяткамі. Але яны аказаліся няспраўнымі. Адрамантаваць дапамог Іван Казімірскі. Ён быў добрым майстрам, разбіраўся ў тэхніцы. Прыдбаўшы неабходны дрот, зрабіў некалькі пружын для затвораў і, падабраўшы момант, калі ў майстэрні нікога не было, вытачыў на такарным станку баёк. Гэтыя гарматы ў далейшым саслужылі добрую службу ў баях партызан з акупантамі.

 

Летам 1942 года ў Кліноцкіх лясах з’явіўся дыверсійна-разведвальны спецатрад Наркамата дзяржбяспекі СССР “Мясцовыя” пад камандаваннем чэкіста  падпалкоўніка Станіслава Ваўпшасава. Ён з добра падрыхтаванай групай прыбыў з Масквы. Задоўга да вайны Ваўпшасаў наведваўся ў навакольныя вёскі, сустракаўся з тымі, хто партызаніў падчас грамадзянскай вайны. Яму і групе чэкістаў ў 30-ыя гады было даручана на выпадак вайны падабраць надзейных людзей для партызанскай барацьбы. Гэтая работа праводзілася ў глыбокай тайне. Але літаральна перад самым нападам гітлераўцаў у кіраўніцтва краіны з’явілася дактрына вайны на чужой тэрыторыі, і атрады былі расфарміраваны. Закладзеная ў тайніках зброя і прадукты вывезены. Цяпер Ваўпшасаў меў надзею на былых сваіх знаёмых. У размове з Пятром Іваненкам ён пацікавіўся Казімірскім і заўважыў: “Да Пухавіч маю асаблівую цікавасць. Падпольшчыкі могуць сачыць за рухам на чыгунцы, паведамляць нам маркіроўку вагонаў. Вы перадасце ім магнітныя міны. Можна, не вельмі рызыкуючы, узарваць вадакачку, стрэлкі, прычапіць да вагона… Данясенні неабходна перадаваць кожныя два дні, а мы па рацыі — у Маскву”.

Заданне чэкіста, магнітныя міны і запальныя кеглі неўзабаве перадалі ў падпольную групу. Пасля вайны, узгадваючы ў кнізе “Партызанская хроніка” аб знаходжанні спецатрада ў лясным масіве ля Чырвонага Берага, Ваўпшасаў пісаў: “Бліжэйшы буйны гарнізон праціўніка знаходзіўся ў раённым цэнтры Пухавічы. Мы заўсёды былі ў курсе дзейнасці гарнізона”.

Гэтыя звесткі рэгулярна паступалі з падпольнай групы, у якую ўваходзіла Марыя Казімірская.  Яе бацька Іван Казімірскі працягваў накіроўваць новых байцоў у партызанскі атрад імя газеты “Правда”.

У кастрычніку ля станцыі Верамейцы ўзарваліся і згарэлі 14 цыстэрнаў з бензінам ёмкасцю 50 тон кожная. Гэта спрацавала прымацаваная Андросікам да эшалона з цыстэрнамі магнітная міна. Неўзабаве ён і Валодзя Казімірскі ўзарвалі вадакачку і эстакадны мост. Пасля кожнай гэтай і іншых аперацый, акрамя нанесеных страт, акупанты не маглі распачаць рух цягнікоў, што затрымлівала дастаўку на фронт ваеннай тэхнікі, узбраення і жывой сілы.

Садзейнічала падпольная група і знішчэнню харчовых баз гітлераўцаў у Блоні і Любіне.

Фашысты пачалі настойліва шукаць бясстрашных патрыётаў. На подступах да важных аб’ектаў выстаўлялі сакрэты, ноччу вялі ўзмоцненае патруляванне. Але падпольная група працягвала змагацца. Нарэшце гітлераўцам удалося заслаць у рады падпольшчыкаў правакатара. Ён выдаў усіх. Не пашкадаваў нават маці і сёстраў сваёй жонкі, якія былі звязаны з падпольшчыкамі і партызанамі. Арыштавалі амаль усіх, на каго здраднік данёс. На хутары Камуна-Звязда — Івана Казімірскага, яго жонку Крысціну, сына Валодзю. Узялі таксама Аляксандра Андросіка, яго маці, настаўніцу Вольгу Бамбураву, якая працавала стрэлачніцай і перадавала звесткі аб руху цягнікоў, яе сястру Валю, “пастуха” Барыса Шчыпоціна. Пасля допытаў арыштаваных адвезлі ў Асіповіцкі лагер смерці. На другі дзень Валодзю Казімірскага і Аляксандра Андросіка расстралялі. Пазбавілі жыцця і іншых.

Падчас арышту, на шчасце, не было дома Марыі Казімірскай — яна  знаходзілася на заданні ў Рудзенску. Даведаўшыся аб тым, што здарылася, пэўны час нелегальна жыла ў сваёй сяброўкі. Суседзі Казімірскіх схавалі ў сябе малалетніх брата і двух сясцёр Марыі.

Камандаванне загадала Марыі Казімірскай неадкладна прыйсці ў партызанскі атрад імя газеты “Правда”. У снежні 1942 года яна далучылася да народных мсціўцаў. Дзяўчына папрасіла даручыць ёй кулямёт, які перадалі падпольшчыкі ў атрад, каб люта помсціць за бацькоў і брата Валадзю. Малалетніх сясцёр і брата ёй паабяцалі пераправіць самалётам на вялікую зямлю.

 

Першае сваё баявое хрышчэнне Марыя атрымала ў баі з гітлераўцамі ля вёскі Стары Двор Пухавіцкага раёна. Трапна біў па фашыстах яе станкавы кулямёт…

Каб трымаць у напружанні варожыя гарнізоны, гэтаму і іншым атрадам было загадана ўзмацніць дыверсіі на чыгунцы і Магілёўскай шашы. Ноччу 6 студзеня 1943 года каля Міханавічаў пад адхон пайшоў варожы эшалон з жывой сілай і тэхнікай. Здзейсніла дыверсію група Уладзіміра Таболіна, у якую ўваходзіла Марыя Казімірская. Напачатку лютага яна ў складзе групы падрыўнікоў накіравалася на чыгуначную станцыю Калодзішчы. Там быў узарваны эшалон з жывой сілай фашыстаў, разбіта больш як 25 вагонаў. 16 лютага была праведзена з яе ўдзелам паспяховая аперацыя па знішчэнню маста праз Волму ля вёскі Карзуны па Магілёўскай шашы. Амаль два дні ўзводзілі фашысты пераправу і новыя дзоты, рух на шашы спыніўся.

Наступным для Марыі быў паход пад Мінск у Матарова, дзе знаходзіўся варожы гарнізон. Пераначаваўшы ў Смоленцы, партызаны з гарматамі, мінамётамі, станкавымі кулямётамі  ноччу намерваліся заняць Матарова. Вецер і мокрая завіруха абцяжарвалі хаду. Шлях пралягаў у Дукоры ля помніка 16 партызанам, якіх расстралялі белапалякі ў 1920-ым годзе. Ля сціплага абеліска атрад прыпыніўся. У жалобным маўчанні схілілі галовы ў павазе нашчадкі іх святой справы. Неўзабаве з гэтым гарнізонам было пакончана.

 

Апроч дыверсій, Марыя  выконвала разведвальныя заданні ў Мінску, Смілавічах. Яна прызвычаілася да небяспекі, рызыкі, цяжкіх шматкіламетровых пераходаў. З захапленнем гаварылі пра гэтую бясстрашную дзяўчыну дэлегаты камсамольскага злёту партызан, які адбыўся ў лютым 1943 года ў вёсцы Усохі Чэрвеньскага раёна.

Апошняя баявая помста Марыі Казімірскай за бацькоў і брата прыпала на 27 чэрвеня 1943 года. Ёй зноў давялося ўдзельнічаць у знішчэнні маста ля вёскі Карзуны на Магілёўскай шашы. Замініраваўшы яго, Марыя дачакалася, калі з’явяцца некалькі машын. Адна з іх была да верху нагружана боепрыпасамі. Аглушальны ўзрыў ускалыхнуў наваколле…

У гэтай аперацыі абарвалася жыццё Марыі Казімірскай. Яе і загінуўшых яшчэ некалькі партызан пахавалі ў Клінку ў брацкай магіле ля  будынка сельскага Савета (на здымку).

Вобраз дзяўчыны глыбока запаў у партызанскія сэрцы — і нарадзілася пра яе лясная песня, якая ўслаўляла мужную патрыётку. Верш склаў партызан Аляксандр Шут, музыку напісаў Сцяпан Маркоўскі.

 

Аляксандр БУШЭНКА

(Па матэрыялах друку)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *