Яны пакарылі малайзію

Общество

6542Як паведамляў ужо «Раённы веснік», выхаванцы чэрвеньскага спартыўнага клуба «Светагоръ», дзевяцікласнік СШ №4 Чэрвеня Міхаіл Пятроўскі і выпускніца гэтай школы, першакурсніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Таццяна Церашонак заваявалі залатыя медалі чэмпіянату свету сярод юніёраў па тайландскім боксе ў Малайзіі. Рыхтаваў іх да спаборніцтваў заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Яўген Дабратворскі. Сёння даведаемся падрабязнасці пра чэмпіянат і не толькі з вуснаў яго непасрэдных удзельнікаў.

Яўген ДАБРАТВОРСКІ:

«ПОСПЕХ ТАНІ І МІШЫ — САМЫ ХУТКІ ВЫНІК ЗА МАЮ ТРЭНЕРСКУЮ КАР’ЕРУ»

— Яўген Георгіевіч, што папярэднічала поспеху вашых выхаванцаў?

— Яны выйгралі чэмпіянат Беларусі. Былі ўключаны ў нацыянальную зборную загадам міністра спорту: папярэдне на іх ніхто не разлічваў, бо займаюцца каля двух гадоў, а сапернікі былі больш вопытныя. Далей пачалося хаджэнне па пакутах. Давялося шукаць грошы на паездку ў Малайзію, паколькі Міністэрства спорту камандзіравала на чэмпіянат свету толькі сем з трыццаці трох членаў зборнай. Астатніх неабходна было адпраўляць за кошт так званых прыцягнутых сродкаў.

У раёне грошай не знайшлі: усе спасылаліся на фінансавыя цяжкасці… Дзякуй, што падтрымалі нашы даўнія сябры — Кобрынскі завод цацак «Палессе» і яшчэ адна фірма.

— А ці вылучаліся Таня і Міша сярод іншых, калі толькі прыйшлі да Вас займацца?

— Так. Яны ад пачатку — вельмі таленавітыя, працалюбівыя, фізічна моцныя. У Мішы — баявы характар. З першага спарынгу, якія мы праводзілі у сваім клубе практычна кожную пятніцу, ён усіх выйграваў. Потым пачалі прывозіць вопытных байцоў з вядомых мінскіх клубаў, і зноў Міша і іншыя мае чэрвеньскія выхаванцы былі мацнейшымі. Яны настолькі наталілі маленькую спартыўную залу чацвёртай школы духам барацьбы і прагі да перамогі, што проста не могуць прайграць. Здаецца, калі ў Чэрвені арганізаваць міжнародныя спаборніцтвы, мясцовыя спартсмены «парвуць» усіх. Спадзяюся, што калі-небудзь гэта здарыцца.

— Клуб «Светагоръ» працуе ў Чэрвені менш, чым два гады. Як удалося дасягнуць такіх выдатных вынікаў за кароткі тэрмін?

— У нас ёсць адмысловая методыка. Я праводжу шмат семінараў, у тым ліку і за мяжой, штосьці на іх паказваю, але асноўнае трымаю ў сакрэце. Мы шмат ездзілі па тайскіх лагерах, збіралі іх вопыт па драбінках. Цяпер усе тайцы ведаюць, што беларуская тэхніка — лепшая ў свеце. Яны могуць, часам, выйграваць за кошт таго, што ў іх вопыт баёў непараўнальна большы. І яшчэ — за кошт вельмі шырокіх магчымасцяў адбору: там 68 мільёнаў насельніцтва, вялікая колькасць спецыяльных стадыёнаў, 100 тысяч чалавек прафесійна займаюцца тайландскім боксам. А мы перамагаем, бо ў нас лепшая школа, больш разнастайнасці ў тэхніцы, адмысловая тактыка.

— Чым асабліва запомніўся Вам чэмпіянат свету ў Малайзіі?

— Быў такі кур’ёзны эпізод. Першым па жэрабю Мішу выпала сустракацца са спартсменам з Індыі. Ну, я і кажу: «Міша, можаш расслабіцца, індусы мяккія, неагрэсіўныя, ніколі яшчэ нічога не выйгравалі». Выходзім на рынг, а там, аказваецца, таец за Індыю выступае… Напачатку ён так біў пад дзве нагі, што ў Мішы ногі вышэй галавы падляталі. Але мой выхаванец сабраўся і на сіле волі, літаральна на зубах, вырваў перамогу ў гэтым паядынку. І Таня таксама малайчына. Яна абодва свае паядынкі скончыла тэхнічным накаўтам саперніц.

Само падарожжа ў Малайзію, канешне, было цяжкім. Мы туды дабіраліся самалётамі з некалькімі перасадкамі каля 30 гадзін… Незабыўныя ўражанні засталіся ад апошняга дня спаборніцтваў у дарослых, які выпаў на 9 мая, калі на ўсю залу ўключылі песню Дзень Перамогі, на рынг падняліся трэнеры і суддзі былых краін СССР — Расіі, Беларусі, Украіны, Казахстана, Узбекістана — і хорам яе спявалі. Атрымалася сапраўднае свята!

— Вядома, што перамогі чэрвеньскіх выхаванцаў далёка не першы Ваш поспех як трэнера. А чым яны для Вас адметныя?

— За дваццаць гадоў я падрыхтаваў 22 чэмпіёны свету. Але поспех Тані і Мішы — самы хуткі вынік за маю трэнерскую кар’еру. Прычым, ніколі раней я не трэніраваў дзяцей не з Мінска, працаваў толькі ў сталіцы.

У Чэрвені я ўжо жыву два з паловай гады разам з мамай. Без занятку, якому прысвяціў значную частку жыцця, зразумела, быць не змог. Таму і вырашыў стварыць тут філіял мінскага спартыўнага клуба «Кік Файтэр». Шчыра кажучы, ад пачатку разлічваў, што атрымаецца адкрыць аддзяленне ў СДЮШАР, але тады маю ініцыятыву не падтрымалі на ўзроўні Міністэрства спорту. Вельмі спадзяюся, што пасля ўдалага выступлення Таццяны і Міхаіла справа зрушыцца з месца.

Думаю, мясцовыя ўлады не вельмі верылі, што я застануся ў Чэрвені: маўляў, што тут рабіць заслужанаму трэнеру, нацешыцца і з’едзе ў свой Мінск. А мне падабаецца ў Чэрвені! Тут нашмат чысцейшае паветра, чым у сталіцы. Я ўжо на прысядзібным участку сад, агарод разбіў…

І ўмовы для трэнерскай працы добрыя. Чэрвень — амаль што сельская мясцовасць, таму дзеці, падлеткі маюць нашмат лепшае здароўе, чым сталічныя. Прынамсі, тут ёсць з каго выбіраць. Зноў жа, у адрозненне ад Мінска, у іх няшмат варыянтаў баўлення вольнага часу. Адсюль — мэтанакіраванасць: калі правільна, па методыцы праводзіць трэніроўкі, мясцовыя выхаванцы засвойваюць усё значна хутчэй. І гэта добра!

 

Таццяна ЦЕРАШОНАК: «РАДАСЦЬ БЫЛА ДА СЛЁЗ»

— Мне спадабалася займацца ў Яўгена Георгіевіча з першага дня, як прыйшла ў клуб «Светагоръ». Даволі хутка мы пачалі ўдзельнічаць у разнастайных спаборніцтвах, займаць там прызавыя месцы.

Да апошняга не верылася, што паеду на чэмпіянат свету: не думала, што знойдуць грошы, ды і ўзровень такі… Дарога ў Малайзію атрымалася стамляльнай. Да таго ж, я ўпершыню ў жыцці ляцела на самалёце. Было страшнавата, але цікава. Запомніліся трэніроўкі на беразе Індыйскага акіяна і купанне ў ім. Пасля перамогі радасць была да слёз. Па вяртанні мяне ў аэрапорце з кветкамі сустракалі бацькі. Віншаванняў было шмат: асабіста і праз інтэрнэт, ад знаёмых і незнаёмых людзей.

Заняткі спортам дапамагаюць мне падтрымліваць добрую фізічную форму, дысцыплінуюць. Ды і ў выпадку чаго ведаю, што магу сама сябе абараніць.

Міхаіл ПЯТРОЎСКІ: «ТРЭБА ПРАЦАВАЦЬ, І ЎСЁ АТРЫМАЕЦЦА»

— Напачатку я хадзіў на таэквандо, але так сталася, што секцыю закрылі. І тады шмат з тых, хто там займаўся, у тым ліку і я, прыйшлі ў «Светагоръ».

Упершыню выходзячы на арэну такога прадстаўнічага турніру як чэмпіянат свету, канешне ж, вельмі хваляваўся. Але перад боем браў сябе ў рукі, разам з трэнерам настройваўся на барацьбу. Пасля перамогі прыемна было бачыць, як радуюцца за мяне бацькі, сваякі, аднакласнікі…

Калі чалавек нечага вельмі хоча, ён гэтага абавязкова даб’ецца. Трэба толькі шмат працаваць, і ўсё атрымаецца. Мне, напрыклад, з-за трэніровак, часам, даводзіцца позна рабіць урокі, класціся спаць у гадзіну ночы. Але вынікі ў спорце вартыя гэтага.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *