Арэхаўка

Общество

Працяг.

НА ЧЭРВЕНЬШЧЫНУ — ПРАЗ ВЫПРАБАВАННІ.

Прыналежнасцю да Ціхамірава ганарыліся яшчэ і пасля вайны яго саслужыўцы. Як жа ён трапіў сюды? Перш чым стаць камандзірам арганізаванага  партызанскага атрада, а затым і Героем Савецкага Саюза, давялося пераадолець шмат выпрабаванняў. Перад пачаткам вайны пасля заканчэння Харкаўскага танкавага вучылішча яму было толькі дваццаць гадоў. У першыя дні фашысцкага нашэсця на шашы непадалёку ад станцыі Гарадзея, што ля Нясвіжа, прыняў удзел у баі. Танк, у якім знаходзіўся малады лейтэнант, падбілі. Механіку-вадзіцелю адарвала руку. Ціхамірава абпаліла, кантузіла, раніла ў галаву, нагу.  Яго аднеслі на ўскраек леса, зрабілі перавязку, затым у кузаве аўтамашыны па пыльнай дарозе павезлі на усход.

У Пухавічах палявы шпіталь ужо грузілі на чыгуначнай станцыі ў эшалон. Ноччу адправіліся. Неўзабаве наляцелі варожыя самалёты, разбамбілі,  хаця відаць былі знакі санітарнага поезда. Чатырнаццаць чырвонаармейцаў, якія засталіся жывымі, у тым ліку і Ціхаміраў, пагрузілі на палутарку, якая цудам уцалела ад бамбёжкі і павезлі ў накірунку Беразіно. Мінуць мост не ўдалося. Спыніліся ў лесе. Раніцай вадзіцель пайшоў у вёску, каб разведаць абстаноўку, запасціся вадой, і не вярнуўся. Некаторыя раненыя, падтрымліваючы адзін аднаго, таксама накіраваліся туды і не вярнуліся. Іх засталося ўтрох, цяжка параненых. Пераднявалі ў лесе, а калі пачало цямнець, папаўзлі ў спадзяванні выратавацца. Але неўзабаве апынуліся паблізу лагера ваеннапалонных. Адтуль іх прывезлі ў Ваўкавыск. Там лагер месціўся ў хляве, адзінае акно якога знадворку было забіта дошкамі. Ціхаміраў вылічыў, што часавы праходзіць ля акна праз тры-чатыры хвіліны. Калі ён знаходзіўся далёка,  пачынаў кашляць, а далонню біў па дошцы…

Ноччу Ціхамірававу з яшчэ адным ваеннапалонным удалося вылезці ў вакно, пераадолець плот з нацягнутым зверху калючым дротам. Неўзабаве пачалася стральба, але яна не прычыніла ім шкоды. Зноў яго шлях ляжаў на ўсход. У сярэдзіне кастрычніка Ціхаміраў ужо быў у Клічаўскім раёне. Там якраз арганізаваўся з ваенаслужачых партызанскі атрад.У ім Ціхаміраў спачатку першым нумарам станкавага кулямёта, а потым — камандзірам групы. Паступова байцы яе групы абзавяліся коньмі. У некалькі разоў павялічылася манеўранасць і баяздольнасць.

У пачатку чэрвеня 1942 года група Ціхамірава выдзелілася з атрада. Па шляху на сумежжа Асіповіцкага і Чэрвеньскага раёнаў у лясным масіве паміж вёскамі Макаўе і Градзянка ла іх далучыліся яшчэ 12 былых ваенаслужачых. Роўнымі шляхамі апынуліся яны тут. Адны адбіліся ад сваіх воінскіх часцей падчас цяжкіх  сутычак з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Другія цудам вырваліся з фашысцкага акружэння і спадзяваліся ў глушы падлячыць раны, набрацца сіл, каб потым рушыць на ўсход за лінію фронту да сваіх. Трэцім, як Ціхаміраву, пашчасціла ўцячы з лагера ваеннапалонных. Неўзабаве сфарміраваўся партызанскі атрад, у які ўліваліся смелыя, як Пятро Гантарэнка, людзі. Камандзірам аднагалосна абралі Ціхамірава. Мясцовыя жыхары паведамлялі ў атрад, дзе знаходзяцца склады са зброяй і баепрыпасамі. Там імі і запасаліся партызаны. Непадалёку ад лагера  выпадкова наткнуліся ў густым кустарніку на дзве гарматы, якія пакінулі адступаючы чырвонаармейцы. У партызанскім атрадзе быў артылерыст. Знайшліся і снарады — амаль 500 штук.

Да верасня ў Ціхамірава было ўжо 120 чалавек. Усіх іх аб’ядноўвала пачуццё абавязку перад Радзімай. Слава пра  дзёрзкія налёты на  нямецкія гарнізоны, паліцэйскія ўчасткі ў Лядах, Якшыцах, Лапічах, Ачыжы, Горках, Тальцы, Рэпішчы, на карныя атрады  і пра іншыя баявыя дзеянні разляцелася за межамі Чэрвеньскага, Пухавіцкага і Асіповіцкага раёнаў. А калі з Масквы праз Чэрвеньскі раён праходзіла спецгрупа С.А.Ваўпшасава (Градава), па яго рацыі ў Беларускі штаб партызанскага руху перадалі радыёграму, у якой паведамілі пра створаны Ціхаміравым партызанскі атрад. Там яго зарэгістравалі і прысвоілі імя І.В.Сталіна.

(Працяг будзе) Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *