Фк «Барысаў» — «Колас» (Чэрвень) — 2:0

Спорт

Футбол. Чэмпіянат Мінскай вобласці. Група «А». 4 тур

25 мая. Барысаў. Стадыён СДЮШАР. Сонечна. 29 градусаў. 20 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Петрусевіч, Рысянкоў, Сасункевіч, Лаўрык, Цэдрык (Прытыка, 46, Качановіч, 80), Палтаржыцкі, Немагуцін (Суша, 73), Шалабнёў, Міцкевіч (Шмідаў, 65), Масько (Слыхоўскі, 73).

 

Пякельная гарачыня, нязвыклы для чэрвеньцаў штучны газон, статус лідара спаборніцтваў у гаспадароў поля  — усё паказвала на тое, што нашым футбалістам будзе ў гэтай сустрэчы вельмі нялёгка. Так і сталася.

Барысаўчане большую частку першага тайма гаспадарылі на палове «Коласа», зрэдку дазваляючы контратакаваць. Выкарыстай чэрвеньцы тую пару-тройку зручных момантаў засмуціць варатара ФК «Барысаў», невядома, як бы разгортваліся падзеі на полі далей. Аднак гэтага не здарылася. А вось у нашых варотах у сярэдзіне тайма мяч пабываў — 0:1.

Пасля перапынку барысаўская каманда гуляла, як кажуць, па ліку, не дужа ірвучыся наперад. І ў «Коласа» з’явіўся шанц на выратаванне. Моманты для таго, каб параўнаць лік былі. Дастаткова ўзгадаць праход Юрыя Немагуціна па леваму краю атакі і дакладную перадачу ў штрафную пляцоўку на Віталя Палтаржыцкага. Пасля ўдару апошняга мяч цудам размінуўся з варотамі.

Адным з ключавых эпізодаў матча, які мог паўплываць на яго зыход, стала спрэчнае рашэнне суддзі, калі сапернік па-хамску ўдарыў па нагах Віталя Палтаржыцкага пасля спынення гульні. У трох папярэдніх турах арбітры за падобныя парушэнні выдалілі чатырох ігракоў «Коласа». А тут суддзя не наважыўся пакінуць барысаўчан удзесяцёх: грубіян атрымаў толькі жоўтую картку. У выніку чэрвеньцы не здолелі хутка супакоіць нервы і неўзабаве прапусцілі выніковую атаку гаспадароў поля — 0:2.

Канцоўка сустрэчы прайшла вяла. Змучаныя спёкай, ігракі абедзвюх каманд ледзь цягалі ногі па гарачай «сінтэтыцы» ў чаканні фінальнага свістка арбітра.

У чым пашчасціла «Коласу», дык гэты ў тым, што нашы суседзі па турнірнай табліцы, акрамя бярэзінцаў, таксама свае матчы прайгралі. Сёння чэрвеньцы згуляюць на сваім полі з «Валожынам-2010». Пачатак — у 16 гадзін.

Вынікі астатніх сустрэч 4 тура: «Валожын-2010» — «Крупкі-ДРБУ-164» — 3:1, «Беразіно» — «Жодзіна-2007» — 3:1, «Маладзечна-ДЮСШ-4» — «Вілія» (Вілейка) — 3:2, «СМІаўтатранс» (Смалявічы) — «Забудова-2007» (Маладзечанскі раён) — 1:2.

 

Становішча каманд

пасля 4 тураў:

 

Каманды Г В Н П М А
ФК «Барысаў» 4 4 0 0 14-3 12
«Маладзечна-ДЮСШ-4» 4 3 0 1 13-5 9
«Забудова-2007» 4 3 0 1 11-6 9
«Беразіно» 4 2 0 2 12-5 6
«Жодзіна-2007» 4 2 0 2 13-8 6
«Вілія» 4 2 0 2 9-6 6
«СМІаўтатранс» 4 1 1 2 3-4 4
«Колас» (Чэрвень) 4 1 1 2 3-7 4
«Валожын-2010» 4 1 0 3 3-20 3
«Крупкі-ДРБУ-164» 4 0 0 4 4-23 0


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *