«Бондаўцы» распачалі турыстычны сезон

Общество

Іх першы сёлета маршрут  пралёг у Быхава, Баркалабава, Чаусы, Мсціслаўль, Пустынкі. Суправаджаў аматараў  Чэрвеньскага краязнаўчага клуба “Бонда” вопытны экскурсавод Леанід Апанасавіч Мяльніцкі, які ўзбагачаў вандроўнікоў цікавай і разнастайнай падарожнай інфармацыяй. Асабліва шмат распавядаў гістарычных фактаў, калі праязджалі па дарозе Мінск-Магілёў праз Бялынічы, бо сам Леанід Апанасавіч родам адтуль. У прыватнасці, пра тое, што ў даўніну Бялынічы мелі магдэбурскае права і мястэчкам валодалі Сапегі. Адзін з іх заснаваў тут кляштар кармялітаў, дзе знаходзіўся Бялыніцкі абраз Божай Маці, які здавён ушаноўваецца хрысціянамі розных канфесій як цудатворны…

Першы прыпынак быў у Быхаве — колішняй сталіцы графства на Аршаншчыне. Таму чакалі ўбачыць штосьці асаблівае. Аднак, па словах Станіславы Чаславаўны Баркоўскай, арганізатара паездкі і кіраўніка “Бонды”, былі крыху расчараваны.  Ад калісьці велічнага палаца Хадкевічаў і Сапегаў засталіся толькі рэшткі,  а таму яны зацягнуты тканінай — і глядзець не было чаго. На Кастрычніцкай плошчы Быхава пабачылі  скульптурную кампазіцыю «Баркалабаўскі летапіс», якая была адкрыта падчас свята  Беларускага пісьменства. Гэта помнік у выглядзе разгорнутай кнігі са старажытнымі пісьмёнамі і побач — знакаміты абраз Баркалабаўскай Божай Маці.

З Быхава паехалі ў Баркалабава, што знаходзіцца непадалёку — у дзесяці кіламетрах. Тут дзейнічае жаночы манастыр. Вандроўнікоў уразіла  вялізная тэрыторыя, абнесеная жалезабетоннай агароджай.  Жыве тут усяго 14 манахінь, якія стараюцца ўсюды навесці парадак і прыгажосць. Расказваючы аб уласных уражаннях, Станіслава Чаславаўна Баркоўская падкрэсліла:

— Якія тут цудоўныя кветкі. Такіх адметных сартавых ірысаў я ніколі не бачыла. Якая ў іх расфарбоўка!… Думаю, там некалі будзе “Ах!”, але трэба яшчэ прыкласці шмат намаганняў і працы… Хаця нямала  ўжо ўзведзена — прыгожы храм, званіца, двухпавярховы дом з кельямі для манахінь, гаспадарчыя пабудовы… Закладзены малады сад,  застаўся і стары.

У кожным мястэчку Беларусі вандроўнікі шукаюць адметнасць, тое, што захоўваецца і ўшаноўваецца мясцовымі жыхарамі. Вось і ў Чаусах,  знакамітых тым, што тут была калісьці сталіца беларускага казацтва і куды гэтым разам завіталі “бондаўцы”, хацелася ўбачыць нейкую асаблівасць. Але аб беларускіх казаках ужо нішто не нагадвае. Цэнтр горада напоўнены звычайнымі камерцыйнымі крамамі — воку няма за што зачапіцца.

— Не ўразілі! — вывад чэрвеньскіх падарожнікаў, якія адсюль прадоўжылі далейшы шлях у Мсціслаўль.

— Тут  па ўсяму адчуваецца былы цэнтр княства… Шмат цагляных старажытных  пабудоў, — з задавальненнем адзначае Станіслава Чаславаўна. І разам з тым, з жалем канстатуе, што  пабудаваны ў 1614 годзе ў стылю барока вельмі прыгожы каталіцкі храм, у якім можна весці адразу пяць службаў Імшы, бо ёсць бакавыя алтары, рэстаўрыруецца вельмі марудна — не хапае сродкаў. Каб узнавіць адзін квадратны метр фрэсак, патрабуецца 20 тысяч долараў.  Унікальнасць унутранага аздаблення ў тым, што гэта адзіны ў Беларусі  храм, дзе фрэскі адлюстроўваюць не толькі біблейскія сюжэты, але і свецкія.  Чэрвеньскія аматары краязнаўства фундавалі грошы — колькі хто мог на рамонт гэтай святыні.

Пустынкі — канечны  і самы цікавы пункт вандроўкі, жамчужына Беларусі. Тут размешчаны Свята-Успенскі  мужчынскі манастыр,  знаходзіцца святая крыніца, да якой імкнуцца шматлікія паломнікі. Як адзначылі нашы вандроўнікі, за час з апошняга сюды наведвання многае перамянілася да лепшага.  Парадавалі паўсюдная дагледжанасць, гаспадарлівасць…

Канешне, набралі ў ёмістасці цалебнай вадзіцы, а некаторыя акунуліся ў купальню, каб набрацца духоўнай і фізічнай моцы. Паслухалі яшчэ шмат цікавых паданняў і рушылі ў зваротны шлях, задаволеныя падарожжам.

У планах “бондаўцаў” — двухдзённыя паездкі ў Браслаў, Пінск і Брэст.

Эма МІКУЛЬСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *