Такую назву мае патрыятычны праект навуковага супрацоўніка Чэрвеньскага краязнаўчага музея Станіславы Чаславаўны Баркоўскай, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Арыентаваны ён на дзяцей малодшага ўзросту. Як зазначыла Станіслава Чаславаўна, хутка мінае час, усё меней ветэранаў у жывых і апошнямі сведкамі жудаснай вайны застаюцца тагачасныя дзеці. Зразумела, многія з іх мала што могуць узгадаць, але нават тое, што засталося ў памяці, выклікае пякельны боль. “Вайна ўвайшла ў іх жыццё пакутлівым кашмарам, а ў душы — незагойнай ранай, якая не перастае смылець. Вайна, убачаная дзіцячымі вачыма, — страшней страшнога. Няхай пра гэта ведае наша юнае пакаленне, каб, стаўшы дарослымі, берагло мір, здабыты такою дарагой цаною — мільёнамі жыццяў”, — заўважыла Станіслава Чаславаўна Баркоўская.
Замест дзяцінства
— вайна
Напоўнены фактамі і ўспамінамі сведкаў, свой узрушаны расповед пра дзяцей вайны Станіслава Чаславаўна падмацоўвае паказам слайдаў. Напачатку яна выкарыстоўвае самыя яркія старонкі кнігі Святланы Алексіевіч ”Сведкі вайны”. Напрыклад, успаміны Васі Харэўскага, якому ў ваеннае ліхалецце было 4 гады, а зараз ён архітэктар:
“Я чалавек без дзяцінства, замест дзяцінства ў мяне была вайна.
Калі пачалася вайна мне было чатыры гады. Мне ніхто не верыць, што я помню вайну, нават мама не верыла. Калі пасля вайны пачалі ўспамінаць, мама казала: «Ты не мог гэтага помніць, ты быў маленькі».
А я помню, я сам помню…
Помню, як рвуцца бомбы, а я ўчапіўшыся за старэйшага брата, крычу: «Жыць хачу! Жыць хачу!».
Помню, як мама нам з братам аддала дзве апошнія бульбіны, а сама толькі глядзела на нас. Я хацеў ёй пакінуць маленькі кусочак… І не змог. Брат таксама не змог. Нам было сорамна, вельмі сорамна, але…”
Помніцца, як карнікі падпалілі вёску
Станіслава Чаславаўна зрабіла пачэсную справу, сабраўшы сведчанні дзяцей вайны Чэрвеньшчыны. Сярод іх ёсць і ўспамін колішняй настаўніцы трэцяй школы Ніны Пятроўны Шмідавай з Чэрвеня. На пачатак вайны ёй было ўсяго пяць гадоў. Сям’я жыла пад Радашковічамі.
Вось што ўзгадвае Ніна Пятроўна: “Помню пачатак вайны. Маці загадала нам з братам прывесці карову з пашы. Было гэта ў гадзін 10 раніцы. Брат вёў карову за вяроўку, а я ішла збоку. Нечакана над галовамі загулі самалёты. Мы з цікавасцю пачалі разглядаць іх. І тут брат нечакана закрычаў на мяне: «Лажыся». Я нічога не разумела, але крык брата прымусіў мяне выканаць каманду.
…Помню як карнікі падпалілі вёску з двух канцоў. Наша хата была пасярэдзіне. Мы, схапіўшы такія-сякія пажыткі, кінуліся да лесу. Па нас стралялі фашысты. Прыпыніліся перавесці дух. Брат папрасіў у мамы папіць вады. Мама наліла яму ў алюміневы кубак. І тут здарылася нешта неверагоднае. Раптам на дне кубка нешта звякнула. Паглядзелі…, а там куля. Цудам брат застаўся жывы.
…Помню канец вайны. Жылі ў акопах. Іх маскіравалі зялёнымі галінкамі. Маці кожную раніцу прымушала нас ламаць свежыя галінкі. Аднойчы мы пачулі з акопа мужчынскі голас «Победа».
Сагналі на калгасны двор і кінулі
ў калодзеж
Станіслава Чаславаўна расказвае юным слухачам пра спаленыя вёскі і такі вядомы жахлівы факт, які меў месца на Чэрвеньшчыне падчас правядзення гітлераўцамі карнай аперацыі “Франц” у студзені 1943 года. Тады ў вёсцы Ляды знайшоўся здраднік, які выдаў фашыстам партызанскія сем’і. Іх сагналі на калгасны двор, раздзелі і кінулі у ледзяную ваду калодзежа, а зверху палівалі аўтаматнай чаргой. Загінула 37 чалавек, сярод іх былі і дзеці. У той студні апынуліся і родныя жыхара Лядоў Мікалая Іванавіча Нехая. Мікалай Іванавіч — таленавіты народны майстар. На месцы трагедыі ён пабудаваў царкву, прыгожа аформіў у ёй іканастас. А яшчэ побач узнавіў калодзеж і аздобіў яго разьбяным помнікам. Каб кожны жадаючы мог памаліцца і ўскласці кветкі.
Расповед Станіславы Чаславаўны Баркоўскай, нягледзячы на шматлікасць фактаў і ўспамінаў, не напружвае дзяцей і добра запамінаецца. Дапамагае гэтаму падзел усёй інфармацыі на канкрэтныя тэмы: дзеці бацькоў-падпольшчыкаў, дзеці-вязні канцлагераў, дзеці ваенаслужачых…
У чатыры гады прыносіў лекі
з аптэкі
Напрыклад, у раздзеле пра дзяцей падпольшчыкаў расказвае пра чатырохгадовага Валеру Жыгімонта. Яго тата быў ваенным камандзірам. Перад вайной з мамай Валера гасцяваў у родных у вёсцы Рудня, але калі пачалася фашысцкая акупацыя, тут заставацца было небяспечна. І параіўшыся з роднымі, мама Валеры — Аляксандра Крылова — пераехала ў Чэрвень разам з сястрой мужа — дзяўчынкай-падлеткам. Маці ўладкавалася на працу ў аптэку, а дзяўчынка даглядала Валеру. Аляксандра Крылова падтрымлівала сувязь з партызанамі, дапамагала ім лекамі, перавязачным матэрыялам. Самае непасрэднае дачыненне да гэтага мелі і дзеці. Яны хадзілі па абеды ў гарадскую сталовую, а потым неслі кацялкі з ежай у аптэку. Маці накладвала ў апарожненыя кацялкі таблеткі, мікстуру, бінты — і Валера разам з малалетняй цёткай неслі ўсё дамоў, хавалі ў зроблены тайнік.
Пазней фашысты схапілі Аляксандру Крылову і забілі ў чэрвені 1944 года, а 2 ліпеня горад быў вызвалены. Загінуў і бацька Валеры. Сірату гадавалі бацькавы родныя. Зараз Валера жыве ў Мінску, наведваецца ў Рудню. Ён мала што памятае, а вось упамінаў цёці — багата. Сшытак, у якім яна занатавала свае ўспаміны, захоўваецца ў Чэрвеньскім краязнаўчым музеі.
Зведаў жахі Азарыцкага канцлагера
Вязнем канцлагера быў беларускі пісьменнік Эдуард Ярашэвіч. У дзяцінстве Эдуард жыў з сям’ёй у Смілавічах. Бацька пайшоў на фронт, а маці, бабулю і яго з братам у сакавіку 1944 года фашысты прывезлі ў Азарыцкі канцлагер. Там, сярод балота, абнесенага калючым дротам, пад адкрытым небам дзень і ноч знаходзіліся жанчыны, дзеці. Акупанты прыгналі туды групу тыфозных людзей, ад якіх зараза пераходзіла на здаровых. Карнікі мелі намер выпусціць хворых насустрач Чырвонай Арміі і такім чынам знішчыць наступаючыя войскі. У лагеры галодныя, халодныя і хворыя людзі паміралі на вачах. Фашысты не дазвалялі разводзіць вогнішча. Але маці Эдзіка рызыкнула зрабіць гэта. Ёй трэба было падтрымаць дзяцей, сагрэць хворую маці. З сабой прадбачлівая жанчына захапіла запалкі, кацялок і крыху мукі. Пад елачкамі, каб вартаўнікі з вышак не заўважылі, развяла агонь. А каб дымок рассейваўся, загадала дзецям разганяць яго яловымі галінкамі. Удалося прыгатаваць варыва і падсілкавацца. А ў хуткасці прыйшло выратаванне — вязняў вызваліла Чырвоная Армія.
Але выпрабаванні для Эдуарда Ярашэвіча пасля канцлагера не скончыліся. Сталася так, што пасля заканчэння Смілавіцкай школы, пасля выпускнога балю, ён пакупаўся ў рацэ, прысеў на бераг і яго разбіў параліч — не змог хадзіць. Эдуард быў моцны духам чалавек і не здаваўся. Веды здабываў пастаяннай, настойлівай самаадукацыяй. Завочна закончыў Маскоўскі літаратурны інстытут і стаў пісьменнікам. Пра жахі Азарыцкага канцлагера ён распавёў у кнізе «Пражыць дзень”. На жаль, гэты вельмі адкрыты да людзей чалавек рана пайшоў з жыцця.
Незвычайныя эпізоды з ваеннага ліхалецця
Цікавы факт узгадвае Баркоўская пра смілаўчаніна Эдзіка Гаравога, жыццё якому ў час вайны выратаваў 73-гадовы дзед. Голад вымусіў васьмігадовага Эдзіка скарыстаць сітуацыю і выкрасці белы хлеб ад коней, якім кармілі іх фашысты. Яго злавілі, пакаралі, але адпусцілі. А ў адместку смелы хлопчык перарэзаў збрую коней — і абоз не змог рухацца. Паліцаі здагадаліся, хто зрабіў шкоду, але не адшукалі хлопца. Дзед паспеў крыкнуць, каб унук схаваўся ў тайніку, аднак сам уцячы не паспеў. Яго забралі ў Магілеў, дапытвалі, здзекваліся, але выпусцілі. Дзед пехатою вярнуўся ў Смілавічы і праз колькі дзён памёр.
У раздзеле “Дзеці ваенаслужачых” выкарыстаны такі незвычайны факт. Стасік Стрэшнеў быў сынам ваенаслужачага. Бацька яго служыў у Брэсце. Калі пачалася вайна, маму Стасіка забіла пры бамбёжцы. Трохгадовы хлопчык застаўся адзін. Бацька пасадзіў яго на танк і з Брэста прывёз на Чэрвеньшчыну — у Градно да родных.
Ёсць у музеі ўспаміны Марыі Антонаўны Бяжан, якая жыла ў Майзарова. Яны аўтарам занатаваны ў літаратурным жанры “апавяданне”, маюць назвы, многія з іх друкаваліся ў Чэрвеньскай раённай газеце. Чытаць іх лёгка і цікава, бо напісаны сакавітай беларускай мовай, нават з гумарам.
Прапанова
для вучняў
Напрыканцы сустрэчы з юнымі наведвальнікамі музея Станіслава Чаславаўна Баркоўская заўсёды цікавіцца ў іх, якія пачуцці выклікае расповед пра дзяцей вайны… Тым разам, калі рабіўся гэты фотаздымак, у музей завіталі вучні чацвёртага класа другой школы Чэрвеня. Іх класны кіраўнік Ірына Віктараўна Невяроўская прапанавала дзецям распытаць людзей старэйшага ўзросту, сваіх бабуль і дзядуляў, суседзяў пра тое, што яны памятаюць з ваеннага ліхалецця і запісаць у сшытак. Ідэю вучні падтрымалі. Светачка Дзяркач расказала, што яе бабулі ў 1941 годзе было шэсць гадоў. Бабуля памерла, але мама распавядала пра некаторыя эпізоды з вайны, якія былі ў жыцці родных.
Маша Барнавіцкая расказала, што ў яе ёсць дзядуля, які нарадзіўся ў 1942 годзе, але пра вайну ён нічога не гаварыў. Цяпер Маша абавязкова пагутарыць з ім на гэтую тэму.
І ў Аліны Скуратовіч, іншых вучняў таксама ўзнікла жаданне распытаць, даведацца пра тое, як жылі раней дзеці і што захавалася ў памяці пра вайну.
Па ўсяму відаць: пачутае ў музеі іх вельмі ўсхвалявала.
Эма МІКУЛЬСКАЯ.
Фота аўтара