Новы пуць

Общество

(Працяг)

ЁН, ЯНА І КОТКА…

А вось у хаце суседзяў Кацярыны Якаўлеўны Пляханавай (як ужо заўважалася — адзінай сямейнай пары на ўвесь Новы Пуць) у сакавіку юбілей стрэлі і гаспадар, і гаспадыня. Аляксандр Антонавіч трэцяга чысла адсвяткаваў 80-годдзе, а Валянціна Мікалаеўна 26-га — 85-годдзе.

… Пазнаўшы ў маім спадарожніку Рыгору Ладуцьку дэпутата і дырэктара Раваніцкага сельскага Дома культуры, усю ўвагу Аляксандр Сушкевіч скіроўвае на яго. Яно і зразумела: двум мужчынам заўсёды знойдзецца пра што паразмаўляць. Раз-пораз гаспадар пытаецца ў госця, ці ведае Рыгор Аляксандравіч тога і тога… А я ў гэты час любуюся нязмушаным жывым кадрам, які выстраіўся літаральна на маіх вачах: гаспадар — у працэсе размовы, гаспадыня — у працэсе слухання… А ля іх ног — прыгожая котка, якая какетліва пазіруе, то прыжмурваючы, то шырока расплюшчваючы жоўтыя вочкі. Вось такая мілая карцінка вясковага жыцця…

Адсюль, акурат з гэтай мясцовасці, аказалася толькі Валянціна Мікалаеўна. Населены пункт яна звыкла называе Валадутай. Але прыгадвае, што нараджалася далей — у пасёлку Усход. Гэтую ж хату ставілі прыкладна ў 1960-ым. Ну, а прапіска ў нядаўна памяняным пашпарце, вядома, — Новы Пуць.

Ветэран працы, Валянціна Сушкевіч аддала мясцовай гаспадарцы больш за трыццаць гадоў. Рабіла ў паляводстве, апошнія гадоў пяць перад пенсіяй — на ферме. Усё жыццё — тут. А вось вывучыцца, атрымаць якую спецыяльнасць так і не давялося, кажа. Школьнай навукі хапае толькі, каб трохі штосьці прачытаць («прабэкаць» — кпіць сама з сябе жанчына) ды распісацца. Затое цяжкай сялянскай працы з самых малых гадоў ставала.

— У голадзе, у холадзе — было ўсяго! — заўважае Валянціна Мікалаеўна. — Калісьці на насілках такія стагі пераносілі — Божа-Божа! Па купінах з балота трэба было выносіць. Рабілі цяжка. Не дай Бог, каб цяпер каму так, каб не вярнулася тое, што нам было…

На пытанне, ці чула яна калі, як з’явіўся Новы Пуць, гаспадыня хаты адказала:

— Маці расказвала, што палачане сюды сяліліся. А як, калі, дык і не ведаю. Тады ж дзеці не такія разумныя былі, як цяпер… Мы баяліся лішні раз на вуліцу выйсці, не тое што спытацца…

Нічога не чуў пра паходжанне вёскі і Аляксандр Антонавіч, ураджэнец Гатца. Яго жыццё ў дзяцінстве, на якое прыпала вайна, таксама лёгкім не назавеш. Праўда, класаў атрымалася скончыць шэсць. Па яго словах, трохі вучыўся ў Раванічах, трохі — у Чэрвені, калі выхоўваўся (так склалася) у дзіцячым доме. Таксама атрымалася вывучыцца за шафёра. Ездзіў на «ГАЗ-51» ды «ГАЗ-53».

У свой час трымалі Сушкевічы хатнюю гаспадарку. Зараз ад яе засталіся толькі куры. Апрача коткі, ёсць сабака. Ваду бяруць гаспадары не з калонкі, а з калодзежа — там яна, маўляў, лепшая. З усёй працай стараюцца спраўляцца самі. У сезон на ўчастку і зерневыя сеюць, і бульбу садзяць. Расце ўсё і на градках. Дагэтуль яшчэ Валянціна Мікалаеўна і Аляксандр Антонавіч робяць хатнія нарыхтоўкі.

— Вунь, у варыўні — цэлая «крама», — усміхаюцца.

Дапамагае ж ім валадуцкая пляменніца гаспадыні, якая жыве ў Мінску. Як трэба, і падлогу памые, і градкі дагледзіць.

Жыццё ў гэтай хаце праходзіць дзень пры дні ціха і спакойна, у ладзе і згодзе. Аляксандр Сушкевіч здаўна выпісвае «раёнку», любіць чытаць мясцовыя навіны і абмяркоўваць іх з жонкай. Простая будзённасць простай вясковай сям’і…

 

БЫЎ — УСХОД,

А ЗАРАЗ —

НОВЫ ПУЦЬ…

… Прамінаючы пустку, пераязджаем да другой групы хатаў. А вось і абяцанае на самым пачатку гэтага аповеду тлумачэнне, чаму мясцовыя ўказваюць працягласць Новага Пуці амаль напалову меншую за рэальную. Бо па-ранейшаму лічаць яе другую частку паселішчам пад назвай Усход.

Да пачатку дачнага сезону тут жывуць усяго тры жанчыны — Надзея Сцяпанаўна Канарская, Аляксандра Іванаўна Шукан і Ядвіга Францаўна Мурашка. Адна адну яны наведваюць і падтрымліваюць, хаця доўга і не гасцююць. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, трымаюць сякую-такую гаспадарку, у кожнай ёсць козы. Кожная можа прыгадаць сёе-тое з гісторыі свайго паселішча, якое ўсе тры бабулі ўпарта называюць старой назваю — Усход. А Новы Пуць — гэта, маўляў, там, напачатку. І ўсё ж па дакументах Раваніцкага сельвыканкама і яны — жыхаркі менавіта Новага Пуці… Таму аповед пра гэтую вёску і яе насельнікаў — працягваецца…

На што яшчэ мы звярнулі ўвагу падчас вандроўкі, дык гэта на сядзібы спадчыннікаў і на дачы. Многа тут адметных пабудоў або якіхсьці малых архітэктурных формаў, дызайнерскіх знаходак ды іншага.

Відаць, у дачны сезон у Новым Пуці досыць шматлюдна, цікава і прыгожа. Калі на ўчастках пануе яркая зеляніна і разнастайныя кветкі, а людзі паўнавартаснымі гаспадарамі завіхаюцца на агародах. Забыўшыся на гарадскі тлум, яны яднаюцца з прыродай на зямлі сваіх продкаў…

(Працяг будзе)

Святлана АДАМОВІЧ (тэкст і фота)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *