Ігуменшчына мяцежная

Общество

(Да падзей 1863 года)

МЯСЦОВАЯ АДМЕТНАСЦЬ

ЗАЦІКАВІЛА ПІСЬМЕННІКА

Зазвычай падзеі 150-гадовай даўнасці на Беларусі атаясамліваюцца пераважна завучанымі са школьных часоў ведамі пра Кастуся Каліноўскага, які марыў разняволіць народную ініцыятыву, павесці па шляху аграрнай рэвалюцыі, яго газету “Мужыцкая праўда”, ды бессмяротны дэвіз “Не народ для ўрада, а ўрад для народа”. І толькі зрэдку згадваюцца тыя, хто меў дачыненне да арганізацыі і развіцця паўстання на Ігуменшчыне. А між тым, у падзеях, якія адбываліся тут паўтара стагоддзя таму, палягае гістарычная мясцовая адметнасць. Інакш ці зацікавілі б яны нашага славутага класіка Уладзіміра Караткевіча? Як зазначае краязнаўца Бярэзіншчыны П.А. Прыбыткін, мастацкую перапрацоўку таго, што дзеялася на Ігуменшчыне, пісьменнік зрабіў у рамане “Каласы пад сярпом тваім”, прысвечаным з’явам жыцця Беларусі напярэдадні паўстання Кастуся Каліноўскага.

Асобныя падзеі цалкам увайшлі ў раман. У прыватнасці, апавядаецца, як па загаду пана Раўбіча ў склепах панскага маёнтка выраблялі порах для паўстанцаў, зброю. Сяляне навакольных вёсак лічылі, што пан сябруе з нячыстым, сам займаецца чарадзейніцтвам. Пах серы са склепаў падмацоўваў іх упэўненасць, як і тое, што па начах быў бачны агеньчык і чуўся звон жалеза.

Гэты эпізод звязаны з прозвішчам Баляслава Свентаржэцкага і яго маёнткам у Багушэвічах. Скарыстаны ў  рамане і іншыя падзеі, звязаныя з паўстанцамі, якія дапамаглі Караткевічу стварыць цікавы гістарычны раман.

 

НАПЯРЭДАДНІ

У ноч з 10 на 11 студзеня 1863 года па ўсёй Польшчы зазванілі званы.  Гэта быў сігнал да пачатку паўстання за адраджэнне Рэчы Паспалітай. Аднак з самага пачатку ваенныя дзеянні развіваліся няўдала. У лютым першыя паўстанцкія атрады накіраваліся з Польшчы на тэрыторыю Беларусі. Беларусь і Літва не былі яшчэ гатовыя да ўзброенага выступлення, тым не менш Літоўскі камітэт на чале з Каліноўскім абвясціў сябе часовым ўрадам Літвы і Беларусі і заклікаў усіх прыхільнікаў паўстання да актыўных баявых дзеянняў.

У сутычках з рускімі войскамі паўстанцы дайшлі да Слуцка, дзе былі разбіты. Аднак гэты нацыянальна-вызваленчы рух аказаў вялікі ўплыў на ажыўленне падобных дзеянняў у Беларусі. У сакавіку-красавіку 1863 года мясцовыя атрады пачалі баявыя дзеянні ў Гродненскай губерні. На астатняй тэрыторыі Беларусі паўстанне разгарнулася ў красавіку. Да гэтага часу ішло фарміраванне кіруючых органаў і паўстанцкіх камітэтаў, рыхтавалася зброя, праводзілася агітацыйная работа.

У Мінскай губерні было прынята рашэнне сканцэнтраваць асноўныя сілы паўстанцаў у мястэчку Суцін Ігуменскага павета. Сюды накіроўваліся атрады з розных месцаў Барысаўскага, Мінскага, Слуцкага і Ігуменскага паветаў.

АРГАНІЗАТАРЫ ПАЎСТАННЯ

На Ігуменшчыне на першым этапе паўстання энергічна дзейнічаў паплечнік Кастуся Каліноўскага Баляслаў Часлававіч Свентаржэцкі. Ён нарадзіўся ў Багушэвічах у 1831 годзе ў сям’і памешчыкаў. Яго бацькі, самыя багатыя на Ігуменшчыне ўласнікі, далі сыну бліскучую адукацыю. Баляслаў скончыў Віленскі дваранскі  інстытут, Пецярбургскі ўніверсітэт, ваенную школу ў Францыі. Служыў у Мінскім дваранскім сходзе, як член губернскага камітэта, удзельнічаў у распрацоўцы ўмоў сялянскай рэформы 1861 года.

У вялікім мураваным склепе пад касцёлам у Багушэвічах назапашвалася і захоўвалася зброя. У палацы Свентаржэцкага абмяркоўваліся планы паўстанцкага руху, а скляпы і навакольныя лясы былі месцамі ўзброенай падрыхтоўкі. Баляслаў Свентаржэцкі шмат зрабіў для фарміравання атрадаў, прымаў удзел у распрацоўцы аперацыі падпаручніка Станіслава Ляскоўскага. Ураджэнец Мінскай губерніі, Ляскоўскі напярэдадні паўстання вучыўся ў Артылерыйскай акадэміі ў Пецярбурзе і належаў да тайнай афіцэрскай арганізацыі. У 1863 годзе працаваў начальнікам Мінскага ваяводства.

Сярод арганізатараў паўстання быў таксама доктар Ігуменя Францішак Навіцкі, у 1863 годзе — паўстанцкі грамадзянскі начальнік Ігуменскага павета.

Бліжэйшым паплечнікам Ляскоўскага стаў Антон Трусаў. У студзені 1845 года ён паступіў у мінскую гімназію, якую скончыў у чэрвені 1853 года, і пачаў рыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэт. 10 ліпеня 1854 года Трусаў падаў прашэнне аб прыняцці яго ў Маскоўскі ўніверсітэт, у жніўні паспяхова здаў уступныя экзамены і быў залічаны на першы курс медыцынскага факультэта. Але праз два гады з-за матэрыяльных цяжкасцей пакінуў вучобу і змог аднавіць толькі праз чатыры гады. Знаходзячыся ва ўніверсітэце, Трусаў прымкнуў да левага, рэвалюцыйна-дэмакратычнага крыла студэнцкага “Таварыства”, быў блізкі да падпольнага таварыства “Зямля і воля”. Антон Трусаў яшчэ ў 1861 годзе вёў рэвалюцыйную агітацыю ў Мінску, распаўсюджваў тут нелегальную літаратуру. Напярэдадні паўстання 1863 года ён знаходзіўся ў цэнтры дзейнасці Мінскай рэвалюцыйнай арганізацыі.

Падрыхтаваў Аляксандр БУШЭНКА.

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *