Генадзь Аўласенка г.Чэрвень

Общество

Поры году

       (Акравершы-загадкі)

 *    *    *

Зноўку снежань рэчку

лёдам закаваў,

І зямлю пад снежнай

коўдраю схаваў.

Мы на бэзе ранкам стрэлі снегіра…

А якая на двары стаіць пара?

             *    *    *

Весела рэха гукае,

Яснае сонейка свеціць,

Снег раўчукамі сцякае,

Нешта змянілася ў свеце…

А хто прыйшоў да нас, дзеці?

Як  Ягорка ехаў з горкі

Любіць санкі наш Ягорка.

Ну, а санкі любяць горку.

Горка ж  любіць першы снег,

І яшчэ — дзіцячы смех.

 

Вось на санкі сеў Ягорка…

Да чаго ж крутая горка,

Нават боязна глядзець!

Як з яе ды ўніз ляцець?

 

А вакол сябры гукаюць:

— Ну, смялей! Чаго чакаеш?

Альбо ўніз хутчэй з’язджай.

Альбо месца саступай!

 

І Ягорка ўсё ж рашыўся:

Уздыхнуў, паварушыўся,

З горкі рухацца пачаў…

І нарэшце — паімчаў!

 

Касманаўт

Табурэт да табурэта —

Атрымалася… ракета!

Хутка ў космас палячу!

Зараз толькі падлічу,

Што з сабой узяць

мне трэба:

Лусту сала,

Скібку хлеба,

Памідорын так з пяток,

Дроту меднага маток

Для рамонту карабля…

Вось і ўсё!

Бывай, Зямля!

Але тут,  на старце прама,

У пакой заходзіць мама.

Стыне на стале абед,

Ёй патрэбен табурэт.

А за ёй адразу — тата.

А за ім — сястрычка

з братам…

Разабралі табурэты…

 

Вось і ўсё!

Бывай, ракета!

 

 

Пальчык-зайчык

Пальчык-зайчык

Дзе ты быў?

Я па носіку

хадзіў,

Потым вочкі

падлічыў,

Потым трошкі

адпачыў.

Потым з вушкам

пагуляў,

Потым шчочку

палюляў,

Потым шыйку

казытаў,

Потым кашку

паспытаў…

 

Паспытаў,

паласаваў

І раток

пачаставаў.

 

 

Куды падзеўся снег?

Я насыпаў снег у мех

І прынёс дадому снег,

Каб у нас вакол стала

Траса снежная лягла.

Доўга трасу рыхтаваў,

Доўга лыжы надзяваў…

А паехаў — вось бяда:

Снег прапаў!

Вакол вада

Па ўсёй хаце разлілася!

Ды адкуль яна ўзялася?

І куды падзеўся снег?

 

Мне — бяда,

А брату — смех!

 

 

Трэба птушак ратаваць!

Вось і лета прамінула,

Вось і восень прамільгнула.

Вось да нас зіма

прыйшла,

Гурбы снегу намяла.

Дзеці толькі рады снегу,

А вось птушкам

не да смеху.

Ім зусім нялёгка жыць,

Калі снег вакол ляжыць…

 

Трэба птушак ратаваць,

Ім кармушкі майстраваць.

Ну, а летам, за кармушкі,

Вам аддзячаць

песняй птушкі.

УладзімірПецюкевіч,   в. Красны Дар

* * *

Мне ў краі чужым душою не прыжыцца…

Беларусь мая, прыйдзі

з чароўных сноў.

Прытуліся мне

да сэрца Мілавіцай,

Асвяці круты

мой шлях дамоў!

 

Без цябе мне тут

халодна і завейна,

Забяры мяне, Радзіма,

у родны дом.

Прытуліся мне да сэрца салавейкам

У вясновым садзе пад акном.

 

Зачаруй мяне кароткай летняй ночкай,

Хараством забаў,

купалак і вянкоў.

Прытуліся мне

да сэрца васілёчкам,

Абнімі жытнёвым

каласком…

 

Мне ў краі чужым

душою не прыжыцца…

Беларусь мая, прыйдзі

з чароўных сноў.

Прытуліся мне

да сэрца Мілавіцай,

Асвяці круты

мой шлях дамоў!

Генадзь Рымашэўскі,   г.Чэрвень

 * * *

Дзіцячыя гады

я ўспамінаю,

Як цераз бор ганяў кароў у поле.

Я і цяпер набегам

там бываю,

Узіраючыся

ў вечнае раздолле.

 

А па бары,

калі ісці па сцежках,

Баравікоў нарэзаць

можна шмат.

Ад гэтага дзіцячая

ўсмешка

Ўзрывалася,

бы сотнямі гармат.

 

Дамоў я нёс

пад дужку поўны кошык

І бег ізноў збіраць

дары лясоў.

Аднойчы мне сустрэўся братка-вожык,

Ды толькі не вярнуць

былых часоў.

 

Але ўспамін не часта

ды прарвецца

І павядзе ў мінулыя гады.

Ад хвалявання

часта б’ецца сэрца,

Бо ва ўспамінах

ёсць мае сляды…



1 комментарий по теме “Генадзь Аўласенка г.Чэрвень

  1. Верш Касманаўт наш самы любімы, для хлопчыка самае тое. Ды і мне, даросламу, вельмі падабаецца, сюжэт захапляльны. Мы набылі кнігу, але вось зараз яе няма побач, дык знайшлі вершы на гэтым сайце. Дзякуй вялікі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *