СТАСУНКІ З ЧЫТАЧАМІ ЦЭНІЦЬ ЯНА І МАЛАДЫ СПЕЦЫЯЛІСТ АРСЕНІЙ

Общество

У аднапавярховым будынку крыху воддаль дарогі, які не прамінеш, калі ідзеш ці едзеш у цэнтр Смілавічаў, як вядома, размяшчаюцца адразу дзве бібліятэкі. У кожнай — па два супрацоўнікі. Напачатку гутару са знаёмай — Янай (Янінай Сымонаўнай) Розум.

СТАСУНКІ З ЧЫТАЧАМІ ЦЭНІЦЬ ЯНА…

Гаваркая і камунікабельная, то ўсмешлівая, то сур’ёзная, Яніна Розум адразу выклікае да сябе давер. За  шэсць з паловай гадоў, якія прайшлі пасля нашага знаёмства, яна, па яе ўласным прызнанні, набралася вопыту. Больш за ўсё ёй у прафесіі бібліятэкара падабаюцца штодзённыя стасункі з людзьмі. Многія смілаўчане, ды і жыхары навакольных вёсак, ужо сталі добрымі знаёмымі. А некаторыя рэгулярна наведваюць бібліятэку па два разы на тыдзень.

Мо,  часцей, чым са сваякамі бачымся, — усміхаецца Яна Розум. — Я нават у адпачынку сумую па размовах з пастаяннымі наведвальнікамі. Можна сказаць, што мы — адна вялікая сям’я!

Бібліятэчны фонд зараз налічвае прыкладна 19 тысяч асобнікаў. Ён пастаянна папаўняецца і абнаўляецца. Найбольш актыўна — у апошнія два гады, асабліва — падчас 2012-га, Года кнігі.

— Хочацца падзякаваць супрацоўніцы Чэрвеньскай цэнтральнай бібліятэкі Людміле Леанідаўне Альховік, — зазначае Яніна, — якая забяспечвае і нам добрыя паступленні новай літаратуры. Калі з’яўляюцца новыя аўтары, іх стараюся найперш прачытаць сама, каб ведаць, што і як раіць наведвальнікам. Чытаць я вельмі люблю! Праўда, апошнім часам атрымліваецца крыху меней, бо дадалося клопату — мы пераехалі ў свой дом. Але ўсе навінкі абавязкова праглядаю. Вось адкрыла для сябе Лору Бэкіт, чые творы выходзяць серыяй, у прыгожым афармленні. Многім нашым жанчынам яна падабаецца.

У нас ёсць шмат кніг беларускіх аўтараў, якія пішуць і па-беларуску, і па-руску. Апошніх чытаюць больш, але ёсць і прыхільнікі літаратуры на роднай мове, асабліва — з ліку выкладчыкаў. Дарэчы, я заўважыла, што апошнім часам нашы чытачы з задавальненнем перачытваюць класікаў — Мележа, Шамякіна… Мне самой падабаюцца п’есы Дударава.

Больш ахвотна бяруць прозу, вершы — радзей. Але ёсць і іх аматары. Нядаўна да нас прыйшла незвычайная кніга — вершы кітайскіх паэтаў, перакладзеныя на беларускую мову.

У Смілавіцкай гарпасялковай бібліятэцы для дарослых цяпер — 1200 чытачоў. Зрэшты, як зазначае Яна Розум, прыкладна такая ж колькасць наведваецца сюды на працягу апошніх гадоў. Чытачоў тут стараюцца не губляць. А сярод актыўных маюцца цэлыя сем’і! Бывае нават і такое, што дзеці, запісаўшыся ў бібліятэку дзіцячую, у дарослую запісваюць бацькоў, прыахвочваючы і іх ды чытання.

Вось толькі зараз старэйшыя школьнікі нашмат меней чытаюць, з сумам канстатуе Яна. І, у асноўным, замаўляюць праграмную літаратуру. Але як жа бывае радасна бібліятэкарцы, калі навучэнцы, студэнты ці адзінаццацікласнікі просяць падабраць ім штосьці для душы…

Душэўна паразмаўляць тут можна не толькі ў час наведвання бібліятэкі, але і падчас пасяджэнняў літаратурна-паэтычнага клуба «Ліра», якія ладзяцца раз у два месяцы. Запатрабаваны сучасны камп’ютар з падключэннем да інтэрнэту, прынтарам. Асабліва — навучэнцамі мясцовых каледжа і ліцэя падчас сесій.

А вось апякуецца над камп’ютарам малады спецыяліст. Як ні дзіўна — юнак. Зусім рэдка сярод бібліятэкараў можна зараз сустрэць мужчын. Але ў часы існавання  хатаў-чытальняў — папярэдніц-бібліятэк— гэта дзівам не было…

 

… І МАЛАДЫ СПЕЦЫЯЛІСТ АРСЕНІЙ

А вось чытачы Смілавіцкай бібліятэкі №1 напачатку сапраўды дзівіліся, калі паўтара года таму пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў тут з’явіўся Арсеній Самбук, ураджэнец Новых Зелянкоў, сын тамтэйшай настаўніцы.

«О, малады чалавек!» — гэта новы бібліятэкар чуў пасля, а то і замест прывітання па некалькі разоў на дзень!

— Арсеній, а як атрымалася, што малады чалавек абраў такую, скажам, не дужа тыповую для мужчыны прафесію?

— З дзяцінства цікавіўся камп’ютарамі. Але ў школе мне не дужа даваліся дакладныя навукі, якія, скажам так, неабходныя для працы з камп’ютарам. А ва ўніверсітэце культуры можна было атрымаць досвед па аўтаматызаваных бібліятэчна-інфармацыйных сістэмах. Паколькі мне хацелася ў далейшым усё ж звязаць сваё жыццё з камп’ютарамі, а вучыцца як гуманітарыю ў тэхнічнай ВНУ было б значна складаней, я і паступіў ва ўніверсітэт культуры. А па размеркаванні трапіў сюды, у Смілавічы.

— Але ж тут, апрача камп’ютара з прынтарам, усё » па старынцы» — папяровыя кнігі, абанементы чытачоў, якія запаўняюцца ўручную…

— Сапраўды, гэта не зусім тое, пра што марылася. Нас размяркоўвалі якраз-такі па другой, чыста бібліятэчнай спецыяльнасці. Але і за камп’ютарам я тут таксама працую. І многія чытачы бібліятэкі, якія ўжо ведаюць пра мой досвед і магчымасці, звяртаюцца па невялікія кансультацыі. А яшчэ ёсць жанчына, якая просіць мяне прыходзіць да яе на дом. Калі не памыляюся, ёй дзесьці гадоў 75, і яна таксама хоча навучыцца карыстацца камп’ютарам і інтэрнэтам. Я стараюся ёй дапамагчы, тлумачу, што да чаго…

— А якое ўвогуле тваё стаўленне да чыста бібліятэчнай спецыяльнасці?

— Праца, як сказала ўжо Яна, цікавая ў плане стасункаў. Бо можна з чалавекам, які прыйшоў сюды па кнігі, паразмаўляць на розныя тэмы. Пра тую ж літаратуру. Вось Яна больш па жаночых раманах можа пракансультаваць. У мяне, канешне, не столькі вопыту, колькі ў яе, але таксама размову падтрымаю. А ўвогуле, мая спецыялізацыя — гісторыя. Шмат хто бярэ літаратуру, напрыклад, па Другой сусветнай вайне. Абмяркоўваю з імі, бо таксама маю свае думкі. Яшчэ цікаўлюся спортам. І сярод чытачоў ёсць аднадумцы, неабыякавыя да вынікаў нашай зборнай і г.д.

— Размаўляць, бачна, ты любіш. А чытаць?

— На абодва пытанні — так. Але я больш чытаю не мастацкай літаратуры, а аб спорце ды камп’ютарах. Яшчэ спрабую самастойна вывучаць англійскую мову па калісьці набытай кнізе. У спорце больш цікаўлюся футболам. А на будучае асвойваю, напрыклад, навыкі працы ў камп’ютарнай праграме «Фоташоп». Я не ўпэўнены, што мне гэта спатрэбіцца, але ёсць у мяне такая творчая нотка ў плане працы з фотаздымкамі. Стварыць вобраз, у «Фоташопе» штосьці падкрэсліць, каб і іншыя ўбачылі ў здымку тое, што бачу я… Займаюся гэтым для сябе. І ў плане рэтушы фотаздымкаў ужо атрымліваецца нядрэнна.

— Арсеній, а якія кнігі табе самому больш даспадобы — папяровыя ці электронныя?

— Ну, я з тых, хто любіць кнігу трымаць у руках. І ўвогуле, калі аб’ём інфармацыі вялікі, дык зручней традыцыйнае — папяровыя кнігі, газеты, часопісы. А вось аператыўныя спартыўныя навіны я чытаю на сайтах — з дапамогай камп’ютара альбо тэлефона, калі еду дахаты…

— А што далі табе гэтыя паўтара года працы бібліятэкарам?

— Шмат пазітыву, шмат развіцця ў плане стасункаў з людзьмі розных узростаў, розных поглядаў, розных меркаванняў…

 

Сапраўды,  бібліятэка ў Смілавічах — не толькі адзін з цэнтраў культурнага жыцця, але і жывых стасункаў. І як цудоўна, што ў хуткаплынным жыцці, калі часу на ўзаеміны застаецца ўсё меней і меней, тут іх падтрымліваюць, ажыўляюць, развіваюць, песцяць… Як цудоўныя кветкі ў Смілавіцкай бібліятэцы №2 — дзіцячай, куды мы зазірнём наступным разам…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *