ДЗЯЦІНСТВА, ДЗЯЦІНСТВА… КАЛІ ТЫ ЗНІКАЕШ?!

Общество

Многія задумваюцца аб тым, куды знікае дзяцінства. Колькі песень пра гэта напісана! Але я дакладна ведаю: у мінулае.  А вось калі яно знікае? Можа, тады, калі мы ідзём у школу? Дакладна не! Мы яшчэ нават не ўсведамляем сябе. Мы атрымліваем асалоду ад усяго, што ёсць на свеце! І, у рэшце рэшт, проста бесклапотна жывём.

А можа, яно знікае, калі нас выпрабоўваюць першымі іспытамі? Таксама не. Мы хоць і хвалюемся, прымаем рашэнні, выконваем заданні, але ўсё ж не ўспрымаем, што мы — дарослыя, а па-ранейшаму адчуваем сябе дзецьмі.

Разгледзім наступны важны крок у нашым жыцці: атрыманне пашпарта ў чатырнаццаць гадоў. Можа, гэта час для знікнення дзяцінства? Але і тут мы толькі ўступаем у насычанае праблемамі дарослае жыццё. Далей на шляху ўжо — іспыты на заканчэнне дзявятага класа, а для кагосьці — і прыёмныя ў каледж. Затым на жыццёвым шляху — падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання, выпускныя школьныя іспыты і ўступныя — ва ўніверсітэт, вучоба… На мой погляд, гэта ўсё яшчэ падрыхтоўка да дарослага жыцця. З кожным крокам па-дзіцячы становіцца ўсё цікавей, з кожным годам — усё складаней і складаней: вучыцца, прымаць самастойныя рашэнні, вырашаць праблемы…

На сваё першае працоўнае месца мы ідзём амаль паўнапраўнымі дарослымі. Але чаму б ні трымаць ўнутры сябе часцінку дзяцінства?!

Я прыйшла да высновы: дзяцінства нікуды ніколі не знікае. Яно паступова, у залежнасці ад нашых дзеянняў і ўчынкаў, ад нашых думак аддаляецца, бы сыходзіць на задні план. Дзеці не разумеюць дарослых, дарослыя не разумеюць дзяцей — адвечная праблема… Але чаму б дарослым ні ўспомніць сябе ў дзяцінстве і ні прыгадаць, што самі былі такімі ж?! Чаму б ні паглядзець на свае праблемы з дзіцячага пункту гледжання, захоўваючы свой, больш сур’ёзны  і лагічны?..

Дзяцінства  не знікае… У кожны момант яго можна наблізіць, акунуцца ў яго і заставацца заўсёды маладым. Калі не па знешнім выглядзе, дык хаця б у душы…

Юлія АДАМОВІЧ,

вучаніца 10 класа гімназіі №1 імя У.Караля г.Чэрвеня

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *