“Жадаю, каб прыходзіла “раёнка” ў кожны дом”

Общество

Мікола БАРБУК, в. Грабёнка:

Па-першае, дазвольце павіншаваць усіх супрацоўнікаў рэдакцыі з Новым 2014-ым годам, які надышоў ужо. Жадаю вам усяго найлепшага: здароўя, дабрабыту, цяпла ў сем’ях… Ну, а любімай раённай газеце — вялікага тыражу!

Радасна ўсведамляць, што тут сабраліся аднадумцы, творчыя, працалюбівыя, таленавітыя журналісты, якія сваімі аповедамі ахопліваюць не толькі ўсе падзеі раёна, але вобласці, рэспублікі, прадстаўляюць іх на старонках газеты. А яшчэ прыемна, што матэрыялы пад іх прозвішчамі можна прачытаць і ў прэсе рэспубліканскай. І гэта таксама гаворыць пра творчы і прафесійны ўзровень нашых журналістаў.

«Раёнцы» — 95… Нават не верыцца… А ўявіце сабе, што я знаёмы з ёй крыху больш за 50 гадоў! І зараз памятаю некаторыя нумары з таго часу, калі мне было дзесьці гадоў дзесяць. Тады газета называлася, здаецца, яшчэ  «Калектывістам». Яе выпісвалі не толькі ў нашай сям’і, але і мой дзядуля, якому было ўжо шмат гадоў. І вось на працягу ўсяго гэтага часу мы сябруем з «раёнкай».

Калі я быў студэнтам філфака БДУ, дык па прыездзе дахаты заўсёды з увагай перачытваў усе тыя нумары раённай газеты, якія выходзілі ў маю адсутнасць на Чэрвеньшчыне. Гэта было вельмі і вельмі цікава! Дарэчы, першая мая публікацыя з’явілася ў газеце «Уперад», калі я быў студэнтам трэцяга курса. Добра памятаю ганарар у чатыры рублі з капейкамі. А матэрыял быў пра работнікаў рыбгаса «Волма». Я ж сам з тых краёў…  Ну, а потым паступова пачалося знаёмства з журналістыкай больш грунтоўнае. І час ад часу на старонках «раёнкі» з’яўляліся і мае публікацыі.

Сорак гадоў я адпрацаваў настаўнікам, і ўвесь гэты час раённая газета была і застаецца самым любімым выданнем. Мы выпісвалі вельмі шмат перыёдыкі, але пачыналі знаёмства з газетамі і часопісамі менавіта з «раёнкі». Такая традыцыя працягваецца і зараз…

Прыемна, што на сваіх старонках наша газета дае магчымасць чытачам знаёміцца з жыццём раёна, яго гісторыяй, жыхарамі, адметнымі працаўнікамі, творцамі… Заўсёды кранаюць матэрыялы, якія распавядаюць пра вядомых  людзей Чэрвеньшчыны, што праславілі наш раён. Гэта таленавітыя пісьменнікі, паэты, дзеячы мастацтва, навукоўцы… Мы вельмі рады, што дзякуючы карэспандэнту газеты Святлане Адамовіч шмат даведаліся пра нашага касманаўта Алега Навіцкага. Думаю, што на старонках «раёнкі» з’явіцца яшчэ не адна публікацыя пра жыццё і дзейнасць гэтага выдатнага чалавека, які праславіў наш раён не толькі на ўвесь былы Савецкі Саюз, але сапраўды на ўвесь свет!

Канешне, нас, сям’ю настаўнікаў, заўсёды цікавіла і цікавіць школьнае жыццё. Матэрыялы гэтай тэматыкі прачытваем найперш.

Думаю, сёлета асаблівую ўвагу калектыў рэдакцыі зверне на 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і на падрыхтоўку да святкавання ў годзе наступным такога ж юбілею Вялікай Перамогі. Наша Чэрвеньшчына багатая на людзей, якія праявілі мужнасць і адвагу ў суровыя ваенныя гады, са зброяй у руках абараняючы Радзіму ад ворагаў. Вайна не мінула практычна ніводнай сям’і. Мой дзядзька, Шуша Іван Сцяпанавіч,  таксама загінуў у гэтай жудаснай віхуры. І мы, родныя і блізкія, нават і зараз не ведаем, дзе знаходзіцца яго магіла… Вельмі шмат у навучальных установах, у тым ліку і ў нашай Грабёнскай школе, надаецца ўвагі ўшанаванню памяці тых, хто загінуў на вайне.

Але вернемся да раённай газеты. Калі крышку казаць пра заўвагі, дык гэта, як на тэлебачанні, радыё і ў іншых выданнях, — замнога рэкламы. Але мы, канешне ж, разумеем, што менавіта яна дае магчымасць выжыць, умацавацца, быць фінансава забяспечанымі… Хацелася б таксама больш цікавых конкурсаў для чытачоў, больш адметных гісторый, якія адбываліся з жыхарамі Чэрвеньшчыны.

Сярод іншага мы заўсёды прачытваем міліцэйскую хроніку. Калі ідзе інфармацыя пра затрыманых у нецвярозым стане за рулём, называюцца прозвішчы. А калі справа тычыцца тых асоб, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў, чамусьці іх прозвішчы не агучваюцца. Мне здаецца, трэба называць найперш іх — тых, хто, па сутнасці, адрокся ад сваіх дзяцей. Дзеці-сіроты пры жывых бацьках — гэта жахліва…

А вось тое, што друкуюцца ў газеце віншаванні, — вельмі добра. Бо нават калі каго раптам забудзешся павіншаваць альбо не будзеш ведаць, калі цікавы табе чалавек адзначае ўласнае свята, зірнеш на старонкі «Раённага весніка» — і возьмеш у рукі тэлефон, каб павіншаваць імянінніка. Здаецца, дробязь, а прыемна…

Я шчыра віншую калектыў рэдакцыі з юбілеем выдання. Мне хочацца пажадаць, каб вашу і нашу «раёнку» сапраўды выпісвалі ў кожную сям’ю, у кожны дом!

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *