Уладзімір Георгіевіч ДАРАГУЖ: “ШЧЫРА, ЯК НА ДУХУ…”

Общество

Нарадзіўся 27 лістапада 1933 года ў г. Чэрвені Мінскай вобласці (па пашпарту 5 снежня ў вёсцы Раванічы Чэрвеньскага раёна).  Скончыў фізмат Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1955).  Працаваў выкладчыкам фізікі і астраноміі ў школах Чэрвеня і Чэрвеньскага раёна, а таксама ў вучылішчы будаўнікоў.

Публікаваў артыкулы і вершы ў рэспубліканскім і раённым друку.

У 1989-90 гадах у раённай газеце «Уперад» надрукаваў цыкл нарысаў «Курапаты Чэрвеньшчыны».

Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства асветы Беларускай

ССР (1967) і Граматай Савецкага камітэта ветэранаў вайны (1987).

Уганараваны медалём Івана Луцкевіча «За шанаванне спадчыны» (2007) — за адкрыццё Курапатаў Чэрвеньшчыны і магілы Апанаса Мякоты.

1. Ці падабаецца Вам Ваша імя? Ці не шкадуеце, што Вам не дасталося якое-небудзь іншае?

Уладзімір — сапсаванае еўрапейскае Waldemar. Напэўна, яно азначае лес на марскім узбярэжжы. Імя як імя, не лепшае і не горшае за іншыя… Да таго ж, не імя ўпрыгожвае  чалавека…

2. Які колер вачэй і валасоў Вам падабаецца найбольш?

Колер вачэй, валасоў, як і колер скуры, не мае прынцыповага значэння. Абы чалавек быў прыстойны.

3. Якія станоўчыя якасці ў чалавеку найбольш цэніце?

Сумленнасць. Адукаванасць. Нацыянальную свядомасць. Адданасць сям’і.

4. Якія чалавечыя заганы не церпіце?

Халуйства. Двудушша. Прагу улады. Агрэсіўную тупасць. Баязлівасць.

5. Ці верыце Вы ў сяброўства?

Здаецца, так.

6. Які Ваш любімы занятак?

Шукаць грыбы ў вільготным вераснёўскім лесе. А дома — корпацца ў кнігах і слухаць «сур’ёзную» музыку.

7. Як Вы разумееце шчасце, шчаслівы лёс, шчаслівае жыццё?

Здароўе блізкіх, любімая праца,  матэрыяльны дастатак… І калі табой кіруюць вартыя людзі.

8. Які лёс, на Вашу думку, асабліва варты жалю і наракання?

Лёс чалавека, якому, акрамя чаркі і скваркі, нічога не трэба — ні мовы, ні дэмакратыі, ні незалежнасьці.

9. Які момант у Вашым жыцці лічыце самым радасным?

Нараджэнне дачкі і сына. Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі.

10. Які ў Вашым жыцці момант быў самы горкі, нешчаслівы?

Такіх момантаў, на жаль, шмат. Хвароба і смерць маці, сястры, жонкі…

11. Чаго Вы яшчэ хацелі б у жыцці дасягнуць ці дачакацца?

Дасягаць ужо позна, трэба было раней… А дачакацца хачу пераменаў. Пераменаў да лепшага… Вяртання на пасад роднай мовы… Нараджэння ўнукаў.

12. Якая асоба ў гісторыі чалавецтва Вам найбольш сімпатычная?

Ісус Хрыстос.

13. Герой якога рамана ці іншага мастацкага твору?

Юродзівы Ніколка з драмы А.С.Пушкіна «Барыс Гадуноў»: «Нельзя молиться за царя-ирода: Богородица не велит».

Рыцар Ланцэлот з п’есы Яўгена Шварца » Дракон»: «Завидую рабам. Они знают, что надо делать. У них твёрдые убеждения. А рыцарь — всегда на распутье».

Сымон з аповесці Змітрака Бядулі «Салавей»: «Не хачу быць панскім салаўём!».

14. Ваш любімы паэт, празаік, кампазітар, жывапісец?

Усіх і не пералічыш. Назаву самых-самых…  Янка Купала, Максім Багдановіч, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў.

Тарас Шаўчэнка, Лэся Украінка, Ліна Кастэнка.

Шэкспір, Гейнэ, Міцкевіч, Пушкін, Лермантаў, Ясенін, Ахматава, Цвятаева.

Бах, Моцарт, Бетховен, Вердзі, Манюшка, Чайкоўскі, Рахманінаў, Свірыдаў.

Левітан, Врубель, Чурлёніс, французскія імпрэсіяністы.

15. У чым па-вашаму найбольш поўна праявіўся геній прыроды?

У эвалюцыі. Развіццё ўсяго жывога на Зямлі ішло ад найпрасцейшага да больш складанага. І ўрэшце атрымаўся homo sapiens… Што атрымалася, тое  і атрымалася…

Ці не найвялікшая памылка прыроды…

16. Якая жывёліна (звер, птушка) Вам найбольш сімпатычныя?

Сініцы і вераб’і.

17. Якая Ваша любімая страва?

Калі надта прагаладаюся, усякая. Але найперш — капуста і бульба.

18. Пра якую мясціну на зямлі ў Вас застаўся самы прыемны ўспамін?

Азёры Вялікая і Малая Швакшта.

19. Калі б лёс прымусіў пакінуць радзіму — якую краіну выбралі б Вы для перасялення?

Люблю Украіну, вельмі люблю. Але памерці хачу тут, дома.

20. Ваша ўяўленне пра сямейнае шчасце?

Здароўе родных, любоў і ўзаемаразуменне.

21. Аб якім упушчэнні (нескарыстанай магчымасці) на сваёй жыццёвай дарозе вельмі шкадуеце?

Не вывучаў належна замежных моваў. Не навучыўся іграць на музычных інструментах. Не навучыўся маляваць.

22. Чым (якімі падзеямі, здарэннямі) засталося ў памяці дзяцінства?

Голад і расстрэлы ў час акупацыі.

23. Ваша стаўленне да ўдзелу ў палітычным жыцці краіны?

Калі хочаш пазітыўных пераменаў, трэба актыўна ўдзельнічаць.

24. Якое значэнне надаеце бытавым умовам жыцця і працы?

Умовы, зразумела, павінны быць нармалёвыя.

25. Ці ёсць у Вас фінансавая мара?

Каб павышэнне пенсіі паспявала за ростам цэнаў.

26. Што (які матэрыял, якую тэму) шукаеце перш за ўсё ў свежых газетах?

Гісторыя Беларусі, жыццё знакамітых людзей, культура нашага народа.

27. Якую кнігу (твор) Вы любіце перачытваць?

Вершы любімых паэтаў.

28. Ці верыце Вы ў фатальную непазбежнасць наканаванага лёсам?

Не, ніякім чынам. Лёс чалавека вызначаецца самім чалавекам і яго атачэннем…

Хаця і ў генах нешта закладзена.

29. Якая расліна (дрэва, кустарнік, кветка-зёлка) Вам найбольш падабаецца?

Дуб, каліна, шыпшына, валошкі ў жыце…  І, вядома ж, адуванчыкі-дзьмухаўцы.

30. Ваша любімая пара года?

«Любое время года надо благодарно принимать»…  І ўсё ж — грыбная восень.

31. Якая яна — жанчына Вашай мары?

Мая жонка.

32. Ваша стаўленне да рэлігіі?

Амаль такое ж, як у Маркса з Леніным. Цяперашняе захапленне рэлігіяй справакавана сродкамі масавай інфармацыі… Але тым не менш штовечар я прамаўляю малітву, якая пачынаецца словамі «Магутны Божа! Ўладар сусветаў…»  і заканчваецца «Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай краіну нашу і наш народ».

33. Ці верыце ў прыкметы?

Не. Святы Серафім Сароўскі сказаў, што калі ў  прыкметы не верыць, то яны  і спраўджвацца не будуць.

34. Кім збіраліся стаць у дзяцінстве?

Лётчыкам. Пакуль не разбіўся Чкалаў.

35. Ці прыслухоўваецеся Вы да чыёй думкі, прымаючы рашэнне?

Так. Адна галава — добра, а дзве — лепей.

36. У чым, на Вашу думку, нацыянальная ідэя Беларусі?

Кожная нацыя хоча быць не толькі сытай, але і вечнай. Мы, ліцвіны-беларусы,  існуем на гэтым свеце, пакуль помнім сваю тысячагадовую гісторыю і пакуль гучыць наша родная мова.

37. Якой Вы бачыце Беларусь праз…?

Contra spem spero!  Без надзеі спадзяюся… Беларускай. Свабоднай і шчаслівай.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *