ЗГАДКІ Уладзіміра ДАРАГУЖА

Общество

г.Чэрвень.

Прыстрэлка.

Аднойчы ў васьмідзесятыя, калі нас, выпускнікоў універсітэта  пяцьдзесят пятага года, было яшчэ многа, амаль усе, мы наладзілі сустрэчу ў рэстаране гатэля «Планета». Тады ж  сфатаграфаваліся перад манументам «Горад-герой Мінск».  А потым адны з нас пачалі выязджаць у замежжа, а іншыя — пакідаць беззваротна гэты свет.  І вось што я заўважыў: усе памерлыя на здымку злева, а мы з Мечыкам — самыя маладыя на курсе — справа. Калі і далей так пойдзе, то мы з ім апошнія з курса пакінем гэты свет.  І раптам адыходзіць Мечык, на два месяцы маладзейшы за мяне… Толя Хаткевіч (мы ж фізікі — артылерысты, афіцэры запасу) даў такое тлумачэнне: «Смерць вядзе прыстрэлку. Недалёт… пералёт… Урэшце яна поўнасцю выканае сваю баявую задачу, не сумнявайся».

 

Крама «Партактыў»

Гэтаму аднапавярховаму цаглянаму будынку больш за сто гадоў. Ён на плошчы, у самым пачатку вуліцы Карла Маркса. Цяпер тут крама «Шарм», дзе прадаюць галантарэйныя і парфюмерныя тавары.

А  пасля вызвалення горада ад фашыстаў, калі аднавілася савецкая ўлада, у гэтай краме адпускалі «каму трэба» тавары амерыканскай вытворчасці.  Злучаныя Штаты Амерыкі, хоць доўга  і не адкрывалі другога фронта, але ўсё ж моцна, праўда не дарэмна,  дапамагалі Савецкаму Саюзу. Самалёты, караблі, аўтамабілі, метал для танкавай брані, выбухоўка, харчы, адзенне. Пяцімільённай арміі хапіла б на тры гады!  Што якое перападала  і мірнаму насельніцтву. У згаданай краме да самай столі ляжалі вялізныя кардонныя каробкі, пакрытыя парафінам. Сюды прыходзілі  ці прыязджалі розныя начальнікі  або члены іх сем’яў, так званы «партактыў» (таму  і крама, на якой  не было ніякай вывескі, атрымала ў народзе такую назву). І  па пэўнаму спіску яны атрымлівалі  гэтыя самыя таямнічыя  каробкі. Нам, галодным гарадскім дзецям,  было цікава даведацца — а што там у іх. Але,  як толькі  мы заходзілі ў краму, нас адтуль  хуценька выправаджвалі.

Аднойчы (на вялікі жаль, толькі аднойчы) нехта з высокапастаўленых бацькоў прэзентаваў (ці  можа прадаў) маёй маці, настаўніцы матэматыкі, адну такую каробку. І чаго там толькі не было!  Такога смакоцця  я ніколі раней не бачыў,  ды і потым  не сустракаў шмат гадоў… Свіная тушонка, тушонка з ялавіччыны, згушчонае малако, плаўлены сыр, жавальная гумка і іншае. Адзін раз у жыцці пашанцавала.  А гэты самы «партактыў» спажываў такое пастаянна… Бог няроўна дзеле…

Пуцёўкі

Мая маці толькі адзін раз у жыцці патрапіла ў дом адпачынку, калі  я яшчэ не хадзіў у школу. У першую ж ноч  ёй прыснілася, што я зваліўся ў студню. І яна, кінуўшы  ўсё, вярнулася дадому і болей туды не паехала.  Маці  заўсёды разважала: «Няхай ім будуць і ўсе пуцёўкі, і ўсе хваробы». Каму «ім»? Пэўна начальнікам…  І яе сын аніразу за ўсё жыццё не наведаў дома адпачынку, курорта, санаторыя.  Лепшы для яго адпачынак — турысцкі паход, экскурсія або збіранне грыбоў  у вільготным вераснёўскім лесе.

 

Пісьменнікі

Калі я паказаў нашай бібліятэкарцы Святлане Аляксандраўне кнігу мемуараў «Страницы жизни», падараваную мне аўтарам, Леанідам Ісакавічам, яна здзіўлена вымавіла: «Ой, а я ж думала, што яна ў цвёрдым пераплёце».  «Што ж тут дзіўнага. Шофман —  не Шолам Алейхем» — патлумачыў я.

 

Характарыстыка

Калі іду па цэнтральнай алеі  гарадскіх могілак  і бачу помнік на магіле Васі, то мімаволі сціскаецца сэрца, бо і я нейкім чынам прычыніўся да смерці гэтага маладога чалавека.

Класным кіраўніком у Васі быў я, напісаў яму, як і кожнаму з выпускнікоў, характарыстыку.  Але праз некалькі месяцаў Вася заяўляецца да мяне і просіць яе перапісаць. Прагледзеўшы, кажу:  «Добрая характарыстыка, ніякага кампрамату ў ёй няма. Ну, прапускаў урокі без уважлівых прычын… А хіба гэта не так? Нічога змяняць не трэба».  Не сказаў мне тады Вася, што знаходзіцца пад следствам па нейкай крымінальнай справе і хутка  патрапіць за краты. А савецкія турмы — установы пакарання, а не перавыхаванння. Там Вася і загінуў… Калі б ведаў я, што  ёсць і што можа быць, безумоўна  напісаў бы новую характарыстыку, ды такую, што хоць званне Героя Савецкага Саюза прысвойвай. Можа і дапамагло б… Але позна.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *