ЛЁСЫ БАЦЬКІ ЯНКІ КУПАЛЫ І МУЗЫ ПАЭТА ПАЎЛІНЫ МЯДЗЁЛКІ ПАЗНАЧАНЫ ІГУМЕНШЧЫНАЙ

Общество

У шмат каго  са слынных дочак і сыноў нашай Радзімы родавыя карані знаходзяцца на Чэрвеньскай зямлі, альбо яны пакінулі на ёй свае сляды. Вось красамоўны прыклад. У выданні “Альбом-выстаўка ў школе. Янка Купала” (Выдавецтва “Народная асвета”. Мінск 1965) на 3-й старонцы змешчана прызнанне Янкі Купалы: “Бацька мой родам з Чэрвеньшчыны, паходзіць з дробных засцянковых арандатараў, выгнанных польскім князем з зямлі. З маладых год ён працаваў на арандаванай зямлі (на запашках)”.

Многія не ведаюць пра сувязь Янкі Купалы з Ігуменшчынай. Лічу, што пупавіна яго бацькі і дзеда была прывязана да мясцін, якія  ўваходзілі ў склад Грабянецкага, а цяпер Чэрвеньскага сельсавета. Прозвішча Луцэвіч тут носяць і сучасныя  жыхары. Мне помніцца колішня размова з адным з носьбітаў яго. Потым, здаецца, гэты чалавек пераехаў жыць у Чэрвень і працаваў у перасоўнай калоне ці рамонтна-будаўнічым участку. Суразмоўца сцвярджаў, што з”яўляецца далёкім родзічам паэта.

Не магу забыць і працяглую гутарку, у якой давялося мне ўдзельнічаць, сучаснага музычнага Песняра Ігара МІхайлавіча Лучанка з былым начальнікам рамонтна-будаўнічага ўчастка Васілём Васільевічам Гончанкам. У іх успамінах мяне здзіўлялі агульныя моманты ў падзеях. Добра вядома, што бацькі Ігара Міхайлавіча таксама паходзяць з Ігуменшчыны. Тады прагучала думка аб сваяцтве яго продкаў у нейкім калене з Луцэвічамі (Купалаўскімі).

 

Рыхтуючы гэты матэрыял, я параўнаў партрэты Янкі Купалы і Ігара Лучанка ў розныя гады. На мой погляд, падабенства вельмі значнае. Можа і сапраўды Пясняр слова і Пясняр музычны  аднаго роду?

Ёсць на Чэрвеньшчыне і сляды  іншых славутасцяў. Імён вельмі шмат. Але выпадае нагода спыніцца на Паўліне Вікенцьеўне Мядзёлцы.  Згодна дадзеных Беларускай энцыклапедыі (т.11, стар. 69), яна нарадзілася 24 верасня 1893 года  ў вёсцы Будслаў сучаснага Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Па іншых друкаваных крыніцах — 12 верасня. Такім чынам, у гэтым месяцы спаўняецца 120 гадоў з дня яе нараджэння. Жанчына-легенда. Мужная, верная сваім поглядам. Змагалася за Беларусь. Яе 4 разы арыштоўвалі, у тым ліку ў 1930 годзе савецкія ўлады, у станаўленне якой яна ўнесла свой уклад. Не пералічыць і яе талентаў. Менавіта Мядзёлка з”яўляецца першай выканаўцай ролі Паўлінкі ў аднайменнай п”есе Янкі Купалы. Шмат хто лічыў яе найлепшай, самай бліскучай. Можа так, бо штосьці ў п”есе арганічна знітавана з яе душой, поглядамі на каханне. Паўліна Мядзёлка з”яўлялася  вядомым дзеячам культуры БССР. У 1966 годзе ёй прысвоілі званне Заслужанага дзеяча культуры Беларусі.

Плённа тварыла  і ў літаратуры.. Яе пяру належаць вершы, паэмы, песні, п”есы, успаміны. З ёй сябравалі паэты і пісьменнікі.

Паўліна Мядзёлка з”яўлялася і выдатным педагогам. Шмат адпрацавала настаўніцай у розных вёсках і гарадах, у тым ліку  і на Ігуменшчыне. І гэта нас цікавіць у сувязі з яе юбілеем.

У 1915 годзе настаўнічала ў вёсцы Жорнаўка. У асобных выданнях узгадваецца вёска Уборкі. Запрасіла яе адна з княгінь Радзівілл, якая валодала тут зямлёю. Мядзёлку рэкамендавалі ёй як вельмі здатную настаўніцу. І яна выдатна пацвердзіла гэтую характарыстыку. Працавала натхненна, самааддана. За свой кошт набывала  неабходныя рэчы для навучання сялянскіх дзяцей. Хутка дабілася поспехаў. Пачала карыстацца павагай у сялян. Адкрыла і вячэрняе навучанне. Але радасць ад працы  спынілася не па яе волі. Княгіні данеслі, што настаўніца спачувае бедным людзям. Ды і пачаліся рэвалюцыйныя хваляванні ў Ігуменскім павеце. Школу княгіня зачыніла.

Вось бачыце, шаноўныя чытачы, як пераплятаўся лёс людзей на Ігуменскай зямлі.

 

Паўліна Мядзёлка з”яўлялася першай каханай Я.Купалы. Ён ёй прапаноўваў сэрца і руку — адмовіла. Узяла шлюб з іншым чалавекам. Але да апошняга свайго подыху кахала Я.Купалу, перажывала за яго. Гэтае каханне не дазволіла жыць у шлюбе, мець дзяцей — хутка скасавала шлюб.

Ажаніўся Я.Купала на Уладзіславе Францаўне Станкевіч. Абедзве жанчыны кахалі яго.

У гэтым каханні бачыцца сучасным літаратурным даследчыкам нейкая асабістая трагедыя паэта. Так, напрыклад,  лічаць Люба Тарасюк у артыкуле “Быў гэта сон”, Алег  Лойка ў рамане-эсэ “Як агонь, як вада”.

У 1915 годзе  паэт стварыў цэлы  паэтычны цыкл пра каханне, у першую чаргу прысвечаны сваёй музе Паўліне Мядзелцы: вершы “Быў гэта сон…”, “Тваёй доўгажаданай”, “Сыйду”, “А яна…”, “Ночцы” і іншыя.

Пакуль быў жывы, дапамагаў ёй.

Паўліна Мядзёлка незгасную любоў да Песняра з гонарам пранясла  праз усё сваё жыццё. На мой погляд, менавіта гэтая любоў упрыгожвала яе шлях, давала моцы, хваляванне, радасць, сэнс. Яе каханне — вечнае, сапраўднае, якога жадаюць усе людзі.

 

І зноў Чэрвеньшчына дапамагае нам ўбачыць веліч асоб. У г.п. Смілавічы жыве ветэран педагагічнай працы Мая Пятроўна Бурая. Жанчына паважаная, інтэлектуал з вялікай літары.   У яе самой жыццёвы шлях цяжкі. Гадавалася без бацькоў у дзіцячых дамах і школах-інтэрнатах. Вайна пазбавіла дзяцінства.

Мая Пятроўна вельмі захапляецца творчасцю Янкі Купалы. Гэтую цягу прывіла ёй Паліна Вікенцьеўна Мядзёлка. Пэўны час Мая Пятроўна жыла і вучылася ў Будслаўскай школе-інтэрнаце, дзе Мядзёлка выкладала літаратуру. Яе ўрокі  былі святам. Іх не забывае і да цяперашняга часу. Мая Пятроўна была любімай вучаніцай настаўніцы. Вось што ўспамінае: “Паўліна Мядзёлка добра ведала на памяць творы Песняра. Шмат расказвала пра яго. І тады ён уяўляўся нам яе вачамі, жывым. Гаворачы пра яго. яна мянялася: станавілася маладой, голас рабіўся то звонкім, то лагодным і цеплым, постаць выпраўлялася. Мы заміралі, адчувалі паэта, яе каханне. Яна была артысткай ад Бога і прыкладам для нас ва  ўсім. Мела магчымасць жыць у Мінску, але да смерці даглядала старэнькую маці. Жыла сціпла. Імкнулася занатаваць пра Янку Купалу ўсё, што бачыла”.

Мая Пятроўна неаднаразова апавядала чытачам Смілавіцкай бібліятэкі пра свае сустрэчы з Паўлінай Мядзёлкай, якая паўплывала на яе прафесійную арыентацыю — стаць настаўніцай. Спатканні былі і пасля заканчэння школы.

Удзячны Маі Пятроўне і я. Менавіта яна звяртала маю ўвагу на лёс Паўліны Мядзёлкі, як музы Янкі Купалы. Збірае яна друкаваныя матэрыялы, запісала і захоўвае радыёперадачу, прысвечаную Паліне Мядзёлцы.

Спадзяюся, што чытачы “раёнкі”  звернуць увагу не толькі на юбілей Паўліны Мядзёлкі  — музы Янкі Купалы, але і на яго творы пра каханне. Яны так патрэбны сёння моладзі. Парайце, калі ласка, прачытаць іх сваім дзецям, унукам.

На здымку: Паўліна Вікенцьеўна Мядзёлка

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п. Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *