Вось ужо чацвёрты год для тых жыхароў Чэрвеньшчыны, хто знаходзіцца ў нас на надомным абслугоўванні, мы ладзім добрачынную акцыю «Лепшы падворак». Яе мэта — выяўленне і падтрымка людзей, якія, нягледзячы на праблемы са здароўем, узрост ды іншае, займаюцца развядзеннем кветак і афармленнем прысядзібнага ўчастка. У 2010-ым і 2011-ым гадах у рамках акцыі мы ладзілі конкурс лепшых падворкаў у Чэрвені, у 2012-ым — у Волме, а сёлета — у Турцы.
Удзел у конкурсе ўзялі чатыры жанчыны сталага ўзросту — Таццяна Пятроўна Шклянка, Зінаіда Ільінічна Каток, Надзея Пятроўна Тарасенка, Раіса Хакімаўна Ахунова. Пераможцай прызнана Надзея Пятроўна Тарасенка. Яна атрымала Грамату, кветкі, каробку цукерак і набор ручнікоў. Усім астатнім уручаны кветкі і наборы шклянак. Дзякуй ААТ «СТФ-мантаж», чые фундатарскія сродкі сталі матэрыяльнай падтрымкай акцыі. А ўсім чатыром жанчынам мы кажам: вы проста малайцы! Прыемна, што і на Чэрвеньшчыне ёсць у любым узросце аматары прыгажосці, якія любяць яе, цэняць, а галоўнае — ствараюць сваімі рукамі.
Таццяна АДЗІНЕЦ,
загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Фота аўтара