А БЫЛО Ж ЯНО, БЫЛО…

Общество

Працяг

ЛЕНА ЦЫБІНА (КАЎКА) ЎСПАМІНАЕ

Клопаты малодшых

Цётка Манька [Марыя Маркаўна], сама яшчэ маладая, а да нас, сірот, як і дзядзька Андрэй, цётка Аўдакея, скрозь хінулася, чым магла, памагала. Адразу пасля вызвалення, пахаваўшы маці — нашу бабулю Зосю, яна ўслед за Андрэем Маркавічам перабралася ў Мінск да сястры Таццяны, якая перад вайной выйшла замуж за афіцэра Пятра Баранчыкава — у іх дзве дачушкі падрасталі, Ада і Томка. Ад`яжджаючы, цётачка аставіла нам сваіх трыццаць сотак, што прылягалі да нашае хаты. Так мы разжыліся на сваю зямельку-карміцельку.

Але Валі маёй ета не ў радасць. Што мне твая зямля, я вучыцца хачу — будзе казаць. Мне ж было ўжо не да вучобы, хоць і мела за спіной 6 класаў і навука лёгка давалася. Валю такі пусціла ў школу, але не ў 6-ы, а ў 7-ы клас, за шосты — дома яе давучвала, як магла, тлумачыла ёй алгебру, геаметрыю. І пайшла мая сястрыца, скора ў выдатніцы выбілася. Мае [колішнія] аднакласніцы Соня Буйневіч, Маруся Вераскоўская пайшлі паўторна ў сёмы і, абсеўшы яе, спісвалі ўсё. Нагаравалася я з сваёй выдатніцай зімой. Пашыю лапці з сукна — толькі на нядзельку-другую ад сілы. Плачам удзвёх. Спляту з пянькі — зноў бяжыць яна ў школу, і настаўнікі рады, ведаючы яе здольнасці і рвенне да вучобы. Стопчуцца аборачныя лапцікі — зноў мая сястрычка дома сядзіць, зубрыць далей па кніжках. А падружкам старэйшым без яе падмогі трудна ў класе. Прыходзіць Маруся Вераскоўская: Лена, прoсіць, пусці Валю ў школу — і працягвае чуні, якія бацька яе паклеіў з камеры. Зноў маёй сястрычцы палягчэла.

А тут адчыняюцца ў Чэрвені трохмесячныя курсы настаўніцкія. Валя з даведкай за 7 класаў (дзякуй дырэктару Гаўрыленку) падаецца туды. Але курсы тыя раптам пераводзяць у Мінск, падоўжыўшы ажно на тры гады. Нам іх не адолець. Дачулася яна пра другія курсы — целеграфістак. Праз тры месяцы сястрычка мая ўжо — целеграфістка, на сваім хлебе. Яе, атлічніцу, пакідаюць рабіць на цэнтральным целеграфе, але яна папрасілася ў Чэрвень, каб бліжэй дому; у Мінску, беднай, жыцця не было ад насякомых. Як прыехала ка мне, я аж спужалася. Скарэй запаліла печ, два вялізныя чыгуны кіпятку нагатавала, усю яе адзежу ў кіпень, на двары вычасала яе прыгожыя косы, змазала керасінам, зноў счасала… А што такое стыд. Там жа ў горадзе ў нас ужо былі тры цёткі, а яна саромелася пайсці да іх, папрасіць хоць якой лахманінкі, каб перамяніцца, абмыцца. Дзе вучылася — на тых жа лаўках, сталах і спала.

Ну, працуе ў Чэрвені, уважаюць яе за добрую работу. Неяк начальнік пошты, сустрэўшы мяне, пытаецца, ці ета мая сястра ў іх на целеграфе — што ўжо старанная, разумная, кажа. І мне на сэрцы соладка ад такіх слоў. Ад людзей пра яе толькі пахвалу і чула. Палюбіў маю сястрыцу харошы хлопец, жыў адзін з маткай. Хацеў прыехаць ка мне з ёю ў адну з субот. Яна ж вазьмі і падмані яго, што едзе ў Мінск (каб адчапіўся). А сама гаворыць мне: як жа я пайду за яго, бедная, калі нават сукенкі на змену няма. Я, праўда, сварылася на яе за ета, але што задумана, зроблена. І поўна часу прайшло, хлопец той ажаніўся, а ўсяроўна прыходзіў ад жонкі к дзеўкам на лавачку. Сядзе напроць сястры і ўздыхае. Вось якую любоў бедната атвергла.

Мусіла яна пакінуць тую кватэру і перабралася к Галі Рымашэўскай (Жарковай), на другі канец горада, на Будзённага вуліцу. Туды ж, браток, і цябе яна к сабе забрала, бо ў сяле пачынаў ты блажэць — ведама, без бацькоўскага нагляду. А ў малодшай сястры яшчэ бядней, чым у мяне, і сам ты, сабраўшы дакументы, пайшоў у дзетдом. Валя вельмі перажывала, што не ўтрымала цябе, пакуль я не аб’ясніла ёй, што гасударства лепей дапаможа табе вучыцца, чым мы, бедныя, нявопытныя, якім самім патрэбна дапамога, савет…

І вось ты ў дзетдоме. Ці раз вызываў мяне дырэктар Пянкрат, каб я на цябе падзейнічала, бо з басякамі пачаў вадзіцца. Але ж вучыцца стаў лепей. У мяне твая картачка захавалася, на якой ты, шасцікласнік, выступаеш на чытацкай канферэнцыі перад сваімі таварышамі. Тады ж і са мною сфатаграфіраваліся. А ета мне прыгожа ўспамінаць. Хоць і балюча ведаць, як табе пазней цяжка было вучыцца ў бібліятэчным тэхнікуме без нічые дапамогі… Аўтобусы ж тады не хадзілі, каб хоць бульбы падкінуць, ды я і не ведала, як ты там гараваў, бо к нам ты саромеўся звяртацца за дапамогай. А вот як са мною ты жыў яшчэ да Валі, то я, на мой погляд, вучыла цябе быць чэсным, старанным хлопчыкам, стараніцца благіх хаўруснікаў…

Ну, а сястрыцу нашу пераманіла ад Галі к сабе на кватэру падружка Яскевіч, тожа Валя. Там пазнаёміла з сваім братам Жэнем — той толькі што з Калымы вярнуўся. Малады, шавялюра чарнявая, густая. Вось тут ужо, мабыць, была і любоў, і трэба брацца за сямейную жызнь. Яны распісаліся, прыехалі ка мне ў сяло, адмецілі іх роспісь, а праз два тыдні яго маці і сястра зладзілі вяселле. Ускорасці наша Валя бярэ крэдзіт, будуюць сабе хату. Я ім дапамагала, чым магла. Віном (самагонкай), заказала Саўку Епімашку ўсю сталярку — вокны, дзверы і г.д. Муж любіў выпіць, але да работы быў удалы, працавіты — і электрык, і плотнік, і шавец, усё умеў. Пасадзілі яны сад, узгадавалі дзвюх дачок — Зою, Ірыну (выкладае ў інстытуце), сына Толю, інжынера. Жыць бы бацькам, цешыцца з дзяцей, унукаў, да нечаканая смерць аднаго за другім забрала без пары ад нас дарагіх людзей, без якіх нам вельмі пуста, адзінока.

Мне ўжо 76 гадкоў. Пажыла і нацярпелася. А радасць ва мне не ўгасла. Уцешана, што мы, трое сіротак, без бацькоў, выраслі дружнымі, працавітымі, з карысцю людзям і сваёй стране.

 

На начлезе, жніве, на базары

Успомнілася, як я засталася без сястры і брата адна ў хаце. На калгасных коней на начлезе нападалі ваўкі. То ў падмогу конюхам кожная хата павінна была выдзяляць чалавека пільнаваць звера. З хаты ў хату на радоўку спецыяльная дошчачка перадавалася. Надышла мая вочарадзь, у пятніцу. Конюхі з левага і правага бакоў табуна. Самаму жарабку павязаны на шыі званочак. З трэцяга боку мы шчэ завідна развялі агонь. А мне загадалі хадзіць дарожкай узад-уперад уздоўж лесу Баравіковага. І такое дзіва — ніякага мне страху ад тае чорнае сцяны густога лесу. Павесялелая, пачынаю нават спяваць, падбягу к агню, пагрэюся — і зноў к лесу, на дарожку, спяваючы.

Вярнуўшыся з начлега, палю ў печы; сербанула зацірачкі — і барджэй на поле жаць жыта. А вечарам у суботу — вечарынка ў суседнім сяле. Заходзяць па мяне падругі — як жа устаіш ад спакусы. Другая ночка без сну. Заўтра ж у нядзельку топаць мне км 20 у Чэрвень на базар — прадаць яек ды хлебца купіць. Ну, у горадзе ўсе свае задумы ўладзіла, тры разы ў вочарадзі пастаяла, пяць буханак хлеба ў торбу і, давольная, — назад дамоў. Папаліся гаманкія вясёлыя папутчыцы з Дубнікоў, гуртом не замецілі мы, як 10-11 кіламетраў пратопалі. Іду далей адна, і нейкае цуда прад вачыма: сядзяць наперадзе мае таварышкі, махаюць да мяне смяючыся — скарэй, к нам. Лып вачыма — нікога няма, а я ўжо Лучча мінула, на мосцік ступіла. Магла ж, сонная, у рэчку зрынуцца, але, мусіць, Бог мяне напраўляў роўненька, гравейкай, сцярог, каб не збочыла. Перахрысцілася і паследнія 8 км спяваючы бегла, баялася заснуць у лесе. Ранічкай — зноў на поле, за жнівом ужо не заснеш. Затое трэцяя ночачка мне была мамкай ласкаваю.

Сабраў і занатаваў Аляксей КАЎКА,

г.Масква

(Працяг будзе)

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *