6 ліпеня работнікі раённага спажывецкага таварыства адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень кааперацыі. Віншуем!

Общество

Уважаемые работники, ветераны, пайщики потребительской кооперации!

Искренне поздравляем вас с профессиональным праздником — Днем кооперации Республики Беларусь! Потребительская кооперация была и остается одним из старейших и многочисленных социально-экономических движений. На всех этапах своего развития, какие бы ни складывались условия, она не изменяла своему главному предназначению — служить людям, пайщикам, выполнять свою социальную миссию. Червенское райпо во главу угла ставит выполнение социальной функции. Приезд в отдаленную деревню автомагазина — это свидетельство того, что нам дорог каждый покупатель. Наша деятельность направлена на выполнение Отраслевой программы развития потребительской кооперации Минской области на 2011-2015 годы, а также поручений Президента Республики Беларусь.

Мы стараемся делать все, что жизненно важно для людей. И в этот праздничный день — особая благодарность ветеранам кооперативного движения, всем тем, кто посвятил десятилетия самоотверженного труда делу создания и укрепления материально-технического потенциала потребительской кооперации. Искренне желаем вам, дорогие работники, ветераны труда, вашим родным и близким крепкого здоровья, оптимизма, благополучия счастья, уверенности в завтрашнем дне.

Правление и профсоюзный комитет Червенского районного потребительского общества

 

***

Спажывецкая кааперацыя – складаная, шматгаліновая сістэма. Гэта рознічны гандаль, грамадскае харчаванне, нарыхтоўкі, транспарт, будаўніцтва, аказанне платных паслуг насельніцтву, знешнегандлёвая дзейнасць і іншае.

Яна абслугоўвае жыхароў усіх населеных пунктаў раёна — нават самых аддаленых і маленькіх.

Дзякуючы прафесіяналізму, прадпрымальніцтву, ініцыятыве працоўных калектываў і асобных работнікаў, райспажыўтаварыства ў сучасных умовах канкурэнцыі мае стабільнае фінансавае становішча і паспяхова вырашае пастаўленыя задачы. Сярод галоўных — задавальненне запытаў пакупнікоў.

Адметнасцю работы раённага спажывецкага таварыства з’яўляецца абнаўленне вытворчых аб’ектаў, увядзенне ў дзеянне на старых вытворчых плошчах новых прадпрыемстваў сэрвісу, адкрыццё спецыялізаваных магазінаў, пашырэнне спектра оказваемых насельніцтву паслуг.

***

У Чэрвеньскім райспажыўтаварыстве працуе 615 чалавек. Асноўная частка занята ў гандлі — 65 працэнтаў. У грамадскім харчаванні задзейнічана 16,6 працэнта калектыву, у нарыхтоўках — 10,3, транспарце — 8,2 працэнта. Вышэйшую адукацыю маюць 38 работнікаў, сярэднюю спецыяльную — 179. У вышэйшых навучальных установах навучаецца 20 чалавек, у каледжах — 16 . Сярод працуючых — 496 жанчын.

 

У нашым раёне 92 магазіны райспажыўтаварыства і 11 аб’ектаў грамадскага харчавання.

Рознічны тавараабарот за пяць месяцаў гэтага года склаў 66 299 мільёнаў рублёў, экспарт — 107 тысяч долараў ЗША.

 

96 працэнтаў прадукцыі ў магазінах Чэрвеньскага райспажыўтаварыства — айчыннай вытворчасці.

 

У раёне больш як 9 000 пайшчыкаў, у тым ліку 615 чалавек — работнікі райспажыўтаварыства.

 

Летась насельніцтву прададзена тавараў на 160,9 мільярдаў рублёў, на 4,6 працэнта забяспечана павелічэнне аб’ёму продажу ў супастаўных цэнах да ўзроўню папярэдняга года. Было закуплена на 12,9 мільярда рублёў сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны, у тым ліку больш як на 6,6 мільярда рублёў — у насельніцтва.

***

Нарыхтоўчая дзейнасць — адна з важнейшых у райспажыўтаварыстве. Апроч іншага, яна звязана са знешнеэканамічнай дзейнасцю. Напрыклад, сёлета з пачатку года, адправіўшы ў гандаль за межы Беларусі бульбу і замарожаныя суніцы, Чэрвеньскае райспажыўтаварыства зарабіла 107 тысяч долараў.

З пачатку сезона райспажыўтаварыства закупіла 25,8 тон трускалак. Ужо распачалі прымаць суніцы і іншыя ягады, а таксама лісічкі… Некаторыя мясцовыя аматары збору лясных дароў за лета атрымліваюць неблагую грашовую дабаўку да сямейнага бюджэту, здаючы ягады і грыбы.

Займаецца нарыхтоўкамі, акрамя магазінаў, філіял райспажыўтаварыства — “Каапнарыхтпрам”. Гэта дзякуючы іх намаганням, чэрвеньскія пакупнікі штогод маюць магчымасць паласавацца першымі трускалкамі з Брэсцкай вобласці, дзе яны хутчэй выспяваюць. Былі ў продажы з Лунінца і сёлета — буйныя, салодкія…

***

Поспех спажывецкай кааперацыі ў многім вызначаецца ўменнем працаваць адказна, з поўнай аддачай выконваць ускладзеныя абавязкі, знаходзіць новыя рашэнні штодзённых задач, вопытам працаўнікоў і іх высокім прафесіяналізмам. Менавіта ўсе гэтыя якасці характэрны камерцыйнаму апарату раённага спажыўтаварыства. У ім дзесяць работнікаў, на якіх ускладзены абавязак па насычэнню таварамі каля сотні гандлёвых аб’ектаў раёна. Напярэдадні прафесійнага свята ў намесніка начальніка гандлёва-вытворчага аддзела Алены Уладзіміраўны Губарэвіч (у цэнтры) адбыўся ўласны юбілей — 50-годдзе з дня нараджэння. З іх — 33 гады яна аддала кааперацыі. Працаўладкавалася пасля заканчэння Мінскага кааператыўнага вучылішча. Пасля завочна закончыла Гомельскі кааператыўны інстытут. Так што ў сваёй рабоце яна спецыяліст высокага кшталту. Алену Уладзіміраўну паважаюць у калектыве, да яе парад прыслухоўваюцца. А ў Дзень нараджэння калегі яе шчыра павіншавалі, уручылі кветкі, пажадалі моцнага здароўя, жыццёвага шанцавання.

***

Нядаўна на радасць смілаўчанам адкрыўся пасля капітальнага рамонту магазін “Усё для дома”. Зараз тут светлая, прыгожая і прасторная гандлёвая зала, вельмі шырокі асартымент тавараў, зручная, адкрытая яго выкладка. А прадаўцы прафесійна ўмеюць прапанаваць наведвальнікам неабходныя ім рэчы. Пакупнікі хваляць: выбар не горшы чым у мінскіх крамах. Да таго ж, пайшчыкі маюць права на скідку — і тады тавар купіць атрымліваецца значна танней, чым у прыватных гандляроў. Ёсць і іншыя цікавыя для пакупнікаў прапановы ад спажывецкага таварыства. Загадчыца магазіна распавядае, што стараецца дасканала ведаць пра кожную рэч, якая прадаецца ў краме: хто вытворца, тэрмін гарантыі, інструкцыю па выкарыстанню і многае іншае, каб у пакупнікоў не ўзнікала праблем, і яны заставаліся шчаслівымі, мелі жаданне зноў штосьці набыць. За два тыдні, як расчыніў дзверы магазін, план тавараабароту перавыканалі на 18 мільёнаў рублёў. Гэта, безумоўна, вельмі радуе прадаўцоў, але не супакойвае: яны ў пошуку новых патэнцыяльных пакупнікоў, новых паслуг.

На здымку злева направа: загадчыца магазіна “Усё для дома” Любоў Уладзіміраўна Заранчук і прадавец Надзея Аляксандраўна Сасноўская.

***

Пяць аўтамагазінаў Чэрвеньскага райпо абслугоўваюць 129 вёсак раёна і 19 садаводчых таварыстваў. Штодзень наведваюць 10-12 населеных пунктаў. Вадзіцелю даводзіцца быць яшчэ і прадаўцом, касірам, грузчыкам, эканамістам… Вядома, клопатна і складана. Але той, хто працуе тут, не любіць скардзіцца. Маўляў, трэба ж завозіць людзям прадукты харчавання ці які іншы неабходны тавар у маленькую вёсачку. Добразычлівыя, яны і машыну прыпыняць па патрабаванню ля дома інваліда, і паднясуць бабулі цяжкі пакунак… Словам, стараюцца дагадзіць пакупнікам. Таму і чуюць часта шчырае: “Вялікі дзякуй!”

На здымку вадзіцелі-прадаўцы Аляксандр Васільевіч Цалко, Аляксандр Васільевіч Мажутка, прадавец Аляксандр Аляксандравіч Сакалоўскі і вядучы таваразнаўца гандлёва-вытворчага аддзела Анжэла Аляксандраўна Ліхадзіеўская.

***

Палюбілі ў Рудні маладога прадаўца Дар’ю Уладзіміраўну Толкач (на здымку). Яна заўжды ветліва, з прыемнай усмешкай вітае наведвальнікаў крамы. І абслугоўвае пакупнікоў з задавальненнем.

Пасля школы пайшла Дар’я на курсы прадаўцоў, працавала ў Чарнаве, Зелянках, Барсуках, атрымала высокі пяты прафесійны разрад. Праўда, марыла стаць юрыстам і нават закончыла завочна аграрна-эканамічны каледж па юрыдычнай спецыяльнасці. Аднак зразумела, што сапраўднае яе прызванне — гандаль. Падабаецца ёй мець зносіны са шчырымі і сардэчнымі вяскоўцамі, радуецца разам з тымі, хто задаволены набытымі пакупкамі. А гэтую любоў і адданасць прафесіі пераняла ад сваіх самых першых настаўнікаў — вопытных прадаўцоў, якіх зараз узгадвае з вялікай удзячнасцю. І найперш душэўную і зычлівую Таццяну Вадзімаўну Долбіч — загадчыцу магазіна ў Чарнаве, вельмі паважаную ў Зелянках загадчыцу тамтэйшай крамы Людмілу Платонаўну Ганчарову. Ды і цяпер ёсць з каго браць прыклад. Шмат чаму можна навучыцца ў вопытнай загадчыцы Галіны Мікалаеўны Бурай. Яна пачынала свой працоўны шлях у 1975 годзе тут, у Рудні, адсюль і на пенсію пайшла, але працягвае працаваць. Галоўны прынцып, якога прытрымліваецца Галіна Мікалаеўна такі: “Калі завітаў чалавек у магазін, значыць, намеціў нешта набыць. І трэба дапамагчы ў гэтым, каб без пакупкі не заставаўся”. Таму і распытае, і параіць…

Дарэчы, у Галіны Мікалаеўны падрастае ўнучка Кацюша, якая на канікулах любіць прыбягаць у магазін і дапамагаць у рабоце. То сшыткі прыгожа раскладзе на паліцы, то альбомы… Значыць, падабаецца бабуліна прафесія. Хто ведае, можа таксама звяжа свой лёс з гандлем.

На здымку:

выконваючая абавязкі Натальеўскага рознічна-гандлёвага ўчастка Марына Ўладзіміраўна Шумянкова (злева) і Галіна Мікалаеўна Бурая.

***

Своечасовае забеспячэнне спажывецкіх крамаў таварамі немагчыма без дакладнай работы транспарту. Гэтае падраздзяленне райспажыўтаварыства ўжо больш дваццаці гадоў узначальвае Аляксандр Сцяпанавіч Дыбаль (на здымку ў цэнтры). Сам адказны ў рабоце, ён і калектыў фарміруе з надзейных людзей. “Большасць вадзіцеляў у нас маюць ужо багаты вопыт, сярэдні працоўны стаж — да 20 гадоў, — распавядае Аляксандр Сцяпанавіч. — Прыходзяць да нас і юнакі пасля службы ў войску, вучэбна-вытворчага камбіната… Стараемся ім перадаць набыты вопыт, навучыць усяму, што ведаем самі”.

У транспартным аддзеле райспажыўтаварыства 49 грузавых, легкавых, спецыяльных аўтамабіляў. Штодзённы сярэдні прабег адной машыны — больш 150 кіламетраў. Начальнік транспартнага аддзела распавядае, што калісьці камандзіроўкі былі па ўсім Савецкім Саюзе, а цяпер у асноўным па Беларусі, так што ездзіць асабліва далёка не даводзіцца — усе дарогі добра вядомыя. Напярэдадні прафесійнага свята ён перадае самыя найлепшыя віншаванні свайму дружнаму калектыву, жадае дарог лёгкіх, прыемных, каб праца прыносіла задавальненне.

***

Марына Пятроўна Сямёнава (на здымку) выконвае абавязкі начальніка Чэрвеньскага рознічна-гандлёвага ўчастка. Пад яе “апекай” 22 магазіны. Працы шмат, але добрымі памочнікамі ў яе загадчыкі магазінаў — часцей за ўсё вопытныя і адданыя справе работнікі. Марына Пятроўна закончыла Смілавіцкае вучылішча, а зараз павышае свой прафесійны ўзровень у Мінскім гандлёвым каледжы, дзе вучыцца завочна.

***

Без брыгады будаўніча-тэхнічнага ўчастка ў райспажыўтаварыстве не абысціся. Калі трэба рэканструяваць магазін або адрамантаваць, задачу ўскладваюць на іх, майстроў у гэтай справе. Узначальвае калектыў Андрэй Анатольевіч Тарасік (на здымку крайні справа). Ён задаволены працай сваіх падначаленых. Заўважае, што тон у рабоце задаюць найбольш вопытныя і спрактыкаваныя, сярод якіх Генадзь Аляксандравіч Вернікоўскі і Анатоль Аляксандравіч Касцевіч.

Зараз брыгада пераважна працуе ў Смілавічах, рамантуе “Чабурэчную”.

***

У кожнай з іх, спецыялістаў райспажыўтаварыства, Алы Уладзіміраўны Ашэйчык, Надзеі Іванаўны Паплуцінай, Святланы Валянцінаўны Бяжан, Надзеі Сяргееўны Косаравай, Маі Барысаўны Комікавай (на здымку злева направа), свае службовыя абавязкія. Хтосьці больш мае справу з дакументацыяй і лічбамі, а хтосьці — з людзьмі, іх клопатамі і праблемамі. Аднак аб’ядноўвае ўсіх бездакорнае выкананне гэтых няпростых абавязкаў, шматгадовая адданасць рабоце, высокі прафесіяналізм і адказнасць. Кіраўніцтва райспажыўтаварыства задаволена такім іх стаўленнем да штодзённай працы, бо ў агульным узаемапаразуменні лягчэй паспяхова спраўляцца з пастаўленай перад калектывам задачай.

***

Задаволены вяскоўцы магазінам “Родны кут” у Новых Зелянках: і выбар тавару тут добры, і прадаўцы спагадлівыя, чуллівыя. Невыпадкова месячны тавараабарот гэтай крамы прыблізіўся да 500 мільёнаў рублёў, а загадчыца магазіна Людміла Платонаўна Ганчарова па выніках работы 2012 года прызнана лепшым прадаўцом Чэрвеньскага раёна. На здымку яна злева разам з прадаўцом Тамарай Аляксандраўнай Раманюк.

***

Начальнік аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства Таццяна Міхайлаўна Няхай любіць па службовых справах наведвацца ў прыдарожнае кафэ ў Натальеўску. Тут пасля рэканструкцыі стала вельмі прыгожа, утульна, што ацанілі наведвальнікі. Больш таго — меню прыцягвае ўвагу разнастайнасцю страў і памяркоўным коштам. А хто паабедаў хоць раз, не ўпусціць шанцу завітаць сюды зноў. Усё смачнае, свежае. І ў дарогу штосьці можна прыкупіць.

Важна падтрымліваць такі імідж, каб добрая слава разносілася паўсюдна. Таму Таццяна Міхайлаўна пастаянна цікавіцца тут вытворчымі пытаннямі, аператыўна дапамагае вырашаць надзённыя задачы. Сама яна не навічок у кааперацыі, працуе ужо больш як 30 гадоў. Калегі па рабоце яе цэняць, паважаюць за прафесіяналізм і адказнасць. Таццяна Міхайлаўна любіць сваю справу і стараецца, каб усё ладзілася як найлепей. Ганарыцца і адданымі абранай спецыяльнасці людзьмі, з якімі разам працуе.

***

У работнікаў убойнага цэха райспажыўтаварыства Васіля Аляксандравіча Шута, Галіны Аляксандраўны Манулік, Сяргея Віктаравіча Усціненкі, Вольгі Леанідаўны Зяневіч і ветэрынарнага ўрача Пятра Пятровіча Калтовіча (на здымку) вялікі працоўны стаж. Так, у грузчыка Галіны Аляксандраўны ён ажно 40 гадоў, у галоўнага бухгалтара Вольгі Леанідаўны — 32. Яны добрыя спецыялісты, паважаныя ў калектыве.

Амаль штодзень праз гэты цэх праходзіць пятнаццаць свіней і дванаццаць — буйной рагатай жывёлы. Затым мяса адпраўляюць на перапрацоўку, на склад, адтуль яно трапляе ў гандлёвую сетку. А яшчэ пастаўляюць у дзіцячыя садкі, бальніцы, іншыя закрытыя ўстановы. Закупляе чэрвеньскую свініну і ялавічыну Маладзечанскі харчовы камбінат.

Працаўнікі цэха аказваюць паслугі насельніцтву па забою жывёлы. Зусім нядаўна гэта было вельмі актуальна для мясцовых жыхароў і прадпрымальнікаў, хоць і клопатна было гаспадарам дастаўляць сюды свіней, кароў ці бычкоў. Тут сваю справу выконваюць работнікі цэха прафесійна, хутка, бездакорна, што здымае з уласнікаў вырашэнне многіх пытанняў.

***

Упадабалі пакупнікі магазін-кулінарыю “Хозяюшка”, які знаходзіцца ў Чэрвені на вуліцы Барыкіна. Ахвотна заходзяць сюды жыхары мікрараёна, прыезджыя, якія наведваюцца ў бальніцу… Тут прапануюць разнастайную смачную і свежую прадукцыю ўласнага вырабу. Сучасная параканвектарная печка дазваляе пастаянна выпякаць піражкі, булачкі, пячэнне, сухарыкі, дражжавыя вінцікі і іншыя ласункі. Абслугоўвае яе кандытар пятага разраду з 30-гадовым стажам Наталля Канстанцінаўна Аўтуховіч.

— Пакупнікоў шмат — круцімся, як вавёркі ў коле, — з задавальненнем заўважае загадчыца Вольга Віктараўна Васілеўская. — Да абеду працуем удваіх, а пасля абеду абслугоўвае хтосьці адзін. Ужо добра вывучылі сваіх пакупнікоў, нават можам здагадацца, хто што набудзе. Асабліва шмат людзей заходзіць да нас у панядзелак. У сераду і нядзелю — значна менш.

План тавараабароту магазіна — больш за 200 мільёнаў. І ён амаль заўжды выконваецца, нягледзячы на тое, што побач шмат прыватных гандлёвых крамаў. У гэтым найперш заслуга работніц, якія стараюцца задаволіць попыт кожнага пакупніка, заахвоціць адметнымі ўласнымі вырабамі, заваяваць давер.

На здымку: прадавец Святлана Уладзіміраўна Гамеза, загадчыца вытворчасцю аб’яднання грамадскага харчавання Наталля Уладзіміраўна Брунеўская, загадчыца магазіна-кулінарыі Вольга Віктараўна Васілеўская і кандытар Наталля Канстанцінаўна Аўтуховіч.

***

Каля 500 кілаграмаў мясной прадукцыі праходзіць кожны дзень праз працавітыя рукі фармаўшчыка каўбасных вырабаў Алены Фёдараўны Марчанка (на здымку). Кожную аперацыю за пяць гадоў навучылася тут выконваць амаль аўтаматычна. Напрыклад, той жа кумпячок для вэнджання — зашпрыцаваць расолам, які сама гатуе, завязаць, павесіць. І далей — наступны, наступны…

Задача ў Алены Анатольеўны Кулаліевай (на здымку) — прыгатаваць з мяса фарш па рэцэпту. Ён па свайму складу розны, бо прызначаны як для розных гатункаў каўбасы, так і для продажу паўфабрыкатам насельніцтву. Алена Анатольеўна, фаршаскладальнік, запэўнівае, што прадукцыя, якую яна вырабляе, добрай якасці.

Каўбасны цэх спажыўтаварыства ўзначальвае Паліна Іванаўна Навіцкая, аператарам капцільнай устаноўкі працуе Генадзь Іванавіч Крук (на здымку). Кожны з іх у кааперацыі больш за дваццаць гадоў.

Тут у месяц вырабляюць пяць і болей тон каўбасы і прыкладна столькі ж паўфабрыкатаў. Гэтая прадукцыя не залежваецца на прылаўках магазінаў. Радуе, што работнікі, дбаючы пра пакупнікоў, улічваючы іх пажаданні, попыт, укараняюць новыя гатункі каўбас. Нядаўна, напрыклад, у продажы з’явілася каўбаса з мяса птушкі — варана-вэнджаны сервелат “Заслаўльскі” вышэйшага гатунку. Па рэцэпту ў ім 65 працэнтаў філе курынага і 35 — шпіку. Тут няма соі ці нейкіх іншых дабавак, а таму пакупнікі станоўча ацанілі такую каўбасу і ахвотна набываюць.

***

Не кожнай вёсцы так шанцуе на загадчыка магазіна, як Заполлю. Тут пятнаццаць гадоў узначальвае калектыў прадаўцоў Галіна Мікалаеўна Мацэвіч — шчырая і адкрытая да людзей, спрактываная і мудрая ў жыцці, улюбёная ў справу, працавітая і адказная. У свой час яна закончыла гандлёвы тэхнікум у Мінску, працавала ў Заводскім раёне сталіцы дваццаць гадоў, пакуль не змяніліся сямейныя абставіны. Абслугоўваць вясковых пакупнікоў ёй падабаецца, кажа: яны добразычлівыя і душэўныя. Зрэшты, характар такі ў Галіны Мікалаеўны, што любіць яна людзей і стараецца ім ва ўсім дапамагаць. Асабліва дзецям і старэйшага ўзросту жыхарам.

Павітаўшыся, не праміне пацікавіцца: “А як вашы справы, як здароўіца?”

І цікавую навіну паведаміць. Ну і, само-сабой, раскажа, што новага завезлі ў магазін, які лепш прадукт выбраць.

Галіна Мікалаеўна нават на работу прыходзіць крыху раней рабочага распарадку, каб загаддзя сустрэць машыну са свежым хлебам ды прыняць яго для сваіх пакупнікоў. Як аб родных клапоціцца яна аб вяскоўцах. Сэрцам навучылася адчуваць, які тавар каму спатрэбіцца.

Узгадвае, як адна бабуля распавядала, што яе малы ўнук сказаў: купляць марожанае ці цукеркі пабяжыць толькі сюды, бо тут да яго адносяцца як да дарослага, заўжды вітаюцца, а ў іншых крамах — не.

Два разы на тыдзень заказвае загадчыца машыну ў райспажыўтаварыстве, каб завезці тавары дачнікам у садовае таварыства “Волат”. Там надта хутка ўсё раскупляюць. А старшыня садовага таварыства запрашае: часцей прыязджайце. Маўляў, падабаецца і асартымент тавараў, і якасць абслугоўвання.

Прыемна, калі заўважаюць працу, старанне, сардэчна дзякуюць.

— Мы шчыра, уважліва ставімся да кожнага. Калі не аказалася чагосьці ў продажы, бяром заказы, — зазначае Галіна Мікалаеўна. Пра сваю працу, пакупнікоў яна можа гаварыць узнёсла і бясконца. Бо адчувае сапраўднае задавальненне ад служэння людзям і іх удзячнасці. Пры такім зацікаўленым стаўленні да справы планавыя паказчыкі выконваюцца і перавыконваюцца.

Працоўны калектыў Запольскага магазіна №79 лічыцца адным з лепшых у нашым раёне.

На здымку:

прадавец пятага разрада Лідзія Іванаўна Каробачка, начальнік Смілавіцкага рознічна-гандлёвага прадпрыемства Анастасія Сяргееўна Задзіран, прадавец другога разрада Галіна Іванаўна Гулевіч і загадчыца магазіна Галіна Мікалаеўна Мацэвіч.

***

Юная Аня Адамовіч любіць прыходзіць за пакупкамі ў магазін №28 па вуліцы Кастрычніцкай у Чэрвені: непадалёк ад дому, прадаўцы ветлівыя, а прадукты заўжды свежыя, і выбраць ёсць з чаго. Задаволена заўсміхалася, калі трапіла ў аб’ектыў фотаапарата. А абслужыла Аню на гэты раз сама загадчыца Наталля Віктараўна Швайко: хуценька прынесла з халадзільніка малако, запытала, ці не мае яшчэ ў чым дзяўчынка патрэбу, разлічыла.

У магазіне ўсяго дзве работніцы: акрамя загадчыцы, прадаўцом працуе Анжэла Уладзіміраўна Ляшчун. Паміж жанчынамі ўсталяваліся добрыя працоўныя стасункі, узаемавыручка і разуменне. Гэта спрыяе паспяховай рабоце. У маі план па тавараабароту перавыканалі на 20 мільёнаў рублёў. Ахвотна робяць пакупкі не толькі жыхары навакольных вуліц Базавая, Някрасава, Кастрычніцкая, пасёлка Мірны, але і той, хто праязджае па аб’язной трасе. Кожнаму тут на радасць знаходзіцца патрэбны тавар.

***

— Наша Лідачка спраўна працуе: і падкажа, што лепш набыць, і падарунак унукам, зяцю ці дачцэ падбярэ, і гасцінец… — з задавальненнем распачынае гаворку пра загадчыцу мясцовага магазіна жыхарка Горак Таццяна Канстанцінаўна Гурына. Яна пастаянна наведваецца сюды за пакупкамі, бо жыве непадалёку крамы. Самой ужо амаль восем дзесяткаў набегла, дзеці жывуць у Чэрвені, Бялынічах, Мінску. Так што гаваркая, спагадлівая і душэўная “Лідачка” ёй як дачка. Любіць Таццяна Канстанцінаўна з ёю паразмаўляць і як работніцай — не нахваліцца.

Лідзія Аляксандраўна Маруга (на здымку) працуе ў райспажыўтаварыстве з 1986 года, вопыт абслугоўвання пакупнікоў мае багаты. Зараз яна ў магазіне ў адной асобе: і загадчыца, і прадавец. Па звестках сельсавета, абслугоўвае прыкладна 420 мясцовых жыхароў — з Горак, Зенанполля, Аляксандраўкі, Клімавага Лога, Перунова Маста… За чатырнаццаць гадоў працы ў гэтым магазіне дакладна вывучыла попыт мясцовага насельніцтва, імкнецца, каб кожны змог зрабіць патрэбную пакупку, зачыняў дзверы крамы ў добрым настроі і не з пустымі рукамі. Не менш 400 тысяч рублёў у месяц пакідае тут кожны вясковы пакупнік.

 

Матэрыялы падрыхтавала Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 

 

 

p



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *