СЯБРУЮЦЬ ДЗЕЦІ З КНІГАМІ І… ЛЯЛЬКАМІ

Общество

Надзвычай утульная, сапраўды хатняя абстаноўка пануе ў Руднянскай сельскай бібліятэцы. Тут можна не толькі пагартаць газеты, часопісы, старонкі кніг, папрацаваць за камп’ютарам, але і адпачыць у цішыні, прывесці ў парадак думкі. Бібліятэка ўжо даўно перастала быць толькі  месцам, дзе можна абмяняць кнігі. Яна шмат дае і дзецям, і дарослым у плане інфармацыйным, развіццёвым, разам са школай ненавязліва выхоўвае юных наведвальнікаў.

Не сакрэт, што апошнім часам цікавасць да кніг у дзяцей і моладзі змяншаецца. Камп’ютар, інтэрнэт, гульні вабяць іх куды больш. І ўсё ж бібліятэкары стараюцца зацікавіць дзяцей, у тым ліку — з дапамогай разнастайных гурткоў, аб’яднанняў, клубаў па інтарэсах…

У бібліятэкара Руднянскай бібліятэкі з 34-гадовым стажам Марыі Мікалаеўны Арцімовіч (на здымку) гэта, відавочна, атрымліваецца. Вось ужо больш за 15 гадоў яна, апрача ўсяго іншага, кіруе тэатрам лялек «Лель». І за гэты час столькі школьнікаў не раз і не два пераўвасабляліся ў казачных герояў! Яны з захапленнем чыталі і абмяркоўвалі сцэнарыі, размяркоўвалі і вучылі ролі, кіравалі лялькамі… Мясцовая дзятва, для якой ладзіліся спектаклі, пазнавала іх найбольш па галасах, бо самі юныя артысты знаходзяцца за шырмай і выходзяць адтуль толькі на паклон. А лялькі, здаецца, жывуць сваім, асобным жыццём…

Зараз Марыя Мікалаеўна стараецца падбіраць у рэпертуар казкі са звыклай назвай — «Калабок», «Церамок», але — на новы лад. Часцей за ўсё гэта казкі ў вершах, што захапляе як самадзейных артыстаў, так і гледачоў. Вось толькі колькасць лялек-герояў у бібліятэцы — абмежаваная, і гэта стварае пэўныя цяжкасці з выбарам казак. Некаторых, напрыклад, Ваўка, даводзіцца браць напракат у Чэрвеньскай бібліятэцы. Але, тым не менш, лялечны тэатр не толькі існуе, але і развіваецца.

Яго цяперашнія ўдзельнікі — Ягор Толкач, Каця Зыль, Саша Чарапахін, Юля Жыгімонт (на здымку). Па словах Марыі Мікалаеўны, асабліва таленавітая Юля — любога можа замяніць. Вось толькі растуць дзеці, некаторым ужо і шырма нізкаватая. Таму ў новым навучальным годзе бібліятэкар плануе запрасіць у гурток і новых удзельнікаў, каб разам радаваць выхаванцаў дзіцячага садка і малодшых школьнікаў адмысловымі лялечнымі спектаклямі і прыахвочваць іх да чытання…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *