«ВОЛЬНЫЯ АД ДЗЯЦЕЙ» — ЛАД ЖЫЦЦЯ ЦІ ПРАЯВА ЭГАІЗМУ?

Общество

Нядаўна я прачытала ў часопісе матэрыял пра рух «чайлдфры» — пра людзей, якія добраахвотна адмаўляюцца мець дзяцей. Мяне, маці траіх, гэты допіс прымусіў задумацца пра тое, як можна пражыць жыццё па-іншаму — не хвалявацца, не клапаціцца, не несці адказнасць ні за каго, акрамя сябе?!

У жыцці жанчыны існуе не вельмі працяглы адрэзак часу, калі яна можа стаць маці, — дзесьці каля дваццаці гадоў. Але на гэты ж перыяд прыпадае магчымасць зрабіць кар’еру, пажыць для сябе, карыстаючыся тым, што прырода менавіта цяпер надзяліла жанчын квітнеючым выглядам, прывабнай знешнасцю… І вось некаторыя жанчыны адкладваюць мацярынства на потым. А ў выніку яно можа не наступіць ніколі…

Дарэчы, сярод чайлдфры знаходзіцца таксама нямала мужчын. Хацелася б пачуць погляд нашых прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва на гэтую з’яву. А я хачу выказаць свае думкі.

На мой погляд, жанчыны, вольныя ад дзяцей, нагадваюць матылькоў, што пырхаюць па жыцці, успрымаючы яго, як свята. Ім лёгка даецца ўсё: поспехі на працы, бо яны могуць не лічыцца з часам, не адрывацца ад яе на бальнічныя пры хваробах дзяцей… Іх цэняць, кар’ера ідзе ўгору. Але ж мінае час, і на змену ўсё роўна прыйдуць маладзейшыя, больш сучасныя, граматныя і крэатыўныя…

Жанчыны без дзяцей больш часу могуць бавіць у прыемных кампаніях, падчас становячыся іх душой. Але ж, зноў-такі, у сталым узросце не заўсёды можна дазволіць сабе безаглядныя ўчынкі і весялосць, каб не трапіць у няёмкае ці смешнае становішча. Ды і сяброў з цягам часу становіцца ўсё менш. Хтосьці стараецца часцей бавіць час са сваімі дзецьмі і ўнукамі, хтосьці хварэе, а хто і наогул пайшоў з жыцця…

Шчасце мець побач тых, хто будзе любіць нас без усялякіх умоў, не за знешнюю прывабнасць ці вясёлы характар, і рознымі — старымі, хворымі… Гэта нашы дзеці.

Дарэчы, большасць жанчын з поспехам сумяшчаюць паўнацэнную сям’ю з працоўнымі дасягненнямі. І тут мне хочацца прывесці такі прыклад. Нядаўна ў часопісе «Алеся» быў надрукаваны матэрыял пра нашу зямлячку Ніну Вікенцьеўну Жалязнову. Многія на Чэрвеньшчыне ведаюць гэтую жанчыну (на здымку). Пашчасціла і мне сустракацца з ёю.

Мала сказаць, што яна проста іскрыцца абаяльнасцю, святлом, добразычлівасцю. Вось хто можа даць сто ачкоў нейкім незразумелым чайлдфры! Акрамя таго, што выгадавала з мужам Алегам Анатольевічам траіх цудоўных сыноў, яна змагла дасягнуць высокіх поспехаў на працы. Я ўпэўнена: якую б пасаду яна ні займала, заўсёды застанецца Жанчынай з вялікай літары, не згубіўшы прыязных адносінаў да людзей. Для многіх Ніна Вікенцьеўна з’яўляецца прыкладам для пераймання. Дай Бог ёй здароўя на многія гады!

На шчасце, у Беларусі рух чайлдфры не атрымаў шырокага распаўсюджвання. Але непакоіць тое, што многія бацькі, маючы матэрыяльную магчымасць, хочуць забяспечыць сваім дзецям за грошы тое, чаго трэба дабівацца руплівай працай, стараннем. Ці не вырастуць людзі, не гатовыя дарыць цяпло, клопат сваім блізкім? Ці не павялічыцца з гадамі, дзякуючы руху «вольныя ад дзяцей», колькасць прытулкаў для састарэлых? Бо не ўсе сённяшнія чайлдфры, як Како Шанэль ці Грэта Гарбо, сваім талентам забяспечаць сабе нябедную старасць. А вось цяжар па ўтрыманні такіх прытулкаў ляжа на плечы нашых дзяцей, якіх нарадзілі жанчыны, не зважаючы на крызісы і праблемы. Бо ніхто не адмяняў мацярынскі інстынкт, што прыдумала прырода.

Заўважу, што для многіх жанчын, якія не могуць стаць маці, нягледзячы на вялікае жаданне, адсутнасць магчымасці нарадзіць становіцца сапраўднай трагедыяй. Многія гады яны змагаюцца за магчымасць пазнаць найвялікшае шчасце мацярынства. І камусьці з дапамогай найноўшых дасягненняў медыцыны гэта, у рэшце рэшт, удаецца…

Напрыканцы хацелася б запрасіць вас, паважаныя чытачы, выказаць свае думкі па тэме: «Вольныя ад дзяцей» — гэта лад жыцця ці праява людскога эгаізму?»

Таццяна ЗАБАЎСКАЯ, г.п.Смілавічы

Фота Святланы АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *